«Пагадзіўся дзеля дачкі». Экс-гулец зборнай Беларусі па футболе бярэ ўдзел у расійскім шоў «Тытаны»
Цімафей Калачоў распавёў пра пачатак сваёй тэлевізійнай кар'еры.

Разам з дачкой Янай ён узяў удзел у праекце «Тытаны» на расійскім тэлеканале ТНТ, паведамляе «Беларускі футбол».
— Я, калі шчыра, быў крыху ў здзіўленні і спачатку проста аджартаваўся: «Якія яшчэ «Тытаны»? І я там навошта?» Я даўно завяршыў прафесійную кар'еру і ўвогуле не разглядаў для сябе ўдзел у падобных праектах.
Паводле слоў Калачова, дачка Яна падключыла да ўгаворвання бацькі родных і сяброў.
У выніку ён пагадзіўся на ўдзел у праекце перш за ўсё дзеля дачкі: «Напэўна, галоўным для мяне быў не сам удзел, а магчымасць падтрымаць Яну і прайсці гэты вопыт разам з ёй. Я яшчэ да праекта пастаянна жартаваў, што прыму ўдзел максімум у адной серыі, а Яна пойдзе далей. Для мяне гэта быў цалкам новы досвед, але самае галоўнае — мы з Янай змаглі прайсці яго разам. Думаю, менавіта гэта і застанецца для мяне самым каштоўным успамінам пра гэты праект».
Таксама Калачоў адзначыў, што пасля завяршэння кар'еры не планаваў вяртацца да спартыўнай канкурэнцыі ў падобным фармаце: «Я ўжо даўно закончыў прафесійны спорт, мне 45 гадоў, а на праекце — маладыя, вельмі моцныя спартсмены, якія знаходзяцца ў выдатнай фізічнай форме. Таму я ўвогуле не разумеў, якое дачыненне маю да такога шоу».
Шоў «Тытаны» стартавала ўлетку 2024 года на расійскім тэлеканале ТНТ. Зараз ідзе пяты сезон.
Гэты праект — эксперымент, у якім штучны інтэлект распрацоўвае для ўдзельнікаў складаныя выпрабаванні, што правяраюць фізічную сілу, цягавітасць і спрыт. Пераможца атрымлівае званне «Тытана» і грашовы прыз 10 мільёнаў расійскіх рублёў (зараз каля 120 тысяч даляраў). Шоу з'яўляецца адаптацыяй паўднёвакарэйскага Physical: 100.
У «Тытанах» бралі ўдзел знакамітыя расійскія спартсмены, як хакеіст Ілля Кавальчук, футбалоіст Фёдар Кудрашоў, баксёр Аляксандр Паветкін, гімнаст Аляксандр Немаў.
Цімафей Калачоў закончыў кар'еру футбаліста ў 2019 годзе. Гуляў за магілёўскі «Дняпро», салігорскі «Шахцёр», расійскія «Крылы Саветаў», «Хімкі», «Растоў». За зборную Беларусі згуляў 76 матчаў.
Цяпер чытаюць
«Беларусь яны бачаць часткай Расіі». Што значыць уздым «Альтэрнатывы для Германіі», наколькі далёка гэта можа зайсці і як сябе пазіцыянаваць беларусам
Каментары