Грамадства11

«Я была ў шоку ад радасці і шчасця». Беларуска 15 гадоў шукала італьянскую сям’ю, у якой жыла дзіцём пасля Чарнобыля

У дзяцінстве Дыяна тройчы ездзіла ў Італію па чарнобыльскай праграме і жыла ў сям’і з горада Бергама. Там яе прымалі як родную, але пасля апошняга запрашэння ў 2003 годзе сувязь абарвалася. Дыяна шукала Джылду, Бернарда і іх дзяцей 15 гадоў. Знайсці італьянскую сям’ю ўдалося ўжо пасля пераезду ў Польшчу. Пра свае пошукі яна расказала выданню Most.

Фота з асабістага архіва гераіні матэрыялу

Адна з найбольшых маіх мар

Дыяна прыехала ў Бергама ў снежні 2025 года. Разам з мужам яна загадзя зняла гатэль на чатыры дні: не хацела нікога непакоіць і не ведала, якой будзе сустрэча праз столькі гадоў з італьянскай сям’ёй. Але калі пра гэта даведалася Джылда, насварылася на яе амаль па-сямейнаму: навошта гатэль, калі ў цябе тут ёсць дом?

Да гэтага моманту Дыяна шукала італьянскую сям’ю каля 15 гадоў.

«Гэта была адна з найбольшых маіх мар — знайсці іх і зноў туды паехаць, — кажа Дыяна. — Калі я апынулася ў Бергама, я проста хадзіла па горадзе і заглыблялася ў дзіцячыя ўспаміны».

Сустрэчу прызначылі на 24 снежня. Дыяна думала, што ў рэстаран прывязуць толькі Джылду. Так ёй спачатку сказаў сын жанчыны і яе мужа Бернарда. Але калі яны з мужам прыйшлі, аказалася, што за сталом сабралася амаль уся сям’я: дзеці, унукі, іншыя сваякі.

Першай да Дыяны падышла Джылда. Яны абняліся, і Дыяна не змагла стрымаць слёз.

«Я плакала ўголас ад лішку пачуццяў», — успамінае яна.

Бернарда да таго часу ўжо не было ў жывых — ён памёр ад анкалагічнага захворвання. На сустрэчы яго таксама ўспаміналі: у сям’і расказалі, што ён памятаў Дыяну. Памяць пра тыя дзіцячыя паездкі захавалася ва ўсіх старэйшых членаў сям’і.

Сустрэча ў Італіі. Скрыншот з асабістага відэа гераіні матэрыялу

У Італію — праз праграму пры санаторнай школе-інтэрнаце ва Уздзе

Дыяна родам з Узды. Пры мясцовай санаторнай школе-інтэрнаце дзейнічала праграма аздараўлення дзяцей, якія пацярпелі ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У межах гэтай праграмы з Беларуссю супрацоўнічаў італьянскі фонд «Дапаможам ім жыць».

Спачатку ў Італію па гэтай праграме з’ездзіла сяброўка Дыяны. Потым, праз некалькі гадоў, італьянцы прыехалі ва Узду ўжо разам з гэтай сяброўкай і паклікалі Дыяну таксама.

Так беларуска ўпершыню трапіла ў сям’ю Джылды і Бернарда. Яны жылі ў Бергама, у іх было трое дзяцей і ўласная мэблевая фабрыка. Гэтая дэталь праз шмат гадоў дапаможа Дыяне ў пошуках: яна памятала, што фабрыка знаходзілася там жа, дзе жыла сям’я.

У 1997—1999 гадах Дыяна лётала да іх тры разы. Гэта былі не летнія канікулы, а асеннія паездкі — прыкладна ў кастрычніку-лістападзе. Кожны раз дзеці заставаліся ў Італіі па два-тры месяцы.

Вучобу на гэты час не спынялі. Для беларускіх дзяцей выдзялялі памяшканне, дзе яны займаліся разам з выхавацелькай-суправаджаючай. Вучыліся на рускай мове, па падручніках, якія прывозілі з сабой з Беларусі. Адзнакі не ставілі: пасля вяртання дзеці проста працягвалі вучобу ў сваёй школе.

«Бралі перакладчыцай да іншых дзяцей»

Першую паездку Дыяна памятае як час, калі многае было незразумелым. Перш за ўсё мова.

«Калі я паехала ўпершыню, я нічога не разумела. Яны спрабавалі размаўляць са мной па-руску, але праз акцэнт я ўсё роўна не разумела», — смяецца яна.

Але ўжо ў другі прыезд Дыяна свабодна размаўляла па-італьянску. Яе нават бралі перакладчыцай да іншых дзяцей, якія жылі ў італьянскіх сем’ях і пакуль не маглі паразумецца самі.

Італія стала для яе не проста краінай, куды адправілі «на аздараўленне». Гэта было месца, дзе яе прынялі як сваю. Джылда гатавала, клапацілася, купляла рэчы. У сям’і дарылі падарункі — адзенне, упрыгажэнні, прысмакі. Аднойчы Дыяне падарылі ровар, але забраць яго ў Беларусь яна не змагла: проста не было магчымасці вывезці.

З Беларусі яна таксама везла падарункі — напрыклад, вырабы з саломы.

Ежа стала асобным дзіцячым уражаннем.

«Гэта была мая ежа, — кажа Дыяна. — Джылда кожны дзень на абед карміла макаронамі. Потым я гадоў з дзесяць іх не ела. Але тое, што ў Італіі толькі макароны, — гэта стэрэатып. Там шмат рысу, морапрадуктаў, іншай ежы».

Бергама. Фота з асабістага архіва гераіні матэрыялу

Апошняе запрашэнне прыйшло ў 2003 годзе

У дзявятым класе Дыяне зноў прыслалі запрашэнне ў Італію. Гэта быў 2003 год. Але паехаць яна не змагла праз хваробу.

Пасля гэтага сувязь паступова абарвалася.

«Калі з’явіліся сацсеткі, я пачала шукаць іх у Facebook і Instagram. Але Джылды там не было. Я шукала менавіта яе і доўга не ведала важнай дэталі: у Італіі жанчыны звычайна не мяняюць прозвішча пасля замужжа. Таму я адразу не здагадалася шукаць яе дачку па тым жа прозвішчы», — кажа Дыяна.

Пісала нават у Google Maps

Каля чатырох гадоў таму, ужо пасля пераезду ў Польшчу, Дыяна зноў загарэлася ідэяй пошуку. З дзяцінства яна памятала не толькі Бергама, але і тое, што мэблевая фабрыка сям’і знаходзілася ў тым жа самым доме, дзе жылі Джылда і Бернарда. Па гэтых успамінах Дыяна знайшла на карце падобнае месца — дом і фабрыку — і спрабавала звязацца праз Google Maps: пакідала там паведамленне з пытаннем, ці ведае хтосьці гэтую сям’ю. Але адказу не атрымала.

Пісала і ў мясцовыя органы Бергама — спадзявалася, што там змогуць падказаць, як знайсці сям’ю. Але і адтуль адказу не было.

Да пошукаў падключыўся муж. Ён пачаў шукаць фабрыку ў сацсетках і знайшоў прадпрыемства з падобнай назвай у Бергама. Аказалася, за гэтыя гады фабрыку перайменавалі. Дыяна напісала ў Instagram фабрыкі.

«Праз гадзіну мне прыйшоў адказ ад Стэфана — унука Бернарда і Джылды. Ён напісаў, што звяжацца са старэйшымі членамі сям’і і перадасць ім мае кантакты», — кажа жанчына.

У гэты момант Дыяна зразумела, што шматгадовыя пошукі нарэшце могуць скончыцца.

«Я была ў шоку ад радасці і шчасця», — успамінае яна.

Неўзабаве на пошту Дыяне прыйшоў ліст ад Сары — малодшай дачкі Джылды. Дыяна адказала, што праз месяц будзе ў Бергама і вельмі хацела б сустрэцца. Сям’я запрасіла яе і мужа на абед у рэстаран.

«Самыя прыгожыя рэчы ў жыцці — не рэчы»

Гэта сустрэча стала для Дыяны вяртаннем у частку жыцця, якую яна лічыла страчанай. За сталом былі людзі, якія памяталі яе маленькай. Сярод іх — Аўрора, унучка Джылды і Бернарда. Калі Дыяна прыязджала ў Італію другі раз, Аўрора толькі нарадзілася. Зараз яны перапісваюцца. Дыяна таксама камунікуе з Сарай.

Джылдзе зараз 73 гады. Дыяна кажа, што яна вельмі жывая, вясёлая і па-ранейшаму прымае яе як родную.

Пасля сустрэчы Дыяне падарылі альбом з фатаграфіямі, дзе яна маленькая, у Італіі, побач з людзьмі, якіх калісьці амаль страціла. Яны гарталі яго разам. Некаторых здымкаў у Дыяны не было — яна ўбачыла іх упершыню ўжо дарослай, праз шмат гадоў пасля тых паездак.

У канцы альбома быў надпіс па-італьянску: «Самыя прыгожыя рэчы ў жыцці — не рэчы. Гэта месцы, людзі, успаміны, усмешкі і эмоцыі…»

Фота з асабістага архіва гераіні матэрыялу

Яшчэ Дыяне падарылі кулон з брыльянтам.

«Гэта была мая мара — знайсці іх, — кажа Дыяна. — І я яе здзейсніла. Гэта сустрэча была незабыўнай».

Зараз Дыяна працягвае камунікаваць з італьянскай сям’ёй. Яны з мужам ужо плануюць новую паездку ў Бергама. Гэтым разам, як прасіла Джылда, хочуць спыніцца ўжо не ў гатэлі, а ў яе дома.

Каментары1

  • Мінак
    02.07.2026
    у мяне падобная гісторыя. я езьдзіў па той самай праграме ў Гішпанію. апошні раз - у 2000 годзе. дзесьці ў 2006 згубіў кантакт. год таму паляцелі зь сям'ёй, я зьняў дом у суседняй вёсцы. знайшоў дом і дзяцей тых людзей, у якіх жыў. сустрэча таксама была вельмі эмацыйнай. гэтым годам ляцім і нічога не здымаем, нам сказалі, што ў любы момант можам прыляцець і жыць, колькі трэба. яны таксама прылятаюць да нас у Польшчу. гэта - мая другая сям'я. і калі б не бюракратычныя забабоны зь міжнароднай абаронай, я б ужо пераехаў і жыў там...

Цяпер чытаюць

Слесар з Оршы бегаў ад войска на радзіме, каб пасля памерці за Пуціна. Перад адпраўкай на забой для яго закацілі дыскатэку з афрыканцамі7

Слесар з Оршы бегаў ад войска на радзіме, каб пасля памерці за Пуціна. Перад адпраўкай на забой для яго закацілі дыскатэку з афрыканцамі

Усе навіны →
Усе навіны

Як часта трэба расчэсваць валасы?

Ці з’явяцца ў Баранавічах вуліцы Лосіка і газеты Intex-press? Даследчыца — пра «забароненую» памяць горада15

Памёр мовазнаўца і дыпламат Пётра Садоўскі7

Колькі часу трэба, каб знаёмы стаў сапраўдным сябрам? Навукоўцы даюць адказ2

У выніку начнога ўдару па Кіеве загінулі 9 чалавек, 46 параненыя8

Англія выйшла ў чвэрцьфінал, удзесяцёх зламаўшы Мексіку3

Нарвегія высадзіла Бразілію з чэмпіянату свету12

Украінскія вайскоўцы назвалі сітуацыю на Краматорскім кірунку «крытычна складанай»6

Зяленскі і Трамп сустрэнуцца на гэтым тыдні

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Слесар з Оршы бегаў ад войска на радзіме, каб пасля памерці за Пуціна. Перад адпраўкай на забой для яго закацілі дыскатэку з афрыканцамі7

Слесар з Оршы бегаў ад войска на радзіме, каб пасля памерці за Пуціна. Перад адпраўкай на забой для яго закацілі дыскатэку з афрыканцамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць