МЗС Беларусі назваў план НАТА на выпадак расійскага нападу падрыхтоўкай да агрэсіі
Беларусь рашуча асуджае заявы галоўнакамандуючага аб'яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе генерала Алексуса Грынкевіча, які прадставіў так званую «Тэорыю перамогі». Пра гэта заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Варанкоў.

Паводле Варанкова, канцэпцыя прадугледжвае прэвентыўныя ўдары па беларускай тэрыторыі з выкарыстаннем дронаў і наземных рабатызаваных сістэм, хоць насамрэч план НАТА апісвае дзеянні ў адказ на напад Расіі на альянс.
«Пад прыкрыццём абарончых фармулёвак блок фактычна рыхтуе глебу для ваеннай эскалацыі і агрэсіі», — заявіў прэс-сакратар.
Ён таксама сцвярджае, што Беларусь нікому не пагражала, а яе ваенная дактрына мае выключна абарончы характар. МЗС заклікаў заходнія краіны да дыялогу і аднаўлення даверу.
Грынкевіч прадставіў «Тэорыю перамогі» на Варшаўскім форуме бяспекі. Яе мэта — спыніць магчымы расійскі напад на ўсходні фланг НАТА. План прадугледжвае тры этапы: адбіць першапачатковую атаку, спыніць далейшае прасоўванне і, калі агрэсія працягнецца, разбурыць здольнасць праціўніка кіраваць войскамі і забяспечваць іх.
У выпадку расійскага нападу сярод цэляў названыя расійскія камандныя пункты і сістэмы супрацьпаветранай абароны ў Беларусі, Калінінградскай вобласці і вакол Пецярбурга. Такія ўдары павінны адкрыць шлях для контрнаступу альянсу.
Беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася Расіяй для ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.
Каментары