Камандуючы НАТА заклікаў Еўропу ўзмацніць падтрымку Украіны ў адказ на расійскія гібрыдныя атакі
Расія спрабуе зламаць волю еўрапейцаў у падтрымцы Украіны, лічыць Алексус Грынкевіч. Павелічэнне дапамогі Кіеву пакажа Маскве, што гэтая стратэгія не працуе.

Галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе Алексус Грынкевіч заклікаў еўрапейскія краіны ўзмацніць падтрымку Украіны ў адказ на расійскія гібрыдныя атакі. Пра гэта ён заявіў у Варшаве ў інтэрв’ю Bloomberg.
Гаворка ішла пра парушэнні паветранай прасторы краін НАТА, падпалы, дыверсіі і кібератакі.
«Яны спрабуюць зламаць нашу агульную волю», — сказаў Грынкевіч.
Ён ухваліў рашэнні Даніі і Германіі павялічыць дапамогу Украіне пасля гібрыдных атак на іх тэрыторыях.
«Гэта належныя меры ў адказ, якія дэманструюць Расіі, што мэты, якіх яна імкнецца дасягнуць, недасягальныя», — заявіў камандуючы.
Паводле Bloomberg, НАТА пераважна пакідае рэагаванне на такія інцыдэнты асобным дзяржавам. Грынкевіч пры гэтым падкрэсліў, што не баіцца публічна ўскладаць адказнасць за атакі на Расію.
Ён таксама выказаў упэўненасць, што палітычныя сілы, якія крытыкуюць дапамогу Кіеву, усвядомяць значэнне Украіны для бяспекі сваіх краін.
У Польшчы Грынкевіч прадстаўляе і сваю стратэгію хуткай перамогі ў выпадку расійскага нападу на тэрыторыю НАТА. Паводле яго, дэманстрацыя таго, што чакае Расію пры ўварванні, павінна стрымаць Маскву. Стратэгія прадугледжвае выкарыстанне дронаў і штучнага інтэлекту разам з наяўнымі сродкамі альянсу, у тым ліку знішчальнікамі F-35.
Каментары