27‑гадовая беларуска без дзяцей ідзе на стэрылізацыю — і вось чаму ёй можна
Саша Васілёк жыве з шызафрэніяй і раздваеннем асобы, дае рады праявам хвароб і вядзе пра гэта блог. Днямі дзяўчына расказала падпісчыкам, што рашыла пайсці на стэрылізацыю, каб ніколі не мець дзяцей. Паводле беларускіх законаў, яна мае на гэта ўсе правы.

Саша нарадзілася ў Мінску, але апошнія гады жыве ў Расіі. Дзяўчына вядомая сваімі блогамі пра ментальнае здароўе, дзе яна расказвае пра жыццё з шызафрэніяй і раздваеннем асобы, дзеліцца праблемамі і вучыць працы з сацсеткамі. У яе добра атрымліваецца: толькі ў інстаграме на Сашу падпісаныя 85 тысяч падпісчыкаў, і яе часта запрашаюць у іншыя блогі, каб паслухаць яе гісторыю.
Дыягназ паранаідальнай шызафрэніі Сашы паставілі, калі ёй было 15 гадоў. І нядаўна беларуска прызналася падпісчыкам, што прыкладна з таго самага часу яна пачала задумвацца пра стэрылізацыю, то-бок перавязку матачных труб.
Гэты радыкальны спосаб кантрацэпцыі паніжае шанс на цяжарнасць да ўзроўню выключэнняў. Звычайна, каб атрымаць на яе дазвол у Беларусі, жанчына мусіць мець не менш за дваіх дзяцей ці быць не малодшай за 35 гадоў.
Але ёсць хваробы, якія даюць магчымасць абысці тыя патрабаванні. Паводле пастановы Мінздрава №89, гэта датычыць любых анкалагічных хвароб, наяўнасці трансплантаваных органаў і некаторых іншых дыягназаў. Сярод іх і шызафрэнія, і Саша хоча скарыстацца гэтай магчымасцю.
Жанчыны з шызафрэніяй могуць быць добрымі мамамі, але гэта складаная задача і для самой жанчыны, і для яе доктара і блізкіх. Цяжарнасць і роды могуць дэстабілізаваць нават псіхічна здаровую жанчыну, не кажучы пра тых, хто мае складаныя псіхіятрычныя дыягназы. Большасць псіхіятрычных лекаў рызыкоўныя для плода. Акрамя гэтага, схільнасць да шызафрэніі перадаецца генетычна — гэта дадатковыя 10% рызыкі.
Пакуль Саша запісалася на першасную кансультацыю — хоча высветліць, што ёй трэба, каб трапіць на аперацыю. А заадно і расказала пра планы сваім падпісчыкам, і яе зразумелі не ўсе.
Хаця дзяўчына не хавае цяжкія дыягназы, некаторыя падпісчыкі лічаць, што яе рашэнне — проста блазнота:
«Сумна, калі людзі адмаўляюцца ад дзяцей праз тое, што баяцца перадаць пэўныя гены».
«Прэзерватываў не спрабавалі? Ужо не ведаеце, чым увагу прыцягнуць».
«Шкада, твае гены паспрыялі б развіццю генафонду людзей у далейшым».
Некаторыя падпісчыкі наадварот хваляць Сашу — маўляў, яна вельмі адказная, бо ўлічвае рызыкі цяжарнасці з яе хваробамі. Саша, аднак, запэўнівае, што справа не ў рызыках. Яна проста не хоча нараджаць, а яе дыягназ проста дае ёй зручную магчымасць атрымаць стэрылізацыю да 35 гадоў.
Саша запісала рылз, дзе адказала на некаторыя каментары карыстальнікаў. Вось што яна кажа тым, хто думае, што яна потым можа пашкадаваць пра аперацыю:
«А раптам я нараджу і пашкадую? А раптам цяжарнасць выкліча ў мяне псіхоз і я выйду разам з дзіцём у акно?»
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары