Свет4444

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Галоўнакамандуючы аб'яднанымі сіламі NATO ў Еўропе, амерыканскі генерал Алексус Грынкевіч, на Варшаўскім форуме бяспекі ўпершыню публічна апісаў новую ваенную стратэгію Альянсу на выпадак нападу Расіі на ўсходні фланг.

Алексус Грынкевіч. Фота: AP Photo/Attila Husejnow

Па словах Грынкевіча, сакрэтная версія плана была зацверджаная тры месяцы таму. Свой пасыл і занепакоеным еўрапейцам, і патэнцыйнаму агрэсару ён сфармуляваў коратка: «Мы дамо адпор». Тэрыторыя Беларусі названая ў плане сярод цэляў, пераказвае яго выступ The Wall Street Journal.

Калі Расія нападзе, NATO мае намер наносіць удары па расійскіх камандных пунктах і сістэмах СПА ў Беларусі, Калінінградскай вобласці і вакол Пецярбурга. Мэта такіх удараў у тым, каб пазбавіць праціўніка перавагі ў паветры і адкрыць шлях для контрнаступу. Гэта адкрытае папярэджанне: калі Беларусь стане плацдармам для агрэсіі, яна стане і зонай баявых дзеянняў.

Капцэпцыя пад назвай «Тэорыя перамогі» (Theory of Victory) прадугледжвае «разгром праціўніка ў тры этапы».

На першым этапе, які атрымаў назву Block («Блакаваць»), сілы НАТО мусяць адбіць першапачатковую атаку. Калі праціўнік працягне наступ, альянс перайдзе да другога этапу — Blunt («Аслабіць удар»). Яго задача — пазбавіць наступальныя войскі магчымасці прасоўвацца далей.

Трэці этап — Break («Разграміць») — прадугледжвае знішчэнне не толькі наступальных падраздзяленняў, але і ўсёй ваеннай сістэмы, якая забяспечвае іх дзеянні. Для гэтага НАТО плануе перарэзаць шляхі забеспячэння, вывесці з ладу сістэмы камандавання і пазбавіць атакуючыя войскі баяздольнасці.

Наступ чакаюць менавіта з беларускага кірунку

План разлічаны на сітуацыю, калі Расія, выкарыстаўшы геаграфічную перавагу, хутка сканцэнтруе войскі супраць Польшчы і краін Балтыі. Беларусь мяжуе з усімі гэтымі краінамі. Расія ўжо выкарыстоўвала беларускую тэрыторыю для ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, таму ў рэгіёне такі сцэнар успрымаюць сур'ёзна.

Каля беларускай мяжы можа з'явіцца «аўтаномная зона»

Стратэгія прадугледжвае шырокую паласу, дзе дроны і наземныя робаты павінны спыніць наступ без вялікіх страт сярод вайскоўцаў. Такая паласа, імаверна, пройдзе ўздоўж межаў Польшчы і Літвы з Беларуссю і Расіяй. Грынкевіч падкрэсліў стаўку на «даступную масу», гэта значыць на танныя дроны па ўкраінскім узоры.

Суседзі Беларусі рыхтуюцца да абароны

Па даных за 2025 год, Польшча выдаткоўвае на абарону 4,3% ВУП, Літва 4%, Латвія 3,6%, Эстонія 3,4%. Гэта самыя высокія паказчыкі ў Еўрапейскім саюзе.

NATO не імкнецца да змены рэжыму ў Расіі

Грынкевіч асобна падкрэсліў, што Альянс не ставіць на мэце разграміць Расію ці змяніць уладу там. Мэта ў тым, каб спыніць напад і не дапусціць эскалацыі, у тым ліку ядзернай. Для беларусаў гэта азначае, што лёсу рэжыму ў Мінску гэты план не вырашае.

У час калі генерал Грынкевіч выступаў у Варшаве, больш за 20 тысяч вайскоўцаў NATO ўдзельнічалі ў дзесяцідзённых штабных вучэннях Steadfast Duel. Па сцэнары, каля мільёна саюзных жаўнераў абараняюцца ад уварвання падобнай па памеры арміі «з усходу». Краіна-агрэсар з палітычных меркаванняў не называецца.

Трывожны фон: Вашынгтон

Выступ генерала ў многім адсунулі ў цень на фоне апошняй заявы Дональда Трампа. Ён абвясціў пра здзелку на імпарт расійскага дызельнага паліва, раскрытыкаваў Зяленскага за ўдары па расійскай энергетыцы, а потым абвясціў «энергетычнае перамір'е». Аднак неўзабаве пасля гэтага Расія ўдарыла па электрастанцыі ў Харкаве. Большасць у Еўропе і многія ў ЗША мяркуюць, што здзелка дае Маскве грошы і легітымізуе пуцінскую вайну.

Акрамя таго, Пентагон завяршае перагляд амерыканскай вайсковай прысутнасці ў Еўропе, і войскаў там можа стаць менш. З прычыны вытрат падчас вайны з Іранам у Еўропе бракуе ракет-перахопнікаў Patriot PAC-3 і ракет ATACMS. Тэрмінаў, калі абарона будзе ўмацаваная, Грынкевіч не назваў.

Расійская «ценявая вайна»

Тым часам дроны ўжо цяпер парушаюць паветраную прастору NATO, і адбываюцца дыверсіі супраць інфраструктуры і абаронных прадпрыемстваў. Так, нядаўна дрон з выбухоўкай быў скіраваны ў аэрапорт Лейпцыга, толькі цудам атака сарвалася. Беларусам гэтая тэма знаёмая, бо інцыдэнты з дронамі і паветранымі шарамі на польскай і літоўскай мяжы ўжо даўно сталі часткай напружання ў рэгіёне.

Раней на Захадзе лічылі, што пасля заканчэння вайны ва Украіне ў Альянса будзе некалькі гадоў, перш чым Расія зможа падрыхтаваць маштабны напад. Цяпер NATO спяшаецца.

Для Беларусі выснова простая: у плане NATO яна разглядаецца як бязвольная частка ваеннай машыны Расіі. Калі Масква пачне вайну з Альянсам, беларуская тэрыторыя з першых дзён стане аб’ектам удараў і полем бою.

Каментары44

  • Поцык
    12.10.2026
    Но только не по Москве. Даже странно, что Санкт-Петербург в списке. Может, по Сухуми лучше?
  • Стратэх
    12.10.2026
    ТЯО Варшава,Берлин ,а так же локально.
    По тяжелому отхватят Лондон,Париж и Вашингтон.
    А полетит ,в целом, во всех и ото всех.

    [Зрэдагавана]
  • Не трэба нам паміраць за кааператыў возера
    12.10.2026
    "нанесеныя па Беларусі," слухачы цоя - шамана - пушкіна, а вы як разважалі ? таму Аўстрыйская Дамова 1955 адзіны шлях дзеля нас. Не трэба нам паміраць за кааператыў возера, за іх імперыю !

Цяпер чытаюць

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу43

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Усе навіны →
Усе навіны

Адміністрацыя Трампа пагражае заблакаваць пастаўкі зброі Украіне з-за атак на расійскія НПЗ12

Камандуючы НАТА заклікаў Еўропу ўзмацніць падтрымку Украіны ў адказ на расійскія гібрыдныя атакі7

Прэм’ер Брытаніі заявіў, што Расія ўмешвалася ў рэферэндум па брэксіце дзесяць гадоў таму3

Пяскоў: Зяленскі не мае палітычнай волі для спынення канфлікту13

Бюстгальтар замест топа — новы трэнд сезона захоплівае подыумы4

Расія пакуль не пагадзілася на энергетычнае перамір’е, пра якое абвясціў Трамп5

Браты Протасы дапамаглі Авечкіну закінуць чарговую шайбу ў НХЛ і наблізіцца да вечнага рэкорду Грэцкі

Прынцэса зразумела, што яе абрабавалі, калі ўбачыла свой заручальны пярсцёнак на вокладцы каталога аўкцыёну

Больш за 60 чалавек затрыманыя пасля канцэрта Макса Каржа ў Франкфурце-на-Майне. Са сцэны спявак заклікаў спыніць вайну ва Украіне19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу43

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць