Грамадства1616

Прапагандыст Мукавозчык заклікаў «не ныць» тых, хто не можа купіць кватэру ў Мінску. А што з жыллём у яго самога?

Андрэй Мукавозчык — адзін з самых адыёзных праўладных прапагандыстаў, які заклікаў да публічных пакаранняў смерцю беларусаў за злівы відэа з расійскай тэхнікай, выяўляў «затоеных» нязгодных на квізах і высмейваў маладых людзей, якія скардзіліся на цяжкасці з купляй кватэры. Выданне «Люстэрка» даведалася і расказвае, якая нерухомасць ёсць у самога Мукавозчыка.

Андрэй Мукавозчык. Фота: sb.by

Эпоха КВЗ і першае жыллё

У 1990‑я і 2000‑я гады беларусы ведалі Андрэя Мукавозчыка па беларускім клубе КВЗ — ён узначальваў аб'яднанне і вёў гульні. Праўда, праект называлі стратным.

Як высветліла «Люстэрка», першая кватэра ва ўласнасці Мукавозчыка з'явілася ў 2000 годзе. Афіцыйна гэта быў падарунак — аднапакаёўка плошчай 39,6 квадратнага метра на вуліцы Кульман у Мінску, непадалёк ад Камароўскага рынку. Вядучы застаецца яе ўласнікам дагэтуль.

Андрэй Мукавозчык вядзе гульню беларускага клуба КВЗ. Фота: zviazda.by

У 2008‑м Мукавозчык аказаўся ў цэнтры канфлікту са структурамі Аляксандра Маслякова, у выніку беларускі праект адкалоўся ад міжнароднага руху КВЗ з цэнтрам у Маскве. Пасля судоў і публічнага высвятлення адносін беларускія каманды калектыўна выступілі супраць Мукавозчыка і працягнулі гуляць у сістэме Маслякова. А гумарыстычныя ініцыятывы Мукавозчыка з часам сышлі на нішто.

Тэлебачанне і не самы патрэбны дом

Сам вядучы працягваў кар'еру на тэлебачанні. Некаторы час ён вёў на канале «Беларусь 3» перадачу «Культпрасвет», прысвечаную нацыянальнаму кіно. Таксама яго запісвалі як начальніка аддзела і «дырэктара дырэкцыі» Белтэлерадыёкампаніі.

У 2015 годзе Мукавозчык займеў невялікі ўчастак і драўляны дом у вёсцы Вірлавічы Стаўбцоўскага раёна, вынікае з інфармацыі крыніцы «Люстэрка». Аднак прадаў іх праз некалькі гадоў.

«Дом — ён службы патрабуе. Неабавязкова ў сэнсе «дзяржаўнай» — у сваім доме заўсёды ёсць што рабіць. Заўсёды. Летам і зімой, у маладосці і ў старасці, хочаш ты ці не, але — будзь добры працаваць. Дом запускаць нельга: гэта і бачна адразу. І якасць жыцця цярпіць неадкладна», — тлумачыў ён пазней у адной з публікацый.

Праца ў «СБ» і новая кватэра

У 2016 годзе Мукавозчык уладкаваўся ў дзяржгазету «СБ. Беларусь сегодня». На яе старонках ён спачатку разважаў пра кіно, але паступова перайшоў да палітычных тэм. У яго выкананні на апанентаў рэжыму шчодра паліліся хлусня і абразы. Быў нават суд, які давёў, што калумніст напісаў няпраўду, аднак тады яго вырашылі не караць.

Прадстаўнікі «СБ» на паседжанні суда па справе аб абароне гонару і годнасці. Злева — аўтар спрэчнага артыкула Андрэй Мукавозчык, справа — рэдактар юрыдычнага аддзела Аляксей Шпілеўскі. Мінск, жнівень 2017 года. Фота: «Радыё Свабода», svaboda.org

Пасля трох гадоў працы ў «СБ» — у 2019 годзе — прапагандыст завёў другую кватэру ў Мінску. І зноў побач з Камароўкай — гэтым разам на вуліцы Куйбышава. Яна была ўжо больш прасторнай: тры пакоі і 64,9 квадратнага метра.

Іпатэка на 20 гадоў

Пасля 2020 года прапагандысцкая кар'ера Мукавозчыка пайшла ўгару: ён ўзбагаціў лексіку дзяржгазеты зваротамі накшталт «убогія», «пяцюні-петушкі», «зграя інтэлектуальных бамжоў» і «звар'яцелыя пацукі», атрымаў дзве прэміі «Залатое пяро», пачаў весці «аўтарскую рубрыку» на СТБ і супрацоўнічаць з ВНУ.

У 2023‑м фельетаніст палепшыў жыллёвыя ўмовы: прадаў сваю трохпакаёўку і неўзабаве купіў чатырохпакаёўку. Далёка ехаць не прыйшлося, новая кватэра таксама знаходзіцца побач з Камароўкай — у адным з дамоў-«кукуруз» на вуліцы Веры Харужай. Яе плошча — 98,4 квадратнага метра.

Дом-«кукуруза» на вуліцы Харужай. Мінск, 2023 год. Выява: «Яндэкс. Карты»

Мінскія «кукурузы» вядомыя не толькі арыгінальным знешнім выглядам. Шматпавярхоўкі сталі першымі ў Беларусі маналітна-каркаснымі дамамі. У 1990‑я гады кватэры ў іх лічылі элітнымі, адзін з жыхароў успамінаў, як мяшкамі насіў мільярды старых рублёў у офіс забудоўшчыка. Кватэры дагэтуль нельга назваць таннымі: мяркуючы па апублікаваных аб'явах, за чатыры пакоі там у 2024 годзе прасілі 544 тысячы рублёў (169 тысяч даляраў), а ў 2026‑м — 687 тысяч рублёў (226 тысяч даляраў).

Як даведалася «Люстэрка», Андрэй Мукавозчык аформіў сваю новую кватэру ў іпатэку, «Беларусбанк» пазычыў яму 210 тысяч рублёў на 20 гадоў. Разлічыцца з банкам супрацоўніку дзяржгазеты трэба будзе да 2043 года (да таго моманту яму споўніцца 80).

Якія ўмовы крэдыту прапанавалі праўладнаму калумністу і вядучаму — невядома. Актуальныя прапановы банка дазваляюць узяць такую суму на жыллё, штомесячныя плацяжы складуць ад 2000 да 3445 рублёў.

«Нідзе ў свеце ўласнае жытло не дастаецца людзям лёгка і задарма»

Цікава, што ў адной з нядаўніх калонак Мукавозчык высмейваў маладых людзей, якія праз тыкток абмяркоўвалі цяжкасці з купляй кватэры.

«Хачу нагадаць, што нідзе ў свеце ўласнае жытло не дастаецца людзям лёгка і задарма. Усюды даводзіцца ўлазіць у непад'ёмныя крэдыты, потым банкрутаваць і траціць (разам з жыллём) яшчэ і грошы. Ну або закрываць крэдыты да старасці, а то і перадаваць дзецям з унукамі», — пісаў ён.

Фота: «Мінск-Новости»

У гэтай публікацыі ён даў маладым людзям цэлы пачак парад: напрыклад, «не ныць», «жыць радасна», не імкнуцца ў Мінск, рупліва працаваць. А яшчэ — спытаць у бацькоў, дзе кватэры і дачы, якія ў савецкі час можна было атрымаць «ад завода».

«І вось што варта запомніць усім маладым. Менавіта зараз у гісторыі Беларусі настаў унікальны час, калі продкі могуць перадаць нашчадкам (і перадаюць жа!) назапашанае імі за ўсё жыццё. Грошы, кватэры, дачы — а яшчэ заводы, дарогі, сеткі… Асабістую маёмасць з нерухомасцю, якіх нямала, — і цудоўную, моцна стаячую на нагах, суверэнную краіну», — піша супрацоўнік дзяржаўнай газеты.

Каментары16

  • Тамаш
    01.09.2026
    Агіднае стварэнне. Потым забраць беларускае грамадзянства.
  • Rampapam
    01.09.2026
    Дагэтуль памятаю як гэты алкаш хадзіў у раёне Беламорскай каля Камароўкі. Відавочна што нічога не змянілася.
  • згода
    01.09.2026
    Тамаш, маеш на ўвазе пазбавіць?

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Дальнабойшчык са Смалявіч за рулём еў цукерку і падавіўся. У выніку загінулі двое

Як жыхары вёскі пад Маладзечнам змагаюцца за чыстую ваду ўжо 15 гадоў

Трамп расказаў, калі сустрэнецца з Пуціным3

24‑гадовага хлопца з Асіповічаў, які хацеў увайсці ў IT, асудзілі па палітычным артыкуле, хоць ён нічога не зрабіў11

Расія закрые культурныя цэнтры нямецкага Інстытута Гётэ1

Сайман Шустэр: Гэта яна. Зяленскі афіцыйна запусціў аперацыю M&Ms, каб паралізаваць маскоўскія аэрапорты21

Заўтра ў Беларусі магчымы тарнада

Статкевіч заклікаў «глыбокапаважаную Нашу Ніву» не выкарыстоўваць слова «лабуда», а Ціханоўскага — не наракаць на СМІ36

Букмекеры абнавілі спіс фаварытаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў32

Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць