Бяда ахапіла больш за 2600 кіламетраў узбярэжжа Афрыкі. Берагі літаральна ўсеяныя загінулымі сардзінамі. Што за небяспечны вірус знішчае рыбу, чаму менавіта ў гэтыя месяцы пінгвінам пагражае галодная смерць і ці гатовыя ўлады ахвяраваць мільёнамі даляраў дзеля выратавання птушак? У сітуацыі разбіралася The Guardian.

Усё пачалося ў канцы ліпеня, калі рыбакі на паўднёваафрыканскім узбярэжжы заўважылі ў моры мёртвую рыбу, а ў пачатку жніўня хвалі сталі выкідваць тысячы сардзін на пляжы непадалёк ад Кейптаўна. Неўзабаве паведамленні пра загінулую рыбу пачалі прыходзіць з розных пунктаў узбярэжжа на працягласці больш за 2600 кіламетраў — ад Намібіі да правінцыі Усходні Кейп у ПАР.
Лабараторныя аналізы паказалі, што прычынай мору стаў герпесвірус сардзін (PHV). Для чалавека ці драпежнікаў, якія ядуць заражаную рыбу, ён небяспекі не ўяўляе.
Як вірус трапіў у Паўднёвую Афрыку, яшчэ высвятляюць. Найбольш імаверна, яго завезлі з замарожанымі сардзінамі, якія выкарыстоўваюць у кансервавай прамысловасці або як рыбалоўную прынаду. Раней у мясцовай папуляцыі гэты вірус не знаходзілі.

Пагроза для пінгвінаў
Сардзіны адыгрываюць ключавую ролю ў марской экасістэме. Праз высокую пажыўнасць іх часта называюць «энергетычнымі батончыкамі акіяна». Імі сілкуюцца дэльфіны, марскія коцікі, а таксама марскія птушкі.
Асабліва востра сітуацыя стаіць для афрыканскіх пінгвінаў, чый рацыён складаецца амаль выключна з сардзін і анчоўсаў. У кастрычніку ў гэтых птушак пачынаецца перыяд лінькі, які доўжыцца да лютага. У гэты час пінгвіны асабліва ўразлівыя і маюць патрэбу ў дастатковай колькасці ежы, таму дэфіцыт рыбы можа нанесці непапраўны ўдар па іх папуляцыі.
У 2024 годзе афрыканскіх пінгвінаў афіцыйна аднеслі да катэгорыі відаў, якія крытычна знікаюць. У дзікай прыродзе засталося менш за 10 тысяч пар.
Каб прадухіліць экалагічнае бедства, група з дванаццаці навукоўцаў і прыродаахоўных арганізацый заклікала ўрад неадкладна прыпыніць прамысловы вылаў сардзін, пакуль не стане зразумелым маштаб мору. Падлічыць колькасць загінулай рыбы цяпер немагчыма, бо значная яе частка апускаецца на марское дно.
Спыніць лоўлю?
Аднак прадстаўнікі рыбалоўнай галіны выступілі рэзка супраць. Паводле іх ацэнак, поўнае закрыццё промыслу прынясе эканоміцы Паўднёвай Афрыкі страты ў памеры больш за $65 мільёнаў і пакіне без сродкаў да існавання тысячы сем'яў у прыбярэжных паселішчах.
У выніку ўлады вырашылі пакуль не забараняць промысел цалкам, але ўвялі часовыя строгія абмежаванні на вылаў да 2 кастрычніка. Гэта было зроблена для таго, каб выйграць час і не дазволіць рыбалоўным кампаніям у спешцы вылавіць як мага больш рыбы. Пры гэтым урад папярэдзіў: ніякіх гарантый, што пасля 2 кастрычніка прамысловы вылаў будзе працягнуты, няма.
Эколагі лічаць такія меры недастатковымі і нагадваюць пра сумны вопыт Акіяніі ў 1990‑я гады, калі аналагічны вірус знішчыў да 60% аўстралійскіх сардзін, а на аднаўленне іх колькасці спатрэбіліся гады.
Дакладны стан папуляцыі стане вядомы пасля штогадовага акустычнага маніторынгу, які навукоўцы праводзяць у кастрычніку і лістападзе. Яго вынікі апублікуюць у пачатку снежня. Менавіта на іх падставе ўрад вызначыць аб'ёмы квот на новы рыбалоўны сезон, які павінен адкрыцца 15 студзеня.
На ўзбярэжжы ПАР імкліва выміраюць з-за голаду афрыканскія пінгвіны
Эль-Ніньё пакідае свет без хамсы. Чаму ж тады даражэйшымі могуць стаць ласось і крэветкі?
У свеце значна зменшылася папуляцыя скумбрыі
У Нарвегіі на ласосевых фермах адзначаецца высокая гібель рыбы
Рэкордна нізкі ўзровень лёду ў Антарктыдзе забіў тысячы птушанят пінгвінаў
Каментары