У Беларусі змянілі ўмовы працы прыватных сацыяльных пансіянатаў. Улады плануюць прыцягваць іх да аказання сацыяльных паслуг у межах дзяржаўнага заказу. Адпаведныя ўмовы вызначаныя ў пастанове ўрада, якая павінна садзейнічаць развіццю рынку сацыяльных паслуг і зрабіць іх больш даступнымі.

Дзяржава вызначыла катэгорыі грамадзян, якім можа надавацца стацыянарнае сацыяльнае абслугоўванне. У іх ліку адзінокія пажылыя людзі, а таксама адзінокія інваліды I і II груп — пры іх згодзе.
Для камерцыйных арганізацый, якія будуць выконваць дзяржаўны заказ, вызначаецца абмежаванне кошту сацыяльных паслуг. Дзяржава не будзе набываць іх даражэй за тарыф, зацверджаны аблвыканкамамі або Мінскім гарвыканкамам.
Прыватныя пансіянаты, якія ўдзельнічаюць у дзяржаўным заказе, могуць атрымаць пэўныя льготы ад мясцовых уладаў. Ім могуць зменшыць арэндную плату за нерухомасць, якая выкарыстоўваецца для аказання сацыяльных паслуг. Таксама яны могуць атрымаць пераважнае права набываць без правядзення таргоў нерухомасць, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці і не выкарыстоўваецца або выкарыстоўваецца неэфектыўна.
Для камерцыйных арганізацый, якія аказваюць стацыянарныя сацыяльныя паслугі, прадугледжваецца і фінансавая падтрымка. Яны змогуць карыстацца адмысловым крэдытным прадуктам для рэалізацыі сацыяльна значных праектаў, калі будуць выкананыя ўстаноўленыя патрабаванні.
Акрамя таго, органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне будуць дапамагаць прыватным арганізацыям накіроўваць іх супрацоўнікаў на навучанне навыкам догляду за людзьмі, а таксама патрабаванням да зместу і якасці сацыяльных паслуг.
Асобна ў пастанове ўрэгулявалі пытанне медыцынскай дапамогі людзям, якія знаходзяцца ў прыватных пансіянатах. Яны змогуць атрымліваць медыцынскую дапамогу ў дзяржаўных паліклініках і бальніцах, а аплата такога абслугоўвання будзе ажыццяўляцца за кошт бюджэту.
Каментары