Радаслаў Сікорскі заклікаў еўрапейскія краіны закрыць расійскія консульствы
І абмежаваць перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў па сваёй тэрыторыі.

Еўрапейскія краіны павінны закрыць расійскія консульствы, абмежаваць перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў па сваёй тэрыторыі і скараціць колькасць расійскага дыпламатычнага персаналу. Пра гэта заявіў у інтэрв’ю Financial Times (FT) міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Паводле яго слоў, Варшава ўжо зрабіла аналагічныя крокі. «У мяне больш не засталося консульстваў, але ў іншых яны яшчэ ёсць», — сказаў міністр.
Сікорскі таксама прапанаваў абавязаць усіх расіян, якія ўязджаюць у Еўрасаюз, мець біяметрычныя замежныя пашпарты. Гэта перашкодзіць меркаваным расійскім агентам перасякаць межы пад выдуманымі імёнамі, патлумачыў ён.
Акрамя таго, кіраўнік польскага МЗС падтрымаў заклікі скараціць выдачу турыстычных віз расіянам. Паводле звестак FT, летась краіны ЕС выдалі грамадзянам Расіі амаль 500 тысяч такіх віз.
Тым часам 12 кастрычніка міністры замежных спраў краін Еўрасаюза абмяркуюць у Люксембургу абмежаванні на перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў па тэрыторыі аб’яднання, а таксама магчымае ўзмацненне жорсткасці правілаў выдачы турыстычных віз расіянам.
Каментары