Яна носіць за ім партатыўны прынтар, друкуе паведамленні ў Truth Social і лятае з ім нават сакрэтнымі рэйсамі, пакуль яе з кпінамі называюць «калыханкай для прэзідэнта». 35‑гадовая Наталі Харп — былая анкапацыентка, якую, паводле яе заявы, выратаваў Трамп — ператварылася ў самую набліжаную да лідара ЗША фігуру.

У апошнія гады мала хто з атачэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з'яўляўся побач з ім так жа часта, як яго асістэнтка, 35‑гадовая Наталі Харп, піша ВВС.
Наталі Харп — адна з даўніх і самых адданых памочніц Трампа.
На гэтым тыдні яна зноў апынулася ў цэнтры ўвагі праз заявы апанента Трампа, сенатара-дэмакрата ад Джорджыі Джона Осафа. Палітык абрынуўся на Трампа з новай порцыяй крытыкі і згадаў Наталі Харп у сваёй прамове, якая шырока разышлася ў сацсетках.
Крытыкуючы прэзідэнта, Осаф заявіў:
«Ён [Трамп] не хоча выконваць сваю працу. Ён хоча будаваць сваю бальную залу і падарожнічаць з Наталі на іх, судзячы з усяго, зусім безабаронным лятучым палацы, падараваным эмірам Катара».
Сенатар меў на ўвазе новы прэзідэнцкі самалёт Air Force One («Борт нумар адзін»), а таксама паведамленні журналістаў пра тое, што Харп, імаверна, разам з Трампам ляцела сакрэтным рэйсам з Турцыі пасля саміту НАТА.
Раней амерыканская прэса распавяла, што Трамп, вылятаючы з Анкары ў пачатку ліпеня, выкарыстаў фургон для бартавога харчавання, каб незаўважна перасесці з «Борта нумар адзін» на «Борт нумар два». Палёт сакрэтным рэйсам, як паведамлялі СМІ, быў звязаны з меркаванай пагрозай з боку Ірана.
Анкалагічнае захворванне і незвычайны шлях у Белы дом
Наталі Харп нарадзілася ў Каліфорніі ў хрысціянскай сям'і, якая прытрымліваецца кансерватыўных поглядаў. Яе шлях у Белы дом можна назваць нетыповым.
Яна стала вядомая дзякуючы таму, што прыпісала Трампу ратаванне свайго жыцця.
У сваю першую кадэнцыю Трамп дамогся прыняцця Закона пра права на эксперыментальнае лячэнне, які даў пацыентам больш шырокі доступ да эксперыментальных метадаў лячэння. Харп тады змагла скарыстацца гэтай магчымасцю і прайсці лячэнне ад раку костак з дапамогай эксперыментальных метадаў, бо традыцыйная хіміятэрапія ў яе выпадку не дала станоўчых вынікаў.
«Калі хіміятэрапія, якая была даступная, не дала выніку, ніхто не хацеў мяне браць для ўдзелу ў клінічных выпрабаваннях […] Яны не далі мне права паспрабаваць эксперыментальныя метады лячэння, спадар прэзідэнт. Вы далі, і без вас я б памерла, чакаючы іх дазволу», — сказала яна на Нацыянальным з'ездзе Рэспубліканскай партыі 2020 года.
Пасля мерапрыемства Трамп сказаў, што Наталі Харп сваім з'яўленнем «азарыла тэлеэкран так, як мала хто» з тых, каго ён бачыў.
Наталі Харп, якая шмат распавядала пра свой досвед лячэння і выказвала ўдзячнасць Трампу, хутка запомнілі ў крыле MAGA («Вернем Амерыцы былую веліч» — Make America Great Again) Рэспубліканскай партыі.

Неўзабаве яна ўвайшла ў кансультатыўную раду штаба падчас перадвыбарчай кампаніі Трампа 2020 года.
«Найбольшая прыхільніца Трампа»
Пасля паражэння Трампа на выбарах 2020 года Харп уладкавалася вядучай на правакансерватыўны навінавы кабельны тэлеканал One America News Network (OAN).
Там яна стала вядомая як адданая абаронца Дональда Трампа, якая да таго ж сцвярджала, што ён нібыта перамог на выбарах 2020 года.
Яна пакінула тэлеканал у 2022 годзе, каб далучыцца да наступнай прэзідэнцкай кампаніі Трампа.
Большасць звестак пра стаўленне Трампа да Харп — з ананімных крыніц, якія згадваюць у сваіх кнігах такія журналісты як Мэгі Хаберман, Джонатан Свон або Майкл Вольф. Пра асабістае жыццё Наталі Харп амаль нічога невядома.
Яе брат Прэстан Харп у інтэрв'ю CNN тлумачыў незвычайную адданасць сваёй сястры Трампу тым, што цяперашні прэзідэнт увасабляе ў сабе ўсё тое, што іх маці вучыла паважаць у жыцці.
«Таму я думаю, што менавіта адтуль, сумленна кажучы, і бярэцца яе захапленне Трампам», — сказаў Прэстан Харп.
Ён дадаў, што Харп з юных гадоў была апантаная ідэяй працаваць у Белым доме і пісала лісты папярэднім прэзідэнтам, уключаючы Джорджа Буша-малодшага падчас вайны ў Іраку.
У інтэрв'ю CNN брат Харп сказаў, што яе «мара ў рэшце рэшт ажыццявілася», калі яна патрапіла ў Белы дом, і што яго сястра была «найбольшай прыхільніцай Трампа, таму, верагодна, яна яму і падабаецца».
«Яна прыгожая, у яе добры характар. Яна думае, што ён выратаваў ёй жыццё, так што чалавек, у дачыненні да якога адчуваюць такую ўдзячнасць, мусіць, адчувае сябе вельмі добра», — сказаў ён.
Афіцыйная пасада Харп у Белым доме — выканаўчы асістэнт прэзідэнта, гэта пасада не настолькі высокага ўзроўню, якая прадугледжвае кіраванне лагістыкай, планаваннем, патокам камунікацыі.
Аднак, выглядае, Харп надала гэтай ролі новае значэнне, і яе аўтарытэт значна вышэйшы, чым у яе папярэдніц, такіх як Мадлен Вестэрхут у першай адміністрацыі Трампа.
Які ўплыў на Трампа мае Наталі Харп
Калі на гэтым тыдні рэпарцёрка CNN Крыстэн Холмс спытала Трампа пра каментары Осафа, прэзідэнт ЗША абрынуўся на яе з крытыкай. «Вы паводзіце сябе вельмі непаважліва… Фэйкавыя навіны, вы — фэйкавыя навіны […] Вы — фальшывая журналістка і паведамляеце фэйкавыя навіны», — так адрэагаваў Трамп на пытанне журналісткі.
Белы дом пазней на сваёй афіцыйнай старонцы ў X апублікаваў відэазапіс размовы Трампа з журналісткай, абвінаваціўшы яе ў тым, што яна выкарыстала «танны» і грубы прыём у сваёй працы.
«Аднойчы вашы дзеці даведаюцца пра ваша агіднае і бесчалавечнае пытанне. Ім будзе непрыемна і сорамна бачыць, як адзін з бацькоў праяўляе такое бессардэчнасць», — гаварылася ў іншым посце, які быў адрасаваны Холмс.
Памочніца Трампа Наталі Харп амаль неадлучна знаходзіцца побач з прэзідэнтам Дональдам Трампам падчас яго другога тэрміну.
Рэпарцёры ў Белым доме часта бачаць яе ўсяго ў некалькіх кроках ад Трампа ў Авальным кабінеце або на борце Air Force One падчас многіх яго ўнутраных і міжнародных паездак.
«Яна заўсёды побач. Літаральна заўсёды», — паведаміла Бі-бі-сі крыніца, блізкая да Белага дома.

Сярод набліжаных да Белага дома і прадстаўнікоў прэсы яе часта называюць «жывым прынтарам», бо яе часта бачаць з партатыўным прынтарам, які ёй патрэбны для таго, каб раздрукоўваць Трампу на паперы артыкулы і паведамленні з сацыяльных сетак — паколькі ён аддае перавагу чытанню публікацый на паперы.
Гэта азначае, што Харп, верагодна, валодае вялікімі магчымасцямі, каб кантраляваць, якую менавіта інфармацыю і якія паведамленні атрымлівае Трамп, адзначае іншая крыніца, знаёмая з працай Белага дома.
Іншыя ананімныя крыніцы апісвалі яе амерыканскім СМІ як «брамніка» і «любімую цацку» прэзідэнта.
Харп таксама выступае ў ролі свайго роду сакратара Трампа ў сацыяльных сетках: яна публікуе паведамленні ў яго акаўнце Truth Social ад яго імя.
На адным з відэа, якое шырока разышлося ў сацсетках пасля каментароў Осафа, Харп зафіксаваная ў той момант, калі набірае тэкст для сацсетак пад дыктоўку Трампа, які сочыць за выступленнем Камалы Харыс у 2024 годзе.
На фоне нядаўняй увагі да Харп Белы дом заявіў, што яна з'яўляецца «давераным і каштоўным» членам каманды, хоць сам Трамп рэдка казаў пра яе перад тэлекамерамі.
Осаф быў адным з многіх крытыкаў Трампа, якія адзначылі, што Харп, як паведамляецца, знаходзілася на борце самалёта, на якім прэзідэнт вылецеў з Турцыі пасля таго, як ЗША нібыта атрымалі інфармацыю пра пагрозу з боку Ірана.
Калі журналістку Мэгі Хаберман, якая шмат пісала і працягвае пісаць пра прэзідэнцтва Трампа, падчас інтэрв'ю спыталі, чаму Трамп, вылятаючы з Турцыі сакрэтным рэйсам, узяў Харп з сабой на «Борт нумар два», яна адказала: «Таму што яна для яго, калі можна так выказацца, як соска-пустышка, як любімая цёплая коўдрачка, любімая цацка — адным словам, тое, што стварае адчуванне камфорту і спакою».
Хаберман і Джонатан Свон у 2024 годзе паведамілі ў публікацыі ў New York Times, што Харп нібыта напісала ў лісце Трампу: «Вы — усё, што мае для мяне значэнне».
Каментары
Самаўлюбёным такія тыпажы патрэбны.