Грамадства2020

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Бізнэсвумен з Мінска шосты год ратуе беларусаў. Дом цыганскага барона, які яны з мужам планавалі перарабіць у гатэль, стаў прытулкам для ўцекачоў.

Наталля Калегава каля Замку. Фота тут і далей: «Наша Ніва»

У Вільні ёсць дом, які ў беларускім асяроддзі даўно называюць проста — Замак. З вострымі дахамі, высокімі вокнамі, круглым фантанам перад уваходам і вялікімі сцягамі на фасадзе: літоўскім, беларускім і ўкраінскім. Унізе — вялікі надпіс Dapamoga.

Наталля Калегава пад’язджае да Замка на машыне. У светлым плашчы, з кароткай стрыжкай, хуткая і дакладная ў рухах, яна адразу ўваходзіць у двор так, нібыта вярнулася ў месца, якое ўвесь час працуе на яе ўнутраным рухавіку.

Яна не паспявае яшчэ толкам зайсці ў дом, а ўжо пачынае бачыць усё: хто дзе стаіць, хто што нясе, хто каму патрэбны.

Унутры Замак зусім не падобны да стэрыльнай сацыяльнай установы. У фае — аранжавыя сцены, скураныя канапы, свяцільня ў люстраной столі, падлога з пліткі, скрынкі, рэчы, фотаздымкі, сцягі, драбніца, якія назапашваецца толькі ў жывым доме. Раней тут быў дом цыганскага барона, таму ў інтэр'еры часткова захаваўся адпаведны каларыт. 

Калегава праходзіць па пакоях: з кожным, каго сустракае, вітаецца па імені, усміхаецца, нешта пытаецца, нешта даручае.

На першым паверсе — кухня. Там тры жанчыны гатуюць вячэру. 

— Я тут мару пра тое, як мне Лёшу абуць, — кажа ментарка Вольга. — Яму ў тым, што ёсць, цяжка хадзіць. 

— Трэба ў чаце ментараў зараз напісаць, — адразу ўключаецца Наталля. — «Людзі, патрэбны абутак».

Побач — Аксана. Наталля тлумачыць: яна — мама былога палітвязня, адна з захавальніц Замку, якая адказвае «за нашы жываты». На кухні пахне ежай, кавай і нейкім хатнім клопатам.

— А вы ведаеце, хто такія «бабры», «зайчыкі»? — раптам пытаюць у мяне.

— Не. 

— Ааа, ну хутка даведаецеся, — загадкава пасміхаюцца дзяўчаты. 

Наталля ўвесь час пераключаецца са справы на справу, але цалкам кантралюе ўсё, што адбываецца вакол. Мы падымаемся на другі паверх. 

— Колькі ў вас тут цяпер людзей?

— Па-рознаму бывае. Цяпер 15. А так бывае і да 30, але гэта ўжо некамфортна. Аптымальна — 20. 

Заходзім у залу для сустрэч. Тут адбываюцца перформансы, гасцёўні, псіхалагічныя заняткі. Часам, кажа Калегава, тут таксама жывуць людзі.

Вялікая зала выглядае дзіўна і ўрачыста: блакітныя сцены, высокі роспіс на столі, круглы дэкор на падлозе — і пасярод усяго гэтага расцягнутая вялізная маскіровачная сетка, для Украіны. Нібыта вайна зайшла ў былы палац і засталася тут як штодзённая праца рук.

Раптам чуецца мужчынскі голас: 

— Наташа! Прывітанне!

Мужчына, якога мы сустракаем у калідоры, — Мікалай Куляшоў, былы мытнік і палітвязень. Якраз калі мы прыйшлі, ён ідзе да псіхатэрапеўта. У Замку псіхалагічная дапамога — такая ж частка быту, як кухня ці ложак. 

— На трэці паверх мы не пойдзем, там жывуць хлопцы, — кажа Наталля.

У адным з пакояў — месца для заняткаў. Тут робяць масаж, прыходзіць дзяўчына, якая робіць манікюр. На сценах — малюнкі. Сярод іх партрэт самой Калегавай.

— Гэта ваш партрэт намалявалі?

— Так. Я не люблю такога. Культ асобы — гэта не мая тэма. Але я з удзячнасцю прымаю гэта як творчасць нашых былых падапечных.

На карціне Наталля яшчэ брунетка. Яна трымае ў руках зайчыка, за спінай — бабры, буслы, лісічка. Гэта не проста жывёлы. «Бусел», напрыклад, гэта хлопец, які пералятаў мяжу на параплане. «Бабёр» — гэта чалавек, які пераходзіць мяжу ўплаў праз рэчку. «Зайчык» бяжыць праз лясы. Хлопец, які ўсё гэта намаляваў, цяпер на вайне.

Побач — ікона святога Панцеляймона. Яе падарыў адзін з уцекачоў, які пасля паляцеў у Амерыку.

Мы заходзім у пакой з вялікімі круглым сталом. Наталля паказвае гасцявую кнігу з фотаздымкамі гасцей і з сустрэч, што адбываюцца ў Замку. Тут быў Віктар Бабарыка, Павел Севярынец, у гэтай кнізе госці пакідаюць свае подпісы. У Наталлі няма свайго кабінета — яна кажа гэта амаль мімаходзь. І гэта выглядае праўдай: яе кабінет — увесь Замак.

«Альбо прымаць правілы, альбо з'ехаць»

Наталля Калегава пераехала ў Літву яшчэ ў 2000 годзе. Яна родам з Мінска, па адукацыі хімік. Скончыла хімічны факультэт БДУ, вучылася ў аспірантуры, працавала ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі Акадэміі навук. Здавалася, яе жыццё будзе звязанае з навукай. Але пачаліся 1990-я:

— Я ніколі не думала, што буду займацца бізнэсам. Памятаю, адзін знаёмы прапанаваў: «Пайшлі, кветкамі пагандлюем». А я адказала: «Не, гэта не маё. Я ж навуковы чалавек».

Жыццё вырашыла інакш. У сям'і ўжо было дзіця, а навуковага заробку не хапала. Аднойчы патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што ў Літве прападае цэлы вагон тканіны. У Наталлі там ужо былі сваякі: яе сястра яшчэ ў 1984 годзе выйшла замуж за літоўца і пераехала ў Вільню. Так яна апынулася ў бізнэсе.

— Пасля распаду Савецкага Саюза ўсе сувязі разваліліся. Недзе склады былі перапоўненыя таварамі, а недзе іх катастрафічна не хапала. І твая задача была проста знайсці, хто каму патрэбны. Я была такім пасярэднікам, які ўсё ведаў. Памятаю, мой выкладчык тэарэтычнай фізікі аднойчы прыйшоў да мяне, калі я ўжо займалася бізнэсам, і сказаў: «Ведаеце, у чым галоўная каштоўнасць універсітэцкай адукацыі? Нам усё адно, якую задачу вырашаць». І гэта сапраўды так. Ты адразу бачыш усю схему цалкам. Мозг працуе інакш. 

Першы сур'ёзны заробак яна памятае да дробязяў:

— Гэта быў пачатак дзевяностых. Мы прыйшлі ў ашчадную касу атрымаць грошы, а нам выносяць цэлы дыпламат банкнот. Мы з маім тагачасным партнёрам выйшлі з касы, дайшлі да стадыёна «Дынама», селі на лаўку і проста маўчалі. Сядзім з тым дыпламатам і думаем: «І што цяпер з усім гэтым рабіць?» У той момант я ўпершыню адчула: жыццё можа быць іншым.

Пазней былі пастаўкі тканін, праца з «Мілавіцай», вытворчыя праекты, тартак (лесапільны завод). Адным з першых паспяховых праектаў стаў бізнэс з тэлевізарамі «Гарызонт». Наталля закупляла недакамплектаваныя тэлевізары, якія адпраўлялі ў Смаленск, дзе іх уручную даводзілі да гатовага стану. Пасля тэлевізары прадавалі, і да сярэдзіны 1990‑х гэта быў вельмі прыбытковы кірунак.

— Яшчэ некалькі гадоў я працавала на паўстаўкі, спрабавала сумяшчаць бізнэс з навукай. Але паступова стала зразумела, што бізнэс патрабуе ўсё больш часу. Мне было дваццаць чатыры гады, трэба было ўжо адной клапаціцца пра сына. І ўжо да дваццаці васьмі гадоў мой бізнэс дастаткова моцна стаў на ногі. Тады я ўжо дакладна разумела, што зрабіла правільны выбар.

Бізнэс развіваўся паспяхова, але, паводле Наталлі, сярэдзіна 1990‑х стала паваротным момантам.

Яна згадвае адну сямейную гісторыю. У 1994 годзе яе стрыечны брат, паспяховы бізнэсмен, ледзь не выкінуў з лесвіцы чалавека, які прыйшоў на сустрэчу прадпрымальнікаў і пачаў крычаць, што «бізнэсмены — гэта кляшчы на целе дзяржавы». Канфлікт тады ўдалося спыніць, а ўжо праз некалькі месяцаў брату патэлефанавалі знаёмыя: «Памятаеш таго чалавека? Дарма ты хацеў яго з лесвіцы спусціць. Цяпер гэта наш прэзідэнт». Неўзабаве ён тэрмінова з'ехаў з Беларусі. Сёння яго ўжо няма ў жывых, але, па словах Наталлі, ён да апошняга верыў: Беларусь яшчэ можа змяніцца.

— Да Лукашэнкі ўсё вельмі хутка развівалася. А пасля ўсё змянілася. Я бачыла, як людзі, з якімі мы разам пачыналі бізнэс, адзін за адным знікалі. Хтосьці апынуўся ў турме, хтосьці з'ехаў, хтосьці лёг пад Лукашэнку, а хтосьці знік без вестак. Я зразумела: альбо прымаць гэтыя правілы, альбо з'язджаць.

Яна выбрала другое. Пераехаць у Літву яе ўгаварыў на той момант будучы муж. Пераезд быў нялёгкім:

— Я вельмі любіла Мінск. Для мяне выехаць было ўсё адно што пакінуць уласную скуру.

У Вільні Наталля спачатку занялася генеалогіяй, гадзінамі працавала ў архівах, даследавала гісторыю сваёй сям'і. Потым прадала кватэру ў Мінску і разам з мужам, архітэктурным дызайнерам, адкрыла сетку апартаментаў для людзей, якія прыязджалі ў Літву. Менавіта гэтыя апартаменты праз дваццаць гадоў нечакана стануць першым прытулкам для беларусаў, якія будуць уцякаць ад рэпрэсій.

Да 2020 года Наталля Калегава амаль не ўдзельнічала ў беларускім грамадскім жыцці:

— Калі я толькі выехала, была вельмі эмацыйная. Казала сябрам: «Як вы можаце жыць пры Лукашэнку?» А яны адказалі: «Ты цяпер за мяжой. Табе лёгка разважаць. А нам тут жыць». Пасля гэтай размовы я проста закрыла сабе рот. Вырашыла, што не маю права вучыць людзей, калі сама выехала.

Амаль два дзесяцігоддзі Наталля Калегава жыла сваім жыццём: сям'я, бізнэс, сябры, Літва. Але ўсё змянілася летам 2020 года.

Як пачалася «Дапамога»

Калі ў Беларусі пачалася прэзідэнцкая кампанія, Наталля прызнаецца, што спачатку не чакала нічога незвычайнага:

— Калі пасадзілі Сяргея Ціханоўскага, я падумала: ну вось, чарговага кандыдата пасадзілі. Яшчэ сказала мужу: «Нічога ў Беларусі не мяняецца, усё па старой схеме». 

Але пасля яна ўбачыла чэргі да пікетаў Віктара Бабарыкі і тое, як беларусы дапамагалі адно аднаму:

— Мне было ўсё адно, за каго стаяць гэтыя людзі. Для мяне галоўнае было іншае — яны наогул выйшлі. І я раптам убачыла той шчыры супраўдны Мінск, які калісьці вельмі любіла.

9 жніўня яна пайшла галасаваць у беларускае пасольства ў Вільні. Чарга расцягнулася амаль на дзесяць гадзін, але ўсё было настолькі марудна, што прагаласавала толькі 120 чалавек. Не змаглі прагаласаваць каля тысячы чалавек, некаторыя з іх адмыслова прыехалі з Клайпеды.

— Мы насілі людзям ваду, піцу, падтрымлівалі адно аднаго, праводзілі сваё апытанне, хто за каго галасаваў. А калі на наступны дзень я адкрыла навіны і ўбачыла «80% за Лукашэнку», першая думка была: «Ды што гэта за нейкія грушы на вярбе?» Гэта была настолькі відавочная хлусня, што ў яе проста немагчыма было паверыць.

Пасля першых забойстваў пратэстоўцаў беларусы пачалі прыходзіць да віленскай амбасады з кветкамі і свечкамі. Калі паліцыя папрасіла разысціся, Наталля сама пайшла размаўляць з праваахоўнікамі:

— Я сказала: калі дзесьці разбіваецца самалёт, людзі таксама нясуць кветкі да пасольстваў. Гэта не палітыка, гэта чалавечая спагада.

У выніку літоўскія паліцэйскія параілі аформіць дазвол у мэрыі. Так з'явілася «Варта святла», якая дзейнічае да сёння: беларусы запальваюць лампадкі побач з партрэтамі ахвяр рэжыму Лукашэнкі і загінулых ва Украіне беларускіх ваяроў каля беларускай амбасады ў Вільні.

Але гэта быў толькі пачатак:

— У канцы жніўня 2020 года нам пазванілі беларусы, якія хацелі прыехаць у Літву. Яны сказалі: «Нам прапануюць прасіць прытулак, але мы не хочам. Мы думаем, што гэта ненадоўга. Нам проста трэба перачакаць у Літве».

На той момант літоўскі закон ужо дазваляў гуманітарны ўезд, але механізму яго прымянення яшчэ не існавала. Дапамагла выпадковасць. Пасля аднаго з мітынгаў журналісты пазнаёмілі Наталлю з кіраўніцтвам Дэпартамента міграцыі. Неўзабаве ёй патэлефанавалі тыя самыя беларусы: іх усё ж прапусцілі ў краіну. Пазней высветлілася, што начальнік памежнай заставы сам адшукаў іх праз фэйсбук:

— Ён запомніў людзей, якім быў вымушаны адмовіць, знайшоў іх і напісаў: «Прыязджайце, я вас прапушчу». Для мяне гэта вельмі характэрная гісторыя пра літоўцаў.

Неўзабаве па ініцыятыве вярхоўнага камісара паліцыі Рэнатаса Пажэлы за адным сталом сабраліся прадстаўнікі памежнай службы, Дэпартамента міграцыі, мытні і іншых дзяржаўных устаноў. Разам яны выпрацавалі механізм, паводле якога пачаў дзейнічаць гуманітарны калідор.

Да канца 2020 года толькі праз «Дапамогу», паводле Калегавай, гэтым шляхам прайшлі каля 320 беларусаў:

— Тады людзі яшчэ не хацелі прасіць палітычны прытулак. Амаль усе спадзяваліся, што праз некалькі тыдняў ці месяцаў змогуць вярнуцца дадому. Мне здавалася, што мая роля ў гэтым абмяжуецца мітынгамі і вось такой падтрымкай. А потым аднойчы раздаўся званок. Мая памочніца Наталля сказала: «Наталля Іванаўна, у нас тут беларусы-ўцекачы». Я нават не адразу зразумела, што адказаць. Памятаю толькі сваю першую рэакцыю: «І што мне цяпер з гэтым рабіць?» А яна папрасіла: «Дапамажыце ім, калі ласка…»

Гэта былі трое дарослых і двое дзяцей. Яны перайшлі мяжу і апынуліся ў нейкім доме ў 90 км ад Вільні, дзе не было ні электрычнасці, ні вады. Спачатку Наталля думала проста здаць ім свае апартаменты па мінімальным кошце:

— Паехала сама па іх, забрала, засяліла ў Вільні. Спытала, колькі ў іх засталося грошай. Мне адказалі: дзвесце еўра на ўсю сям'ю. І тады я сказала: «Ладна, жывіце пакуль проста так».

Праз некалькі дзён яе тэлефон ужо не змаўкаў. Жанчыны, чые сыны выходзілі з Акрэсціна, перадавалі адна адной яе нумар, званілі і прасілі: «Наталля, выратуйце маё дзіця». Так пачалося тое, што пазней стане арганізацыяй «Дапамога». 

«Я гатова стаць перад імі на калені»

Хоць масавыя ўцёкі з Беларусі ўжо даўно не выглядаюць так, як у 2020 годзе, людзі працягваюць звяртацца па дапамогу. Наталля некалькі разоў паўтарае: выпадковых людзей у гэтай сістэме няма:

— Цяпер верыфікацыя вельмі сур'ёзная. Людзі ведаюць адно аднаго, могуць паручыцца адзін за аднаго. Калі да мяне звяртаецца незнаёмы чалавек, я абавязкова ўдакладняю, хто даў яму мой кантакт. 

Падрабязнасці гэтай працы яна, зразумела, не раскрывае:

— Ёсць рэчы, пра якія лепш маўчаць. Гэта ўжо пытанне бяспекі людзей.

Затое пра літоўскіх памежнікаў распавядае з вялікай удзячнасцю. Напярэдадні нашай сустрэчы яны выратавалі беларуса, у якога здарылася дыябетычная кома. Падобныя гісторыі здараліся і раней:

— Быў чалавек, які праваліўся пад лёд. Яго ратавалі памежнікі, медыкі. Калі пасля гэтага мне кажуць, што літоўцы не любяць беларусаў, я проста не магу з гэтым пагадзіцца. Я гатовая стаць перад імі на калені.

Адзін пакой, які стаў Замкам

Спачатку ўцекачы жылі ў апартаментах, якія Наталля разам з мужам калісьці адкрылі для турыстаў. Вельмі хутка вакол яе пачала збірацца каманда:

— Аднойчы мне патэлефанавалі дзяўчаты з маёй камерцыйнай кампаніі: «Наталля Іванаўна, а чаму вы нас не бераце?» Я адказала: «Бо мне няма чым вам плаціць. А тут усё робіцца бясплатна». А яны толькі сказалі: «Дык і мы будзем працаваць бясплатна».

Многія з іх застаюцца побач і сёння:

— Гэта былі тры Наталлі. Мы жартам называлі сябе «трыма совамі», бо начамі практычна не адыходзілі ад тэлефонаў. Хтосьці з іх цяпер ужо працуе ў іншых праектах, але ўсё роўна працягвае дапамагаць «Дапамозе». Мы дагэтуль разам.

Вакол арганізацыі пачалі збірацца валанцёры і ментары. Наталля ўпэўненая: без гэтай каманды «Дапамогі» проста не існавала б.

— Я сама нічога не зрабіла б. «Дапамога» — гэта не Наталля Калегава. Гэта каманда, валанцёры і ментары. Я, можа, толькі здолела ўсіх сабраць разам. А ўсё астатняе зрабілі яны. Гэта яны прыдумалі Welcome Pack — першы набор самых неабходных рэчаў і прадуктаў, які атрымлівае чалавек адразу пасля прыезду. Яны сустракалі людзей на мяжы, дапамагалі ўладкоўвацца, падтрымлівалі іх у першыя дні. На такіх людзях усё і трымаецца.

Наталля кажа, што ў «Дапамозе» ёсць адно правіла, якое ніколі не мянялася: калі чалавек звярнуўся па дапамогу, ён яе атрымае.

У 2021 годзе яе муж купіў стары дом у Вільні, які належаў калісьці цыганскаму барону і прадаваўся пасля яго смерці. Першапачаткова на гэты дом былі зусім іншыя планы:

— Муж купіў гэты дом у надзеі, што я займуся ім, зраблю з яго гасцініцу. Гэта быў наш супольны бізнэс, супольныя грошы. Ён думаў, што гэты дом мяне адцягне ад беларускіх спраў, што я пераключуся на рамонт, кліентаў, новы праект. Але я папрасіла: «Дай мне хоць адзін пакой. Людзям трэба недзе спаць».

Так пачалася гісторыя Замка. Дом быў у занядбаным стане, ён доўгі час стаяў пусты пасля смерці былога гаспадара:

— Калі мы яго купілі, дрэвы раслі проста праз асфальт. Мы не рабілі нейкага вялікага рамонту, проста паступова аднаўлялі тое, што было неабходна. Адзін пакой, потым другі, трэці. Дзесьці падфарбавалі сцены, дзесьці людзі прынеслі мэблю. Дом літаральна аднаўлялі талакой, яго рабілі самі беларусы.

Наталля ўсміхаецца, калі ўспамінае, як усё адбывалася:

— Спачатку тут жыў адзін хлопец. Мы жартам называлі яго прывідам. Ён пасля паехаў ва Украіну. Потым з'явіўся другі чалавек. Потым трэці. Я не прачыналася з думкай: «Ствару гуманітарную арганізацыю». Проста кожны дзень прыходзіў яшчэ адзін чалавек. Камусьці быў патрэбны дах над галавой. Камусьці было патрэбна знайсці юрыста. Камусьці — лекі. Я не магла сказаць чалавеку: «Пачакайце, я зараз падумаю, ці хачу я гэтым займацца». Як я скажу, калі ён ужо стаіць перада мной.

На некалькі секунд яна замаўкае.

— І ў нейкі момант ты разумееш, што ўжо не можаш вярнуцца назад.

— Чаму?

— Таму што ўжо ведаеш іх па імёнах.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. І дом, які павінен быў стаць гасцініцай, канчаткова змяніў сваё прызначэнне.

— Мой муж — грамадзянін Літвы. І літоўцы тады ўсе вельмі сталі за Украіну. Ён сказаў: «Ну, так разумею, што цяпер мы яшчэ доўга не зробім тут гасцініцу. Добра, займайся дабрачыннасцю».

Тым часам да Наталлі прыйшлі беларускія валанцёры:

— Яны сказалі: «Наталля Іванаўна, будзем дапамагаць украінцам». Я адказала: «У мяне няма ні сіл, ні грошай». Яны спыталі: «А можна мы самі?» Я сказала: «Увесь дом — для вас». Людзі, якім яшчэ зусім нядаўна дапамагалі самім, пачалі дапамагаць іншым. Яны ўжо ведалі, як працуе гуманітарны калідор, як арганізаваць лагістыку, як сустрэць чалавека, дзе знайсці машыну, як размясціць людзей. Я проста глядзела і думала: вось цяпер гэта ўжо не мая гісторыя. Гэта гісторыя беларусаў.

Маскіровачная сетка для Украіны

«Нам усім не хапіла эмпатыі»

Побач з сотнямі гісторый дапамогі была і іншая старонка. У студзені 2021 года супраць Наталлі Калегавай пачалася публічная кампанія, у якой яе абвінавачвалі ў тым, што яна зарабляе на беларусах. Яна перакананая: гэта была мэтанакіраваная атака. Галоўную ролю ў ёй яна прыпісвае экс-кіраўніку Bysol Андрэю Стрыжаку.

— Выйшлі артыкулы пра тое, што я беларуская махлярка, што нібыта бяру грошы з людзей, хаця кажу, што дапамагаю бясплатна. Гэта ўдарыла тады і па сямейным бізнэсе, і па асабістым жыцці. Мы з мужам страцілі з-за гэтай гісторыі каля 320 тысяч еўра. 

З часам з некаторымі прадстаўнікамі Bysol яна змагла аднавіць нармальныя адносіны.

— Мне ўжо не баліць. Я расказваю гэта проста як факт. Няма пытанняў — сядаем за круглы стол, размаўляем. Калі людзі хочуць далей дапамагаць, чаму нам не рабіць гэта разам? 

Пра згубленыя грошы яна гаворыць спакойна. Больш балючае, кажа, было іншае:

— Мы яшчэ толькі пачыналі будаваць давер у Літве. І атрымалася так, што брудам аблівалі не толькі мяне. Літоўцы не разбіраюцца, хто такая Наталля Калегава. Яны проста думаюць: калі беларусы паміж сабой так ваююць, дык навошта ім дапамагаць? Была хваля недаверу. Але ў той жа год адбыўся і іншы момант. На мой дзень нараджэння беларусы з дыяспары сабралі 600 еўра. Сёння гэта здаецца невялікай сумай. Але тады гэтыя грошы дазволілі нам яшчэ некалькі месяцаў дапамагаць людзям. Для мяне гэта быў знак: «Мы табе верым». 

А праз пяць гадоў, да юбілею Наталлі вясной 2026-га, беларусы ў якасці падарунка сабралі ўжо каля 12 тысяч еўра на рэтрыт для былых палітзняволеных жанчын на Канарскіх выспах. 

— Я навучылася аддзяляць учынак ад чалавека. Калі чалавек памыляецца — гэта яшчэ не значыць, што ён дрэнны. Але, калі шчыра, нам усім тады вельмі не хапіла эмпатыі. Можна было проста сесці за адзін стол і пагаварыць.

Яна на хвіліну задумваецца:

— Мне вельмі не хочацца, каб беларусы працягвалі знішчаць адно аднаго. Нам яшчэ жыць разам.

«Замак ужо можа жыць без мяне»

За пяць гадоў «Дапамога» перастала быць праектам Наталлі Калегавай. Пра гэта яна гаворыць, здаецца, нават з большай радасцю, чым пра ўсё астатняе. Нядаўна ёй давялося амаль на паўтара месяца выехаць з Літвы:

— І ведаеце што? Замак працягваў жыць. Людзей прымалі, дапамога працавала, усё было арганізавана. Для мяне гэта, напэўна, адзін з самых важных вынікаў за гэтыя гады. Сістэма працуе ўжо без мяне, і гэта добра.

Сёння Замак — гэта ўжо не проста дом, дзе можна пераначаваць. Тут дапамагаюць з дакументамі, пошукам працы і жылля, адаптацыяй у Літве. За кожным новым чалавекам замацоўваюць ментара — беларуса, які ўжо прайшоў гэты шлях і можа дапамагчы зрабіць першыя крокі «новенькім».

— Я не вельмі люблю слова «шэлтар». Яно занадта звужае сэнс. Мы хутчэй цэнтр дапамогі і супольнасць, — кажа Наталля.

Праз «Дапамогу», паводле яе слоў, прайшло ўжо каля 2400 чалавек. 

— Першы месяц чалавек жыве бясплатна. Калі пасля хоча застацца, ён пачынае часткова ўдзельнічаць у камунальных выдатках.

— Але гэта не хостэл, дзе можна бясконца жыць за малы кошт. Калі табе ўжо не трэба думаць, дзе сёння спаць і чым плаціць за кватэру, дапамажы іншым. Прыходзь на нашы акцыі ці пляці маскіровачныя сеткі для Украіны, дапамажы новым уцекачам, падтрымай супольнасць чым можаш. Таму што калісьці нехта зрабіў гэта для цябе.

Праўда, дадае яна, у першыя дні пасля прыезду ад чалавека ніхто нічога не патрабуе:

— Бывае, людзі прыязджаюць пасля турмы, пасля допытаў, пасля доўгай дарогі. Яны проста не маюць сіл. Спачатку трэба даць чалавеку выспацца, паесці і зразумець, што ён у бяспецы. Людзі розныя. Хтосьці ўключаецца адразу. Хтосьці пераязджае і больш ніколі не з'яўляецца. Я не люблю дзяліць людзей на добрых і дрэнных. У кожнага свая дарога.

«Мы не жывем на гранты»

За ўсе гэтыя гады «Дапамога» не атрымала ніводнага гранта:

— Мы некалькі разоў спрабавалі падавацца, але нам нічога не далі. Кажуць, што пра нас засталася дрэнная характарыстыка пасля кампаніі хейту 2021 года.

Замак працягвае існаваць дзякуючы ўласным сродкам сям'і Калегавых, ахвяраванням і дапамозе саміх беларусаў:

— Я дакладна не хацела б, каб нас фінансавалі на заробкі. Адно — калі табе дапамогуць аплаціць камунальныя паслугі. Зусім іншае — калі арганізацыя пачынае жыць цалкам за кошт грантаў. Літоўцы, з якімі я працую, не жывуць з фондаў. У іх ёсць праца, свае спосабы зарабляць грошы, а дабрачыннасць для іх — гэта сапраўды дабрачыннасць, а не спосаб зарабіць. Мне такі падыход блізкі.

Праўда, яна прызнаецца, што некалькі гадоў таму былі моманты, калі не ведала, як аплаціць рахункі:

— У 2022 годзе ў нас назапасілася запазычанасць за камунальныя паслугі — каля шаснаццаці тысяч еўра. Тады рэзка падаражэў газ, электрычнасць. Мы проста не паспявалі за гэтымі выдаткамі. Але здолелі з гэтым справіцца. Часам людзі думаюць, што дом, у якім жыве «Дапамога», дала нам дзяржава. Не, гэта ўласнасць нашай сям'і. Муж купіў гэты дом за рынкавы кошт. Ён нават жартуе, што разам з домам страціў яшчэ і жонку — яна цалкам пайшла ў беларускія справы.

Пра мужа Наталля гаворыць з асаблівай цеплынёй:

— Ён часам называе сябе мізантропам. Але ўсё гэта вытрымлівае. Нядаўна заехаў у Замак па справах. Яго тут накармілі салянкай, ён забавіўся, доўга размаўляў з людзьмі. Я потым толькі ўсміхнулася: «Ну што, зацягвае?»

Наталля часам думае, як мала было б трэба, каб Замак адчуваў сябе больш упэўнена:

— Нам не трэба плаціць арэнду, гэта зніжае выдаткі. А калі б кожны чалавек, якому мы дапамаглі, пералічваў нам хаця б па дзесяць еўра на месяц, мы маглі б зрабіць значна больш. Але жыццё ўладкавана не так. Затое ёсць людзі, якія праз некалькі гадоў прыходзяць і кажуць: «Вы калісьці дапамаглі мне. Цяпер мая чарга дапамагчы іншым». І вось гэта, напэўна, самае каштоўнае.

«Раней іх аб'ядноўвала турма. Цяпер у іх ёсць Канары»

Асаблівай і вельмі важнай для сябе ініцыятывай Наталля Калегава называе рэтрыт на Канарскіх астравах для былых палітзняволеных беларусак. Вясной 2026 года першая група правяла там некалькі тыдняў. З жанчынамі працавала псіхолаг, былі заняткі па ёзе, паходы, экскурсіі і проста час каля акіяна.

Ці не занадта гэта дорага? Наталля адказвае, што выбар месца быў значна больш прагматычным, чым можа здавацца:

— Калі сказаць «Канары», гэта гучыць пафасна. Але для еўрапейцаў Канары — адзін з самых недарагіх варыянтаў адпачынку. Мы ўклаліся прыкладна ў 20 тысяч еўра: гэта на 15‑20 чалавек, білеты, пражыванне, харчаванне, экскурсіі, арэнда машын. Віла на такую колькасць людзей каштавала каля пяці тысяч. Я не ўяўляю, як у Літве можна было б арганізаваць для столькіх людзей такі месячны рэтрыт за гэтыя грошы.

Частку выдаткаў удалося скараціць дзякуючы валанцёрам: псіхолаг працавала бясплатна, інструктар па ёзе таксама не браў грошай, а сын Наталлі, які працуе шэф-поварам, дапамагаў гатаваць.

Наталля добра ведае Канарскія астравы — разам з мужам яна ездзіць туды з 2012 года. Таму яна добра ведала мясцовую лагістыку, цэны, дзе арандаваць жыллё і машыны. А чуткі пра тое, што група нібыта жыла на яе ўласнай віле, яна каментуе з іроніяй:

— У нас, на жаль, няма там сваёй вілы. Як нехта казаў, што я сваю вілу здала, — дык я была б вельмі рада, калі б яна ў мяне сапраўды была.

Але галоўным для Наталлі была не эканоміка праекта. Яна хацела фізічна вырваць жанчын з асяроддзя, у якім усё працягвала нагадваць пра турму, рэпрэсіі і эміграцыю:

— Самае галоўнае, што мне было трэба, — каб дзяўчаты адарваліся ад гэтай гісторыі, каб мы яе перапісалі. І нам гэта ўдалося. Да рэтрыту ў іх быў фактычна адзін моцны супольны негатыўны досвед — турма. І раптам у іх з'явілася яшчэ адна агульная гісторыя — Канары. Купанне побач з кітамі ў адкрытым акіяне, хайкінг, паход на Тэйдэ, танцы на беразе. Іншая мова вакол, іншая прырода, бясконцасць акіяна. Гэта ўсё лечыць. Я цяпер расказваю пра іх і разумею, што вельмі моцна іх палюбіла.

Вакол рэтрыту паступова ўзнікла і маленькая сетка беларускай салідарнасці: на астравах знайшліся беларусы, якія бясплатна рабілі ўдзельніцам фотасесіі, дапамагалі з працэдурамі і проста далучаліся да іх жыцця. І менавіта гэта, а не сам адпачынак на курорце, Наталля лічыць галоўным вынікам ініцыятывы.

«Мае адносіны з беларусамі вельмі падобныя да шлюбу»

З боку можа здавацца, што жыццё Наталлі Калегавай складаецца з бясконцай чарады праблем: людзі, якія прыязджаюць у Замак, пастаянны пошук грошай, канфлікты, адказнасць за іншых. Чаму пасля ўсяго гэтага яна працягвае гэтым займацца? Яна нават не задумваецца над адказам.

— Гэта служэнне. Калі вы аднойчы ў добрым сэнсе атруціцеся дабрачыннасцю, вы ўжо не можаце жыць інакш. Гэта ўсё пра любоў. 

Калегава кажа, што ніколі не была вельмі рэлігійнай у звыклым разуменні гэтага слова. Але заўсёды была чалавекам веры:

— Я веру, што выпадковых людзей у жыцці не бывае. Калі чалавек прыйшоў да цябе, значыць, так павінна было адбыцца. І пасля гэтага ўжо цяжка зрабіць выгляд, што ты яго не заўважыў.

Яна ўсміхаецца:

— Муж часам злуе. Сям'я таксама. Але яны ўжо ведаюць: мяне не пераробіш.

Нягледзячы на гады ў дабрачыннасці, Наталля па-ранейшаму называе сябе чалавекам з бізнэсу:

— Я ўмею зарабляць грошы. Але пасля ўсяго, што адбылося, проста вярнуцца і займацца толькі бізнэсам мне ўжо нецікава. Мне 60 гадоў, чым старэйшым становішся, тым больш разумееш, што нічога з матэрыяльнага з сабой не забярэш.

Потым раптам узгадвае сына:

— Ён таксама пакінуў бізнэс і стаў шэф-поварам. І я думаю: ён жа таксама служыць людзям — корміць іх. Бо служэнне — гэта рабіць сваю справу з любоўю.

Пытаюся, ці не бывае момантаў, калі хочацца ўсё кінуць. Яна ўсміхаецца.

— Бывае стомленасць. Але не бывае жадання спыніцца. Мае адносіны з беларусамі вельмі падобныя да шлюбу. Спачатку ёсць вялікая любоў. Потым з'яўляецца быт, стомленасць, раздражненне. Ты бачыш не толькі добрае, але і тое, што не падабаецца. І ў нейкі момант павінен адказаць сабе на пытанне: чаму ты ўсё яшчэ побач? І калі гэта любоў, а не разлік, ты застанешся з гэтым чалавекам. Тое самае ў мяне з беларусамі.

Яна прызнаецца, што часам муж прапануе прадаць частку маёмасці, нешта змяніць у жыцці:

— Я заўсёды адказваю: прадаць можна ўсё. Акрамя Замка.

— Чаму?

— Пакуль Беларусі гэта патрэбна, я проста не магу. Пры гэтым я хачу, каб беларусы навучыліся не чакаць, пакуль нехта вырашыць іх праблемы. Калі мы хочам свабодную Беларусь, трэба вучыцца браць адказнасць на сябе.

«У мяне нармальныя адносіны з Офісам, нягледзячы ні на што»

Да Офіса Святланы Ціханоўскай у «Дапамогі» назапасілася нямала пытанняў. Галоўнае з іх — чаму структуры дэмакратычных сіл доўгі час амаль не займаліся паўсядзённымі праблемамі беларусаў у Літве.

— Калі іх пыталіся: «Як вы дапамагаеце беларусам у Літве?», яны адказвалі: «У нас на гэта няма рэсурсу. Ёсць «Дапамога»». 

Паводле Наталлі, Офіс недастаткова займаўся абаронай інтарэсаў беларусаў перад літоўскімі ўладамі. Яна згадвае размову з Франакам Вячоркам, калі ў беларусаў узнікалі праблемы з міграцыйнымі пытаннямі. Той казаў, што Офіс камунікуе з міграцыйнымі службамі і літоўскімі палітыкамі, але Наталля лічыла такую працу недастатковай.

Асобная заўвага Калегавай звязаная з падзеямі 2021 года і скандалам вакол «Дапамогі». На яе думку, тады Ціханоўская, Вячорка і іншыя ўплывовыя прадстаўнікі дэмакратычных структур маглі паспрабаваць сабраць бакі канфлікту за адным сталом.

— У дыяспары так бывае: паміж добрымі людзьмі пачынаецца нейкая сварка. І калі мы сядаем за круглы стол, вельмі шмат пытанняў вырашаецца. Той скандал вельмі дрэнна адбіўся на ўсіх беларусах. Можна было ўсё зрабіць па-іншаму.

— У мяне нармальныя адносіны з Офісам, нягледзячы ні на што. Святлана адзін раз была ў «Замку». І пасля таго, як яна прыйшла, мы страцілі пэўную колькасць данатаў. Людзі хіба вырашылі, што цяпер яна нас утрымлівае. Пачаліся размовы, што Святлана ледзь не дваццаць тысяч мне дала. А нам Офіс ніколі фінансава не дапамагаў.

Пры ўсіх назапашаных пытаннях Наталля не хоча далучацца да нападкаў крытыкаў на Ціханоўскую. Яна падкрэслівае: крытыкаваць канкрэтныя дзеянні і рашэнні можна і трэба, але для яе ёсць мяжа паміж крытыкай і калектыўным цкаваннем.

— Мне, напрыклад, не перашкаджае, што Святлана ездзіць па свеце. Мне не цікавыя яе грошы — я яе не фінансую. Цяпер толькі лянівы не піша, маўляў, Святлана скрала грошы, ці яшчэ нешта. Заўсёды ёсць за што крытыкаваць, але гэта павінна быць здаровая крытыка на карысць. А калі ўсе пачынаюць гнаць на аднаго чалавека — я гэтага не люблю. Мне нават хутчэй хочацца дапамагчы ў такой сітуацыі. 

«Чарговы шэлтар, можа, і не патрэбны. Лепш стварыць нейкі сапраўдны пенсійны фонд»

Асобныя адносіны ў Наталлі Калегавай склаліся з прапагандысткай БТ Ксеніяй Лебедзевай. Наталля жартуе, што тая стала яе своеасаблівай «прыхільніцай»: сочыць за яе дзейнасцю і рэгулярна згадвае ў сваіх матэрыялах.

— Яна пра мяне пастаянна здымае фільмы, сочыць за мной усюды, дзе толькі можна. Але мне нават цікава за ёй назіраць, таму што часам яна дае карысную інфармацыю. Глядзіш і думаеш: «Вось тут трэба быць асцярожней».

У чарговы раз Наталля трапіла ў поле ўвагі Лебедзевай пасля смерці беларускага журналіста і блогера Уладзіміра Усера. Ён памёр 6 снежня 2025 года ў Беластоку. Апошнія месяцы жыцця Усера былі цяжкімі: ён меў сур'ёзныя праблемы са здароўем, а незадоўга да смерці яго затрымалі ў Польшчы па падазрэнні ў шпіянажы. Праз стан здароўя суд не ўзяў яго пад варту, а пасля шпіталя ён жыў у цэнтры Карытас.

— Я ведала яго вельмі мала. Ён некалькі разоў прыходзіў да нас па ежу. І мне было яго вельмі шкада, — узгадвае Наталля.

Пасля смерці Усера Калегава выказала спачуванні. У той момант яна знаходзілася на Тэнэрыфэ, дзе ўжо займалася падрыхтоўкай рэтрыту для былых палітзняволеных жанчын: ездзіла глядзець вілы і прадумвала лагістыку будучай паездкі.

Гэты кантраст выкарыстала Лебедзева. У прапагандысцкім сюжэце Наталлю паказалі на фоне пальмаў, супрацьпаставіўшы яе становішча лёсу памерлага Усера. У матэрыялах дзяржаўнага тэлебачання гэта ператварылася ў фармулёўку «Каму Канары, каму морг».

— Зноў дзякуй Ксеніі Лебедзевай — заўважыла пальмы. Так, я тады была на Тэнэрыфэ. Гэтыя паездкі мы робім за свае грошы. Дзіўна было б, калі б у мяне не было грошай. Што, калі ў мяне ёсць грошы, я павінна абавязкова ўсё раздаць да нуля і сама нікуды не ездзіць? У мяне ёсць муж, у нас ёсць свае грошы. Я люблю Канары і бываю там два разы на год.

Але за гісторыяй Усера Наталля бачыць больш сур'ёзную праблему. На яе думку, беларуская супольнасць навучылася экстрана дапамагаць тым, хто ўцякае ад рэпрэсій, але дагэтуль не стварыла сістэмы доўгатэрміновай падтрымкі для людзей, якія ўжо апынуліся ў эміграцыі і праз узрост, хваробы ці цяжкае матэрыяльнае становішча не могуць справіцца самастойна:

— Тыя людзі, якія яго выцягнулі, павінны былі ім займацца. Я за тое, пра што казаў Бабарыка, — за касу ўзаемадапамогі, за тое, каб неяк вырашаць пытанні з пенсіямі. У нас ніхто гэтым не займаецца. Чарговы шэлтар, можа, і не патрэбны. Лепш бы стварылі нейкі сапраўдны пенсійны фонд. 

«Мая бабуля фактычна вяла свой тэлеграм-канал»

Наталля Калегава кажа, што ніколі не разумела жартаў пра «цярплівага беларуса», які ўсё перанясе і да ўсяго прызвычаіцца. Яе выхавалі зусім іншыя гісторыі.

Яшчэ ў дзяцінстве яна гадзінамі слухала бабулю, якая расказвала пра партызанскі Мінск, падполле, людзей, якіх ратавалі падчас акупацыі, і пра ўласную сям'ю, што перажыла рэпрэсіі.

— Я заўсёды ведала гісторыю сваёй сям'і. Таму ніколі не магла пагадзіцца, калі казалі, што беларусы — гэта людзі, якія толькі «прыцярпеліся і прывыклі». Не. Для мяне беларусы заўсёды былі вельмі смелымі. Неагрэсіўнымі — так. Але смелымі.

Бабуля падчас акупацыі тайком слухала радыё, хаця за гэта пагражаў расстрэл, перапісвала навіны ад рукі і перадавала іх іншым.

— Я цяпер жартую, што бабуля фактычна вяла свой тэлеграм-канал. Яна не думала пра гераізм і проста рабіла тое, што лічыла правільным. 

Калі адна з яе сябровак прыйшла са словамі, што немцы забралі дачку, бабуля знайшла знаёмую пашпартыстку і дапамагла выратаваць дзяўчынку. Паводле сямейных успамінаў, такім чынам ёй удалося выратаваць не адну яўрэйскую сям'ю з мінскага гета.

Пра рэпрэсіі ў доме таксама не маўчалі. Прадзеда Наталлі арыштавалі ў 1928 годзе пасля некалькіх крытычных слоў пра савецкую ўладу. Родныя доўгі час думалі, што яго саслалі ў Казахстан. Толькі праз шмат гадоў, калі сям'я атрымала доступ да архіўнай справы, высветлілася: ён загінуў у турме ўжо праз тры дні пасля арышту.

— У нас не было злосці. Мне проста з дзяцінства расказвалі праўду і дазвалялі самой рабіць высновы.

Менавіта таму, прызнаецца Калегава, фатаграфіі збітых беларусаў у 2020 годзе нечакана нагадалі ёй гісторыю ўласнага прадзеда.

Гэтую сямейную ўстаноўку яна пранесла і праз школу. Выдатніца, якая магла стаць залатой медалісткай, аднойчы адкрыта абвінаваціла дырэктарку ў тым, што тая выкарыстала не па прызначэнні грошы, заробленыя школьнікамі ў калгасе. Медаля пасля гэтага яна не атрымала.

— Ну і хай. Затое я паступіла сумленна. Для мяне людзі заўсёды былі важнейшыя за любую сістэму. Напэўна, гэта таксама ад бабулі.

«Мая Беларусь — гэта дванаццаць сотак зямлі»

Пры канцы размовы Наталля Калегава раптам узгадвае пра нешта вельмі асабістае — пра дванаццаць сотак зямлі пад Заслаўем. Гэта бацькоўская сядзіба, на якую сёння накладзены арышт.

— Я ніколі не хацела яе прадаваць. Там кедры, якія пасадзіў мой бацька. Там грэцкія арэхі. Гэта не проста зямля. Ведаеце, у кожнага ёсць свая Беларусь. Для кагосьці гэта цэлая краіна. А для мяне Беларусь — гэта тыя дванаццаць сотак. Там усё маё жыццё. Мая памяць.

Пытаюся, ці верыць яна, што яшчэ вернецца туды. Яна нават не задумваецца:

— Вядома.

Пасля ўсміхаецца.

— Я ўжо дамовілася з Лявонам Вольскім, Дзянісам Дудзінскім, Кацяй Ваданосавай. Калі Беларусь стане свабоднай, мы зробім там вялікі канцэрт. У самую кароткую ноч года. Я нават ведаю, як усё будзе выглядаць. Не ведаю толькі аднаго — у якім годзе гэта адбудзецца.

Пакуль такі канцэрт у Беларусі застаецца хутчэй марай, якой наканавана аднойчы адбыцца. Зараз жа каманда «Дапамогі» рыхтуецца да святкавання Дня нараджэння арганізацыі, якое пройдзе 5 верасня ў Замку, і адкрыла сімвалічны збор для тых, хто хоча падтрымаць дзейнасць арганізацыі. 

Мы выходзім з Замка ўжо пад вечар. Перад самым развітаннем Калегава яшчэ раз паўтарае думку, якая, здаецца, лепш за ўсё тлумачыць усё, што адбываецца ў гэтым доме ўжо шосты год:

— Калі чалавек прыйшоў да цябе ў бядзе, ты ўжо не можаш зрабіць выгляд, што яго не бачыш.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары20

  • Пытанне без адказу
    02.09.2026
    Такое вялікае інтэрв'ю і ні аднаго пытання, чаму яна і яе Дапамога ладзіць розныя акцыі з расейцамі?
  • Пытанне
    02.09.2026
    А пра шуры-буры, якія ўскрыла НН раней, яна не расказала?
    https://dck8xvlq18iei.cloudfront.net/269614
  • 1863-1864
    02.09.2026
    Bo ja tabie s pad szubienicy każu Narodzie, szto tahdy tolko zażywiesz szczaśliwo kali nad taboju Maskala ŭże nie budzie.

    Гэта пісаў Каліноўскі. Той самы, які быў павешаны расійскімі акупантамі на пляцу Лукішкі. У тым самым месцы Dapamoga Калегавай у лістападзе 2024 г. пісала, што "Беларусы разам з расейцамі" выйшлі на пратэст.

    Дадатковы каментар патрэбны?

Цяпер чытаюць

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»20

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Усе навіны →
Усе навіны

Адзін біў па «грушы», другі ўскрываў аўтамат. Двое хлопцаў абрабавалі два дзясяткі сіламераў1

У Брэсце чачэнец абрабаваў зімбабвійца. Беларус дапамагаў рабаваць, але кашалёк вярнуў1

СБУ заявіла пра прадухілены замах ФСБ на прадстаўніка расійскай апазіцыі

У Калінкавічах у каналізацыі загінулі трое работнікаў «Водаканала»7

«А мы ідзём у школу ці ў турму?» Людзі крайне негатыўна ўспрынялі надгляд дзяцей на ўваходзе ў школу12

У дзень нараджэння Адэсы Расія масіравана атакавала горад1

Пуцін абвясціў пра захоп горада, да якога расійскія войскі нават не падышлі19

ЗША зноў ударылі па Іране. Тэгеран атакаваў амерыканскія базы ў Іраку і Іарданіі

Пуцін пракаментаваў заяву Зяленскага пра закрыццё неба над Расіяй для цывільнай авіяцыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»20

Наталля Калегава расказала пра дапамогу беларускім уцекачам, сваю сям’ю, стаўленне да Ціханоўскай. І патлумачыла, хто такія «бабры» і «зайцы»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць