У Гродне прадаюць унікальную кватэру, якой мог бы пазайздросціць Карлсан
Студыя проста на даху шматпавярховіка!

Кватэра месціцца ў прамым сэнсе на даху 11‑павярховага дома. Гэта адзін з трох дамоў, пабудаваных напрыканцы 1990-х, якія ў народзе называюць «дамамі пад сінімі дахамі». У свае часы яны лічыліся ледзь не элітнымі.
«Пад сінімі дахамі» гэтыя дамы называюць праз тое, што ў іх ёсць сінія кавалачкі даху і адмысловыя шпакоўні.

У адной з трох гэтых «шпакоўняў» і прадаюць кватэру.
«З тэрасы бачны ўвесь горад, а ў пагодлівы дзень відаць польскую і літоўскую мяжу», — сказана ў апісанні да аб'екта.

Раней там была майстэрня мастака, але пазней памяшканне перавялі ў жылы фонд, таму пражыванне і, адпаведна, прапіска там цалкам законныя.
Агульная плошча кватэры-студыі — амаль 30 квадратаў. Асноўнае памяшканне мае плошчу 25,8 метра і падзелена на два ўзроўні.

На ніжэйшым узроўні месціцца кухонная зона, а на некалькі прыступак вышэй — спальня-гасцёўная.

Таксама ў кватэры ёсць невялікі санвузел з душавой кабінай і рукамыйнікам.

Апроч гэтага, ёсць зашклёная тэраса, дзе месціцца лесвіца, што вядзе непасрэдна ў кватэру.

Каб дабрацца ў гэтую кватэру, апроч лесвіцы, што на тэрасе, давядзецца падняцца яшчэ на пару пралётаў пасля таго, як вы ўжо выйдзеце з ліфта на апошнім паверсе.
Вышыня столяў у кватэры ад 2,41 да 3,21 метра. З акна тэрасы ёсць выхад наўпрост на дах дома.

Просяць за такую ўнікальную кватэру 200 800 рублёў, што каля $69 тысяч, або $2300 за метр пры сярэдняй цане квадрата па Гродна $1182.

Падобныя памяшканні ёсць на кожным з трох дамоў. На адным з суседніх будынкаў у «шпакоўні» здавалі памяшканне пад офіс.
Каментары