Экспарт нафты з Персідскага заліва аднавіўся амаль да даваеннага ўзроўню
Краіны Персідскага заліва, не лічачы Ірана, у верасні аднавілі пастаўкі нафты і паліва да 81% ад даваеннага ўзроўню. Гэта адбылося пераважна дзякуючы Саудаўскай Аравіі. Экспарт самога Ірана праз амерыканскую блакаду ўпаў да нуля.

Саудаўская Аравія, Кувейт, Катар, Аман, Бахрэйн, Ірак і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ў верасні экспартавалі ў сярэднім 19,2 мільёна барэляў нафты і нафтапрадуктаў за суткі. Да пачатку вайны вакол Ірана гэты паказчык складаў каля 23,6 мільёна барэляў, піша Reuters.
Асноўную ролю ў аднаўленні паставак адыграла Саудаўская Аравія. За месяц яна павялічыла экспарт на 4,2 мільёна барэляў за суткі — да 6,6 мільёна. Гэты рост кампенсаваў падзенне паставак з Ірана, Кувейта і Катара.
Пастаўкі сырой нафты і кандэнсату ўжо дасягнулі 91% даваеннага ўзроўню.
Значна горшая сітуацыя з гатовым палівам, у тым ліку звадкаваным газам: яго экспарт аднавіўся толькі да 60%.
Скарачэнне паставак дызельнага і авіяцыйнага паліва ўзмацніла сусветны дэфіцыт і падштурхнула цэны на некаторых рынках да рэкордных або блізкіх да рэкордных значэнняў.
Каб абараніць танкеры ад іранскіх атак, перавозчыкі ўсё часцей выкарыстоўваюць «цёмныя рэйсы» — выключаюць сістэмы адсочвання суднаў і спрабуюць прайсці маршрут незаўважанымі.
«Штодзённыя аб’ёмы паставак цяпер значна больш нестабільныя, чым да вайны. Таму галоўнае пытанне — ці ўдасца захаваць цяперашні ўзровень», — адзначыла аналітык Vortexa Клэр Джангман.
Каментары