На Брэсцкай мытні спынілі спробу ўвезці з Польшчы ў Беларусь аўтамабіль SEAT Alhambra са змененым VIN-нумарам. Машыну спрабавалі аформіць як ужо зарэгістраваную на тэрыторыі ЕАЭС, каб не плаціць мытныя зборы, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

47‑гадовы беларус увёз аўтамабіль праз пункт пропуску «Брэст». Падчас кантролю ён падаў мытнікам тэхпашпарт, але звесткі ў ім не адпавядалі фактычнай маркіроўцы машыны.
Мытнікі звярнулі ўвагу на металічную пласціну з VIN-нумарам пад капотам. Яна была замацаваная не заводскім спосабам. Экспертыза пацвердзіла, што маркіроўку аўтамабіля змянілі: частку кузаўной панэлі з арыгінальнымі ідэнтыфікацыйнымі знакамі выдалілі і замянілі самаробным фрагментам.

Аўтамабіль ацэначным коштам больш за 30 тысяч рублёў канфіскавалі да рашэння суда.
Брэсцкая мытня пачала адміністрацыйны працэс паводле часткі 2 артыкула 15.1 КаАП. Гэты артыкул прадугледжвае штраф да 30 базавых велічынь, а таксама магчымую канфіскацыю транспартнага сродку.

Акрамя таго, праводзіцца праверка па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 381 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Ён тычыцца падробкі, знішчэння ідэнтыфікацыйнага нумара транспартнага сродку або рэгістрацыйных знакаў.
Каментары