Свет22

Дзве 109‑гадовыя жанчыны пазнаёміліся ў 23 і сябруюць дагэтуль

Велма Лонг і Дораці Богес нарадзіліся ў 1917 годзе і пазнаёміліся ва ўзросце 23 гадоў падчас Другой сусветнай вайны. Сёння абедзвюм жанчынам ужо па 109 гадоў, а іх сяброўства працягваецца больш за восем дзесяцігоддзяў, піша The Washington Post.

Велма Лонг і Дораці Богес. Фота: Tyler M. Andrews/The Washington Post

Дораці Богес пачынае кожны дзень з фізічных практыкаванняў на кухні. Яна ўключае старую магнітолу з песняй Cha Cha Slide, трымаецца рукой за стальніцу і па чарзе падымае ногі, а затым прысядае і рухаецца ў такт музыцы. На паліцы ў яе стаіць кубак з надпісам 109 and fabulous («109 і цудоўная»).

Велма Лонг адзначыла сваё 109‑годдзе ў жніўні, запрасіўшы сяброўку разам пайсці ў царкву. Раней Богес хадзіла ў царкву Лонг, калі тая адзначала 109‑годдзе ў маі. У маладосці абедзве жанчыны былі значна больш актыўнымі: напрыклад, на сваё 100‑годдзе Лонг яшчэ танцавала на абцасах.

Дораці Богес. Фота: Tyler M. Andrews/The Washington Post

У пачатку 1940‑х гадоў Богес вучылася на сацыяльнага работніка ў Атланце, але вырашыла пераехаць у Вашынгтон, каб працаваць на карысць краіны падчас вайны. Яна і Лонг былі аднымі з так званых «Розі-заклёпачніц» — жанчын, якія падчас Другой сусветнай вайны прыйшлі працаваць на фабрыкі, верфі і ў дзяржаўныя ўстановы, замяняючы мужчын, якія пайшлі на фронт.

Абедзве ўладкаваліся на працу ў дзяржаўныя структуры машыністкамі. Лонг працавала на ВМС ЗША, а Богес — у тагачасным вайсковым ведамстве. Менавіта праз працу абедзве пазнаёміліся са сваімі будучымі мужамі, а іх адносіны пачыналіся з сумесных абедаў.

Неўзабаве Богес і Лонг таксама сталі блізкімі сяброўкамі. Іх мужы былі стрыечнымі братамі і сябравалі паміж сабой, таму сем'і шмат часу праводзілі разам, часта ездзілі ў падарожжы і сустракаліся парамі.

Богес і яе муж актыўна ўдзельнічалі ў руху за грамадзянскія правы. У яе доме захавалася шмат памятных рэчаў з той эпохі, у тым ліку сцяг з Маршу на Вашынгтон 1963 года. Сама жанчына пазней успамінала, што ў той час не ўсведамляла гістарычнасці сваіх дзеянняў і проста «бавіла час».

У канцы 1990‑х гадоў The Washington Post апублікавала артыкул пра жанчын, вядомых як «ваенныя дзяўчаты», аднак у ім гаварылася толькі пра белых жанчын. Богес напісала рэдакцыі ліст, звярнуўшы ўвагу на гэтую недарэчнасць, і яе ліст быў апублікаваны ў газеце ў 1997 годзе.

Больш за 80 гадоў Богес і Лонг жылі недалёка адна ад адной у Вашынгтоне і яго ваколіцах. У маладосці яны разам займаліся фізкультурай, ладзілі святы для сваіх дзяцей. Цяпер сустракацца ім цяжэй, але яны размаўляюць праз тэлефон амаль кожны дзень.

Абедзве жанчыны лічаць, што адным з галоўных сакрэтаў іх даўгалецця з'яўляецца сацыяльная актыўнасць і зносіны з іншымі людзьмі. Яны падтрымліваюць сувязі з сябрамі, суседзямі, царкоўнымі супольнасцямі, сацыяльнымі клубамі і сваімі сем'ямі.

У Лонг ёсць праўнучка ў чацвёртым пакаленні, якой чатыры гады. Дачка Лонг, Філіс Валентайн, якой цяпер 78 гадоў, жартуе, што яе маці ўжо стала «мамай» для ўсіх яе сяброў.

Богес працягвае рабіць фізічныя практыкаванні і асабліва ганарыцца тым, што ў 69 гадоў навучылася плаваць. Абедзве жанчыны таксама шмат падарожнічалі пасля выхаду на пенсію ў 1970‑х гадах. Богес захоўвае спіс наведаных краін — ад Аргенціны да Турцыі, а Лонг асабліва любіла Бермуды, Манрэаль і Гаваі.

Велма Лонг і Дораці Богес. Фота: Tyler M. Andrews/The Washington Post

Абедзве 109‑гадовыя сяброўкі лічацца аднымі з апошніх жывых «Розі-заклёпачніц» — жанчын, якія працавалі на карысць ваеннай эканомікі ЗША падчас Другой сусветнай вайны. Сёння яны па-ранейшаму імкнуцца заставацца актыўнымі, падтрымліваць сяброўства, сустракацца з людзьмі і цікавіцца навакольным светам.

Для Лонг асабліва важна працягваць падарожнічаць. Яе дачка расказвала, што падчас нядаўняга палёту ў Тэхас маці глядзела ў ілюмінатар з дзіцячай цікаўнасцю. На пытанне, пра што яна думае, 109‑гадовая жанчына адказала, што ніколі не спадзявалася, што яшчэ раз зможа вярнуцца ў гэта месца.

Каментары2

  • п
    24.08.2026
    2 афроамериканки, машинистки,могут позволить себе путешествовать на пенсии по всему миру

    Неплохо устроились «Клепальщицы Рози» : не на фабрики, не на верфи, а машинистками, непонятно, каких таких мужчин, ушедших на фронт,они на этом месте заменили
  • сева444ка
    25.08.2026
    вось бы ўсе навіны былі такімі цудоўнымі

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Як жыхары вёскі пад Маладзечнам змагаюцца за чыстую ваду ўжо 15 гадоў

Трамп расказаў, калі сустрэнецца з Пуціным3

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў11

Расія закрые культурныя цэнтры нямецкага Інстытута Гётэ1

Сайман Шустэр: Гэта яна. Зяленскі афіцыйна запусціў аперацыю M&Ms, каб паралізаваць маскоўскія аэрапорты21

Заўтра ў Беларусі магчымы тарнада

Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ36

Букмекеры абнавілі спіс фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры1

У Магілёве адкрылі шыльду губернатару Дэмбавецкаму. Дату смерці яму напісалі на гады ранейшую за спробу ўцячы з Савецкай Расіі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць