Першая замежная авіякампанія спыніла палёты ў Расію пасля папярэджання Зяленскага пра небяспеку ў небе
Air Tanzania прыпыніла палёты паміж Дар-эс-Саламам і Масквой, спаслаўшыся на ацэнку рызык і бяспеку пасажыраў. Гэта першая замежная авіякампанія, якая адмовілася ад рэйсаў у Расію пасля папярэджання Уладзіміра Зяленскага пра небяспеку расійскай паветранай прасторы.

Рэйсы TC422 і TC423 прыпыненыя з 4 верасня на нявызначаны тэрмін, паведаміла Air Tanzania. Кампанія патлумачыла, што прыняла рашэнне пасля планавай ацэнкі рызык на маршруце.
«Air Tanzania пастаянна праводзіць такія ацэнкі па ўсёй сваёй маршрутнай сетцы, і калі вынік сведчыць на карысць паўзы, мы яе робім. Меркаванні бяспекі заўсёды маюць перавагу над камерцыйнымі», — гаворыцца ў паведамленні перавозчыка.
Пасажырам прапанавалі цалкам вярнуць грошы або бясплатна перанесці палёт на іншую дату ці выбраць іншы маршрут.
Калі рэйсы адновяцца, невядома.
Прамыя палёты паміж Танзаніяй і Расіяй запусцілі толькі ў ліпені 2026 года — пасля перапынку, які пачаўся падчас пандэміі каранавіруса. Самалёты Boeing 787 Dreamliner павінны былі тры разы на тыдзень лётаць па маршруце Дар-эс-Салам — Масква — Занзібар.
Расавіяцыя называла прыход Air Tanzania «вельмі добрым крокам у развіцці авіяцыйнай даступнасці ўсяго Афрыканскага кантынента». У перспектыве расійскія чыноўнікі разглядалі магчымасць працягнуць маршрут да Сейшэльскіх астравоў.
Танзанія папулярная сярод расіян дзякуючы сафары-паркам і курортам Занзібара. Air Tanzania была адзіным перавозчыкам, які выконваў прамыя рэйсы паміж краінамі, піша «База».
Раней Уладзімір Зяленскі папярэдзіў замежныя авіякампаніі і страхоўшчыкаў, што палёты ў Расію, перадусім у Маскву і Санкт-Пецярбург, становяцца ўсё больш рызыкоўнымі праз пашырэнне ўкраінскіх атак дронамі. Паводле яго, «расійскае неба дэ-факта будзе закрывацца». Пры гэтым ён падкрэсліў, што Украіна не збіраецца атакаваць цывільныя самалёты.
2 верасня турэцкая Pegasus адмяніла больш за дзесяць рэйсаў у Расію, але патлумачыла гэта «тэхнічнымі аперацыйнымі прычынамі» і пасля не працягнула адмены. Яшчэ да заявы Зяленскага ізраільская El Al спыніла палёты ў Маскву з меркаванняў бяспекі.
Каментары