Спроба ўзяць паркавую вавёрку на рукі можа скончыцца не толькі драпінамі, але і небяспечнымі інфекцыямі. Спецыялісты нагадваюць, што да дзікіх жывёл трэба ставіцца асцярожна і не спрабаваць наладжваць з імі непасрэдны кантакт, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Некаторыя людзі ўспрымаюць вавёрак як хатніх гадаванцаў: кормяць іх арэхамі, бяруць на рукі і спрабуюць пагладзіць. Аднак вавёркі, як і ўсе цеплакроўныя жывёлы, могуць пераносіць шаленства.
Найбольш распаўсюджаны шлях заражэння — укус, калі сліна жывёлы трапляе ў рану. Заразіцца таксама можна праз драпіны або пры траплянні біялагічных вадкасцяў жывёлы на слізістыя абалонкі чалавека.
Звычайная рэакцыя вавёркі на спробу чалавека наблізіцца — уцёкі. І гэта добры знак, бо адным з асноўных сімптомаў шаленства з'яўляецца адсутнасць страху перад чалавекам. Калі ўсё ж хочацца пачаставаць вавёрку, арэхі лепш пакласці на зямлю каля дрэва, не спрабуючы дакранацца да жывёліны.
У Мінску ў 2026 годзе выпадкаў заражэння людзей шаленствам пасля кантакту з вавёркамі не зафіксавалі. Аднак жывёлы кусалі і драпалі людзей, а іх сліна трапляла ў кроў пацярпелых. Людзі своечасова звярталіся па медыцынскую дапамогу і праходзілі курс антырабічных прышчэпак, што дазваляла прадухіліць заражэнне.
Пасля небяспечнага кантакту з жывёлінай чалавеку могуць прызначыць шэсць уколаў. Вельмі важна пачаць прафілактыку да з'яўлення клінічных сімптомаў шаленства, бо пасля іх узнікнення хвароба практычна заўсёды заканчваецца смерцю.
Акрамя таго, вавёркі могуць пераносіць і іншыя інфекцыі, у тым ліку тулярэмію. Для развіцця цяжкай формы гэтага захворвання дастаткова трапляння ў арганізм усяго дзесяці бактэрый. У найбольш цяжкіх выпадках хвароба можа нагадваць сепсіс і суправаджацца высыпкай, пнеўманіяй і памутненнем свядомасці.
Таму спецыялісты раяць назіраць за жывёламі на бяспечнай адлегласці.
Каментары
Дарэчы, з таго часу толькі аднойчы вавёрка патрапіла мне на вочы ў тым парку. Падобна, што яны там зьвяліся, вароны не далі спакойнага жыцьця.