21 жніўня ў сталіцы Беларусі адкрылася пасольства М’янмы. Цырымонія адбылася падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта М’янмы Мін Аун Хлайна, паведамляе БелТА.

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў адкрыццё дыпламатычнай місіі «новай старонкай у гісторыі двухбаковых дыпламатычных адносін». У цырымоніі таксама ўдзельнічаў кіраўнік МЗС М’янмы У Тын Маун Све. Адрас новага пасольства пакуль не паведамляецца.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і М’янмай былі ўсталяваныя 22 верасня 1999 года. Раней М’янма ўваходзіла ў сферу адказнасці беларускага пасольства ў В’етнаме.
Падчас сустрэчы з Мін Аун Хлайнам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь мае ўсе неабходныя тэхналогіі, каб дапамагаць М’янме, навучаць яе спецыялістаў і забяспечваць краіну неабходнымі рэсурсамі.
Лукашэнка і прэзідэнт М’янмы таксама сустракаліся напярэдадні. Пра канкрэтны змест размовы афіцыйна не паведамлялася. Паводле слоў беларускага кіраўніка, яны абмеркавалі пытанні, якія «немагчыма публічна агучыць і абмеркаваць».
20 жніўня ў Мінску прайшоў беларуска-м’янманскі бізнэс-форум. Дэлегацыя М’янмы таксама правяла сустрэчы з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным і кіраўнікамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу — Ігарам Сергеенкам і Наталляй Качанавай. Акрамя таго, была створаная група дружбы для супрацоўніцтва паміж парламентарыямі дзвюх краін.
Каментары