Грамадства88

«Здзек з жывых істот». Беларусы абураныя ўмовамі для катоў на выставе «Мурфэст» у сталіцы

19 верасня ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Чэрвеньскі» ў Мінску пачала працу кантактная выстава катоў «Мурфэст». Ужо на наступны дзень неабыякавыя людзі пачалі біць трывогу за выстаўленых там жывёл.

Фота: murfest.official / Instagram

Па словах наведнікаў, каты ўжо выглядаюць змучанымі, хаця выстава анансавала працу да 8 лістапада ўключна. Да гэтага ж тыя самыя жывёлы пабывалі з «гастролямі» ў Расіі, дзе арганізатары таксама сутыкнуліся з крытыкай і заклікамі спыніць гэты здзек. А ў Чалябінску мясцовыя ўлады нават забаранілі правядзенне выставы «Мурфэст», зафіксаваўшы парушэнні ў транспартаванні і размяшчэнні чатырохлапых.

Беларусы, якія ўжо паспелі наведаць «Мурфэст», апавядаюць, што пад прыгожай абгорткай яны пабачылі жаданне арганізатараў нажыцца на бедных катах, якія перабягаюць з кута ў кут у надзеі знайсці супакой.

«Змучаныя, нібыта пад уздзеяннем седатыўных прэпаратаў — каты ці спяць, ці імкнуцца ўцячы ад дзяцей, якія няспынна іх ціскаюць ці тыкаюць у іх палкамі», — падзялілася назіраннямі ў Threads адна з наведніц.

«Некаторыя выглядаюць хваравітымі, вельмі ўстрывожанымі, яны ў стане стрэсу».

«Чаму ніхто на выставе не кантралюе абыходжання з жывёламі?» — задаецца пытаннем яшчэ адна беларуска, на свае вочы пабачыўшы, як арганізатары праігнаравалі агрэсіўную рэакцыю ката на дотыкі чарговага наведніка.

Скрыншоты: Threads

Выклікала ў наведнікаў пытанне і сама прастора для катоў у ГЦ.

«Пад гэты «Мурфест» арандаванае памяшканне з бетоннай падлогай, замест сценак там банеры. А калі ты туды заходзіш, то бачыш не катоў, а велізарны натоўп людзей вакол іх», — дзеліцца ўражаннямі яшчэ адна беларуска. «У цэнтры — кіпцюрадзёркі, домікі, бегавая дарожка і ўсяго тры ці чатыры латкі на ўсё памяшканне (некаторыя нават не ачышчаныя), прыкладна столькі ж паілак. Пры тым што катоў там недзе 13‑15».

Скрыншот: Threads

Па словах відавочцы, адпачынак для катоў прадугледжаны выключна ў клетках, але толькі тады, калі яго дазволяць супрацоўнікі выставы.

«Мурфэст» працуе ў сталіцы штодзённа, акрамя панядзелка, з 11:00 да 20:00. З такім графікам жывёлы ўсяго раз на тыдзень могуць паўнавартасна адпачыць ад патоку людзей, якія хочуць іх палашчыць, бо заплацілі за тое грошы. Квіткі на «Мурфэст» каштуюць ад 24 да 26 рублёў — усё гэта падаецца як «котатэрапія», аднак для саміх катоў тут прыемнага мала.

«Калі ўлічваць, што да прыезду ў Мінск тыя ж каты пабывалі на гастролях у Расіі, то гэта выглядае як жудасная эксплуатацыя, якая можа прывесці да хвароб на фоне стрэсу», — кажа ветэрынар.

Скрыншоты: mur-fest.by/minsk

У Расіі арганізацыя «Мурфэсту» каранямі цягнецца да прадпрымальніка Юрыя Ткачэнкі з Саратава (менавіта яму адмовілі ў свой час у ліцэнзіі ў Чалябінску).

У Мінску за прывоз катоў на тэрыторыю Чэрвенскага ГЦ адказная кампанія «Экзібіт», зарэгістраваная ў Беларусі з 2024 года і асноўная дзейнасць якой — «арганізацыя адпачынку і забаў».

Журналіст «Нашай Нівы» звярнуўся да арганізатараў «Мурфэста» ў Мінску як прыватная асоба.

«Хочам запэўніць вас, што выстава строга выконвае ўсе нормы і правілы, скіраваныя на забеспячэнне дабрабыту жывёл і камфорт наведвальнікаў. Усе коткі ў нас знаходзяцца пад назіраннем прафесіяналаў, і іх здароўе кантралюецца. Мы абмяжоўваем колькасць наведвальнікаў, каб стварыць камфортную атмасферу», — пракаментавалі там.

Пры гэтым ад дадатковага пытання наконт канкрэтнай дазволенай колькасці наведнікаў арганізатары ўхіліліся, цьмяна ўдакладніўшы, што «строгага абмежавання па колькасці наведнікаў няма, але мы імкнёмся рэгуляваць плынь людзей».

На афіцыйнай старонцы фэста ў інстаграме да некаторых пастоў была абмежаваная магчымасць каментавання. Там жа, дзе гэта яшчэ магчыма, негатыўныя водгукі падчышчаюцца.

Каментары8

  • VS213
    22.09.2026
    Организаторов надо вместе с котами выстаить, чтобы их тоже гладили, палками тыкали. И биотуалет, и бутулку воды. Выставка двух видов жиотного мира. Посетители также обязаны побыть экспанатами этой выставки минут так на 30.
  • Gojda
    22.09.2026
    Россияне всех мучают, не только животных.
  • Імя
    22.09.2026
    Уся гэта кантактная трасца павінна быць забаронена, бо калі гэта зрабіць так, каб гэта не было здзекам над жывёламі (доўгі спіс правіл і магчымасць "экспанатам" хавацца хоць на цэлы дзень) - будуць скандалы з абуранымі наведвальнікамі, якія заплацілі грошы за прагляд пустога пакою.

Цяпер чытаюць

Ціханоўскі: Ціханоўскай можна было ў 2020‑м не пабаяцца турмы. І, можа, у беларусаў быў бы шанец137

Ціханоўскі: Ціханоўскай можна было ў 2020‑м не пабаяцца турмы. І, можа, у беларусаў быў бы шанец

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША ўцёк з турмы забойца, асуджаны да пажыццёвага зняволення1

Памёр акцёр Патрык Сцюарт, зорка «Зорнага шляху» і «Людзей Ікс»1

Наста Кудасава. Мы не верылі ў трыццаць сёмы — і да нас пагрукаў дваццаты13

УСУ ракетным ударам паразілі пускавую ўстаноўку для «Іскандэраў»3

У Польшчы людзі выклікалі паліцыю на «чорнага чалавека» ў падвале. Аказалася, што сапраўды чорны, але бабёр4

Чыноўнікі расказалі, калі ў Беларусі адновяць унутраныя авіярэйсы1

Ашчадзілі $1000 на паездцы, але пашкадавалі. Беларусы расказалі, як з'ездзілі на адпачынак у Егіпет

Памятаеце Пятрушу, які выдзіраў правады «дыджэям Перамен»? Яго перавялі ў трэцюю лігу чыноўнікаў пасля месяцаў беспрацоўя13

Пуцін заявіў пра гатоўнасць да вайны з Еўропай27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўскі: Ціханоўскай можна было ў 2020‑м не пабаяцца турмы. І, можа, у беларусаў быў бы шанец137

Ціханоўскі: Ціханоўскай можна было ў 2020‑м не пабаяцца турмы. І, можа, у беларусаў быў бы шанец

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць