«У мяне толькі адна мара — вярнуць свайго Дзімку». Маці былога палітвязня Дзмітрыя Гопты расказвае пра новую бяду сына. І просіць замаўляць у яе больш тортаў, каб справіцца
Калі ў 2020 годзе 21‑гадовага Дзмітрыя Гопту, хлопца з разумовай адсталасцю, асудзілі на два гады калоніі, яго маці думала, што гэта будзе самае цяжкае выпрабаванне ў іх жыцці. Але пасля вызвалення сына чакала яшчэ адна барацьба — ужо з наркатычнай залежнасцю. Сёння Вольга збірае грошы на яго рэабілітацыю, працуе кандытаркай, дапамагае іншым былым палітвязням і працягвае рабіць тое, чым жыве шмат гадоў, — ратаваць свайго Дзімку.

Вольга Гопта сустракае на тэрасе кавярні, за некалькі хвілін хады ад Старога горада Вільні. Лёгкая сукенка, шырокая ўсмешка, акуратны макіяж. Калі б не ведаць яе гісторыі, наўрад ці здагадаешся, што апошнія шэсць гадоў яе жыццё складаецца з судоў, калоніі, эміграцыі, рэабілітацыі сына і пастаяннай барацьбы за тое, каб ён проста жыў.
Вольга лёгка жартуе. Калі яна гаворыць пра тарты, у вачах з'яўляецца дзіцячы азарт. Калі пра сына — голас робіцца цішэйшы.
Большую частку жыцця Вольга прапрацавала ў «Беларусьхлебе» у Жлобіне. Спачатку займалася хлебам і булачкамі, пасля асвоіла кандытарскую справу. Цяпер пячэ тарты ў Вільні — у адной з мясцовых крамаў, а ў вольны час прымае прыватныя замовы. Кажа, што гэта яе спосаб адпачыць.
— Калі прыходжу дадому стомленая і пачынаю нешта пячы — гэта мой рэлакс. Асабліва калі можна прыдумаць нешта новае.
Тэлефон Вольгі — сапраўднае партфоліа. Яна гартае фатаграфіі хутка, нібы крыху саромеецца сваёй працы. Вось гэта ёгуртавы торт, рэцэпт якога яна прыдумала сама. Вось мерэнгавы рулет. Вось канэле — «ад магазінных не адрозніш, толькі форма крышку меншая».
— Зараз у мяне ў галаве ўжо новы торт нараджаецца, — усміхаецца яна. — Я ўжо прыдумала галоўную разыначку. Цяпер думаю, з чым яе лепш спалучыць. Можна так зрабіць, можна інакш. Гэта ж самае цікавае — эксперыментаваць. Але я зусім не ўмею гэта прасоўваць, рэкламаваць сябе ў інстаграме.
Пазней Вольга прызнаецца: хацелася б, каб заказаў стала больш.
— Шчыра? Мне б хацелася, каб было больш замоваў на тарты. Тады, можа, і не спатрэбілася б збіраць сродкі на рэабілітацыю сына…
Сёння Вольга збірае грошы на рэабілітацыю свайго 27‑гадовага сына Дзмітрыя. Былы палітвязень мае прыроджаныя асаблівасці псіхічнага развіцця. Хоць па пашпарце ён ужо дарослы, эмацыйна і псіхалагічна, па словах маці, ён толькі цяпер перажывае свой «падлеткавы ўзрост» — вельмі даверлівы, эмацыйны і лёгка паддаецца чужому ўплыву. Пасля вызвалення з калоніі і пераезду ў Вільню гэтай уразлівасцю скарысталіся людзі, якія ўцягнулі яго ў наркатычную залежнасць. Цяпер Дзмітрый праходзіць гадавую праграму рэабілітацыі, а Вольга спрабуе сабраць сродкі, каб ён змог прайсці яе да канца.
Падтрымаць сям'ю Гоптаў можна па спасылцы.

«Самым цяжкім было прыняць, што маё дзіця адрозніваецца ад іншых»
— Дзімка вельмі добры, вельмі ласкавы. І вельмі даверлівы, — апісвае Вольга свайго сына.
Потым усміхаецца.
— Ён лёгка чымсьці захапляецца. Загарыцца новай ідэяй — і ўсё, яму хочацца толькі гэтага. Але гэтаксама хутка і астывае. Сёння хоча адно, заўтра ўжо іншае. Любіць, калі змяняецца абстаноўка. Любіць нешта новае.
Самай яркай падзеяй апошніх гадоў для Дзмітрыя стала паездка ў Грузію ўжо пасля пераезду ў Літву.
— Мы сустрэліся там са сваякамі. І яму так спадабалася ляцець на самалёце! Першы палёт быў, яшчэ калі мы эвакуяваліся, і тады мы абое былі настолькі выматаныя, што мне ўжо было ўсё адно, а ён баяўся. А пасля ўжо сам казаў: «О, ляцім!» Мора яму вельмі спадабалася. Ён быў проста шчаслівы.
Пра сына Вольга гаворыць вельмі мякка. Але калі размова заходзіць пра яго дзяцінства, голас становіцца цішэйшы.
— Ён нарадзіўся ўжо з асаблівасцямі развіцця. Хадзіць пачаў толькі ў паўтара года. Потым былі тры аперацыі на вачах праз прыроджаную касавокасць. Калі мы праходзілі абследаванне, медыкі сказалі: па генетыцы ўсё нармальна. Але, хутчэй за ўсё, сваю ролю адыгралі антыбіётыкі, якія мне давялося прымаць падчас цяжарнасці праз моцны гаймарыт. Я казала, што цяжарная, але доктар сказаў, што нічога страшнага не будзе.
Самым цяжкім было прызнаць, асэнсаваць, што маё дзіця адрозніваецца ад іншых. Дзімка быў у спецыялізаваным садку для дзетак з парушэннем зроку. Потым пайшоў у школу, інтэграваны клас. Пакуль ён быў маленькі, усё спадзявалася: вось зараз дагоніць аднагодак, вось зараз атрымаецца. Але ён моцна адставаў ад усіх, і настаўнікі ўжо пачалі пра гэта казаць. І вось тады прыйшло разуменне, што так, ён сапраўды іншы. Напэўна, менавіта гэта было самым цяжкім — проста прыняць гэта. У Дзімы няма школьнага атэстата, толькі даведка аб заканчэнні школы. Але ён вельмі добры чалавек. Ведаеце, нават занадта добры. Мне заўсёды хацелася, каб ён быў крыху менш даверлівым… Ён вельмі даверлівы. Як дзіця. І, напэўна, гэта заўсёды мяне палохала больш за ўсё. Таму што ёсць людзі, якія гэтым карыстаюцца.

«Я да апошняга не верыла, што сына могуць сапраўды пасадзіць»
28 жніўня 2020 года Вольга была на працы. Спачатку патэлефанавала жонка брата.
— Кажа: «Воля, Дзіму шукае міліцыя». Я спытала: «Навошта?» У мяне ў галаву лезла што заўгодна. Думала, можа, нейкая падлеткавая гісторыя.
Праз некалькі хвілін пазваніла дачка.
— «Мама, Дзіму забралі».
У момант, калі па яго прыйшлі, Дзіма касіў чарот на высахлым возеры каля дома.
Ужо праз некалькі гадзін следчая паведаміла ёй: сына затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах.
— У мяне пачаўся проста істэрычны смех. Я кажу: «Дзе Дзіма, а дзе пратэсты?»
Да сёння яна памятае гэтае адчуванне поўнай нерэальнасці таго, што адбываецца. Абвінавачанне будавалася на прызнальных паказаннях, якія хлопец даў пасля некалькіх гадзін допыту. Падставай стала паведамленне ад знаёмага: «Дзіма, прыходзь на плошчу, будзе вельмі весела».
Да апошняга Вольга не верыла, што сына могуць сапраўды пасадзіць.
— Памятаю, адна знаёмая мне казала: «Воля, збяры яму цёплыя рэчы». А я яшчэ злавалася: «Навошта? Зараз прысуд абвесцяць, і мы проста паедзем дадому».
Але ўсё ж сабрала невялікі пакет, «скрыпячы зубамі».
У дзень абвяшчэння прысуду каля суда ўжо чакалі дзяржаўныя журналісты.
— Я разумела, што яны хочуць зняць, як маці будуць плакаць. Дзіму асудзілі на два гады калоніі. Калі яму надзелі кайданкі… я яшчэ трымалася. Аддала сабраны пакет з рэчамі, правяла яго вачыма. А ўжо калі выйшла з суда і зайшла за будынак… Там была сапраўдная істэрыка.
Вольга на некалькі секунд замаўкае.
— Ведаеце… Мне і цяпер цяжка гэта ўспамінаць. Хочацца ўсё гэта забыць як страшны сон.
Больш за сам прысуд Вольгу палохала іншае — тое, як у калоніі будуць ставіцца да яе сына.
— Я баялася, што людзі не зразумеюць яго асаблівасцяў, што пачнуць здзекавацца, што ён не зможа патлумачыць нешта простае. Пэўныя побытавыя дробязі ведаюць толькі бацькі.
Але здарылася тое, чаго яна зусім не чакала. Некалькі палітвязняў, якія адбывалі пакаранне разам з Дзмітрыем, фактычна ўзялі яго пад сваю апеку.
— Яны апекаваліся ім, падказвалі, дапамагалі. Калі Дзіма доўга не выходзіў на сувязь, праз іншых перадавалі: «Скажыце, што ўсё нармальна». Я дагэтуль ім за ўсё бязмежна ўдзячная!
На кароткія спатканні яны ездзілі рэгулярна. Доўгіх ім так і не дазволілі.
— Нам давалі толькі чатыры гадзіны. Больш — ні разу.
Пісаць пра тое, што адбывалася ў калоніі, Дзмітрый таксама не любіў.
— У лістах усё было вельмі проста: «У мяне ўсё нармальна». І ўсё.
Затое Вольга памятае іншае: колькі людзей тады пісалі яе сыну.
— Яму прыходзіла вельмі шмат лістоў. Мы ў Жлобіне нават зрабілі такую ініцыятыву. Раз на месяц некалькі дзясяткаў чалавек збіраліся разам, падпісвалі паўсотні паштовак і адпраўлялі палітвязням. У нас была серыя «Жлобін з вамі». На кожнай паштоўцы — фотаздымак горада ў розныя поры года. Студзень, люты, сакавік… Мы падпісвалі іх і рассылалі. Сваім — абавязкова. А астатнім — проста выпадковым людзям.
Пазней, пасля пачатку паўнамаштабнай вайны, паштоўкі амаль перасталі даходзіць адрасатам.
«Мама, другі раз я гэтага проста не вытрымаю»
31 снежня 2022 года Вольга прачнулася каля трэцяй гадзіны ночы. Трэба было ехаць у Віцебскую калонію. Менавіта на гэты дзень прызначылі вызваленне Дзмітрыя.
— Я загадзя напісала начальніку калоніі ліст. Прасіла толькі адно: скажыце, калі яго выпусцяць. Ён сам дадому не даедзе, мне трэба забраць яго літаральна з рук у рукі.
Дарога была цяжкай. Калі да калоніі заставалася некалькі кіламетраў, машыну закруціла на лёдзе і выкінула ў кювет.
— Цудам наша машына не перакулілася на дах. Падыходзіць кіроўца фуры: «Усе жывыя? Ну што, будзем выцягваць?» А я гляджу на гадзіннік і разумею: Дзіму могуць выпусціць у любую хвіліну.
Яна выйшла з машыны. У кішэні толькі тэлефон і пачак цыгарэт.
— Кажу: «Рабіце што хочаце, а я пайшла».
Да калоніі яна дайшла пешшу.
— Потым ужо нашы пад'ехалі. Машыну выцягнулі. І мы проста стаялі і чакалі. Калі адчынілася брама і выйшаў Дзімка, я заплакала. Такі маленькі, худзенькі…
Новы год яны сустрэлі праз некалькі гадзін пасля вяртання дадому. Дачка паспела нешта прыгатаваць да свята. Дзмітрый крыху паеў, сеў разам з усімі за стол, дачакаўся Новага года і амаль адразу пайшоў спаць.
— Яму ўжо было не да святаў, — ціха кажа Вольга. — Ён вельмі стаміўся.
На наступны дзень яны пайшлі ў госці да знаёмых. У іх таксама нядаўна вызваліўся сын.
— І вось мы зайшлі ў дом, а Дзіма… Ён проста ўвесь час азіраўся. Усяго палохаўся. Потым і на вуліцы так было. Ён вельмі баяўся людзей.
Вольга не можа сказаць, што калонія цалкам змяніла сына. Хутчэй, яна прымусіла яго закрыцца.
— Дзіма такі чалавек… Яму і раней было цяжка расказваць пра тое, што ўнутры. А пасля калоніі тым больш. Ён вельмі многае проста нібы выключыў з памяці. Пра дрэннае не гаварыў увогуле. Бывала, нешта ўспомніць. Але толькі добрае. Напрыклад, нейкі смешны выпадак, нешта пра хлопцаў. А калі пачынаеш распытваць пра цяжкае, адразу: «Не. Не хачу пра гэта гаварыць». Я больш не пыталася, разумела, што, калі чалавек не хоча ўспамінаць, значыць, яму гэта балюча.
Прайшоў толькі месяц пасля вызвалення, і ў дзверы зноў пастукалі. Не літаральна. Спачатку Дзмітрыя пачалі выклікаць у Следчы камітэт.
— Потым я ўжо зразумела, што справа не ў ім. Ім была патрэбная я, — згадвае Вольга.
Пасля арышту сына Вольга далучылася да валанцёрскай дапамогі палітвязням: насіла перадачы, дапамагала іншым сем'ям, пісала лісты.
Тады ў яе ўпершыню з'явілася думка пра ад'езд.
— Мне патэлефанавалі і спыталі: «Вы думаеце з'язджаць?» Я кажу: «Напэўна, так. Дзіму зноў пачынаюць выклікаць». Праз некалькі гадзін прагучала новае пытанне: «Вы зможаце выехаць цягам сутак?» Я адказала: «А што нам яшчэ рабіць?»
18 студзеня 2023 года яны выехалі з Беларусі. 20‑га ўжо былі ў Вільні.
Перад ад'ездам Вольга доўга размаўляла з сынам.
— Я сказала яму: «Дзіма, ты разумееш, што калі мы цяпер з'едзем, мы можам ужо ніколі не вярнуцца? Ты можаш больш не ўбачыць сваіх родных».
Спачатку ён адказаў: «Не, не».
Памаўчаў. А пасля сказаў фразу, якая ўсё вырашыла: «Мама, другі раз я гэтага проста не вытрымаю».

А нядаўна стала вядома, што беларускія сілавікі зноў прыйшлі з ператрусам у дом Гоптаў у Беларусі ў межах новай крымінальнай справы.
Здавалася, самае страшнае ўжо скончылася, але…
У Вільні Дзмітрый яшчэ доўга жыў нібы паміж двума светамі.
— Першыя месяцы ён нават за парог «Замка» без мяне не выходзіў. Калі трэба было ў краму, кудысьці яшчэ — толькі разам. Яго палохала паліцыя. Бачыць паліцэйскую машыну — і яго аж перасмыквала. З часам стала лягчэй. З'явіліся новыя знаёмыя, ён прывык да горада. Але траўма нікуды не знікла. Мне здаецца, што пасля калоніі ён нібы адрэзаў ад сябе частку жыцця. Ён проста не хоча туды вяртацца.
У Літве Дзіме нарэшце аформілі інваліднасць. У Беларусі гэтага не дазвалялі зрабіць, хоць дыягназаў у яго дастаткова. А тут прайшлі камісію, і яму адразу далі пажыццёвую інваліднасць. Мне нават не трэба цяпер пастаянна вазіць яго на новыя медагляды і нешта даказваць. Тады я ўпершыню падумала: добра, значыць, мы зможам тут жыць.
Здавалася, жыццё нарэшце пачынае ўладкоўвацца. З'явілася праца, сябры, Вольга пачала пячы тарты на замову. Дзмітрый патроху прывыкаў да новай краіны.

Але аднойчы нехта прапанаваў Дзіму паспрабаваць марыхуану. І з гэтага пачалася ўжо іншая барацьба.
— Знайшліся такія хлопцы, якія далі яму паспрабаваць. А потым гэта ўжо ператварылася ў выцягванне грошай. Яны ж разумелі, што ён вельмі даверлівы.
Спачатку сям'я спрабавала справіцца самастойна.
— Мы недзе паўгода змагаліся самі. Ён двойчы ляжаў у бальніцы. Пяць дзён — адпускаюць. Вяртаецца дадому, і ўсё пачынаецца нанова.
Яна ўздыхае.
— Ён не разумеў, што з ім адбываецца. Злаваўся, прасіў, каб мы яго не клалі ў бальніцу. А яму ўжо была патрэбная дапамога.
Паступова паводзіны сына пачалі мяняцца.
— Ён сам па сабе чалавек эмацыйны. Але тут з'явілася сапраўдная агрэсія. Калі яму патрэбныя былі грошы на траўку, ён ужо нічога не бачыў вакол. Патрэбна было толькі адно: атрымаць іх.
Вольга нават звярнулася ў паліцыю — на тых, хто карыстаўся яго станам.
— Я забрала ў Дзімы тэлефон. Адкрыла перапіску з тымі хлопцамі, зрабіла скрыншоты, усё раздрукавала і аднесла ў паліцыю. Потым нам паведамілі, што тых хлопцаў затрымлівалі. Але, сказалі, падчас ператрусу нічога не знайшлі. Хочацца верыць, што хаця б яны цяпер у іх на кантролі. Мне нават няёмка такое казаць, але Дзіма ж не адзін такі. Колькі яшчэ людзей вось так трапляюць?
«Цяпер вяртаецца мой ранейшы Дзімка»
Пераломным момантам стала сустрэча з людзьмі, якія прайшлі праз залежнасць самі. Дзмітрыя ўзялі ў рэабілітацыйны цэнтр, дзе працуюць па праграме «Дванаццаць крокаў». Яна разлічаная на год.
— Калі мы ўпершыню прыехалі туды, я нават усміхнулася. Гэта былая база адпачынку яшчэ з савецкіх часоў. Возера, домікі… Я нават пажартавала: «А што трэба зрабіць, каб сюды самой трапіць?» — усміхаецца Вольга.

Там усё пабудавана на рэжыме і адказнасці. Жыхары самі гатуюць, прыбіраюць, носяць дровы, пілуюць іх. Штодня праходзяць групавыя сустрэчы.
— Праграма крыху рэлігійная. Там ёсць малітвы. Я бачу, як у Дзімы пачынаецца асэнсаванне. Ён ужо кажа: «Я не меў рацыю. Можа, Бог яшчэ дасць мне шанец».
Яна робіць паўзу.
— І вось цяпер… пачынае вяртацца мой ранейшы Дзімка.
Гэтая фраза гучыць амаль шэптам.
— Разумееце… Не палітвязень пасля калоніі. А той мой Дзімка, якога я ведала раней.
Яна ўжо не хавае эмоцый.
— Ён цяпер просіць прабачэння. Кажа: «Мама, прабач за ўсё, што я нарабіў». А я яму адказваю: «Галоўнае, што ты жывеш».
Я перакананая, што праграма працуе. Я бачыла людзей, якія прайшлі яе цалкам. Яны ўжо шмат гадоў жывуць без залежнасці. І таму вельмі хачу, каб Дзіма прайшоў увесь гэты шлях. Не паўгода, не восем месяцаў, а менавіта год. Каб нічога не перарываць.
«Гэта і ёсць самае галоўнае — зрабіць так, каб чалавек перастаў быць адзін»
Сёння Вольга — ментарка ў «Замку», шэлтары для былых палітвязняў і людзей, якія толькі прыехалі ў Літву. Але спачатку яна сама была адной з тых, хто не ведаў, як купіць білет на аўтобус, дзе аформіць дакументы і як увогуле пачаць жыццё наноў.
— Першыя паўгода ў Вільні я думала: Божа, як людзі ўвогуле арыентуюцца ў гэтым горадзе? Мне здавалася, што я ніколі не запомню ўсе гэтыя вуліцы. А цяпер сама каго хочаш правяду, — усміхаецца Вольга.
Менавіта таму, калі ёй прапанавалі стаць ментаркай, яна доўга не думала.
— Я і да гэтага не магла прайсці міма, калі камусьці патрэбна дапамога. Украінкам дапамагала, дзяўчатам нешта падказвала. Потым мне сказалі: «Можаце паспрабаваць сябе ў ментарстве?» Я адказала: «А чаму б і не?»
Адну гісторыю Вольга ўспамінае асабліва ахвотна.
— На маёй працы ў цэх прыйшла новая супрацоўніца, маладая ўкраінка Каця. Я толькі паглядзела на яе і адразу спытала: «Ты ж нядаўна ў Літве?» Яна адказала: «Тыдні тры». «А як вы зразумелі?» — здзівілася дзяўчына. «Па вачах».
Вольга смяецца.
— Гэта цяжка растлумачыць. Але гэты позірк… Вочы вялікія. Разгубленыя. Чалавек яшчэ нічога не разумее. Я добра памятаю сябе такой. І цяпер дапамагаю такім як я. Калі ўзнікаюць новыя сяброўствы, гэта, напэўна, самае прыемнае. Калі бачыш, што людзі, якія яшчэ ўчора былі кожны сам па сабе, пачынаюць сябраваць, падтрымліваць адзін аднаго. І ты разумееш, што яны ўжо не адны.
Яна ненадоўга замаўкае.
— Ведаеце… Магчыма, гэта і ёсць самае галоўнае ў ментарстве. Зрабіць так, каб чалавек перастаў быць адзін.
Пра сябе Вольга гаворыць значна менш, чым пра іншых. Нават калі я пытаюся, ці змяніла яе ўсё перажытае. Яна не задумваецца.
— Вельмі.
— Як?
— Раней мне здавалася, што я многіх рэчаў не вытрымаю. А цяпер… цяпер я ўжо ведаю, што жанчына можа вельмі шмат. Перажыць эміграцыю, зняволенне сына, пераезды, страх, нявызначанасць. Недзе ўнутры проста з'явіўся стрыжань. Канешне, часам стамляешся, хочацца паплакаць, але бярэш сябе ў рукі і крочыш далей.

Часам мне здаецца, што Вольга 2020 года і цяперашняя — гэта два зусім розныя чалавекі. Да 2020 года я ўжо патроху расчароўвалася ў людзях. Здавалася, што кожны сам за сябе. А потым адбыўся жнівень. Палітвязні, чэргі пад ізалятарамі, перадачы. Незнаёмыя людзі, якія раптам сталі сваімі.
Тады я зразумела адну вельмі важную рэч. Людзі ўсё ж умеюць падтрымліваць адзін аднаго. Мы не чужыя. Калі чалавек застаецца адзін — гэта вельмі цяжка. А калі побач з'яўляецца нехта, хто ўжо прайшоў гэты шлях і кажа: «Спачатку зрабі вось гэта, потым вось гэта», — адразу становіцца лягчэй.
«Я мару пра дом з вялікай кухняй»
Сёння жыццё Вольгі падзелена паміж працай, домам і паездкамі да сына. Амаль кожны тыдзень яна едзе ў рэабілітацыйны цэнтр.
— Нешта смачнае зраблю і вязу яму. Ён заўсёды радуецца. Учора тэлефанаваў: «Мама, прыязджай». Сумуе…
Пра дапамогу Вольга папрасіла не адразу.
— Мне сказалі: «Давай зробім большы збор». А я адказвала: «Не. Толькі на пражыванне». Гэта 500 еўра ў месяц. Патрэбна сума на паўгода. Усё астатняе… неяк сама.

Вольга сапраўды спрабуе сама. Працуе, пячэ на замову, купляе сыну лекі, ездзіць да яго.
— Мне б, па шчырасці, вельмі хацелася, каб было проста больш замоваў, а не збораў, — усміхаецца яна.
Напрыканцы я пытаюся, якой яна бачыць будучыню Дзімы. Вольга доўга не думае.
— Каб вярнуўся мой Дзімка. Вельмі добры, ласкавы. Хацелася б, каб побач з ім былі добрыя людзі, з'явіліся сябры. Каб ён больш ніколі не трапляў у дрэнныя кампаніі. Я не хачу яго страціць.
А пра што яна марыць для сябе? Вольга ўсміхаецца.
— Пра дом з вялікай кухняй. Каб можна было пячы тарты, каб людзі прыходзілі. Каб можна было гэтым і жыць, і іншых радаваць.

Каментары
Дзякуй, Божа, за добрых Людзей!