Затрыманы пасля пажару ў былой рэзідэнцыі Гітлера аказаўся 33‑гадовым жыхаром Берліна
Мужчына паводзіў сябе неадэкватна.

Мужчына, затрыманы па падазрэнні ў падпале гістарычнага будынка Кельштайнхаус («Арлінае гняздо») у Баварыі, аказаўся 33‑гадовым жыхаром Берліна, які нарадзіўся ў Баварыі.
Паводле інфармацыі Bild, пасля затрымання мужчына паводзіў сябе неадэкватна, што выклікала пытанні наконт яго псіхічнага стану. Паліцыя працягвае яго допыт. Датычнасць затрыманага да пажару пакуль не ўстаноўлена.
Пажар пачаўся напярэдадні ўвечары ў будынку, які быў пабудаваны ў 1937—1938 гадах як прадстаўніцкая рэзідэнцыя Адольфа Гітлера. Падчас Другой сусветнай вайны Кельштайнхаус практычна не пацярпеў, а з 1952 года выкарыстоўваўся як рэстаран і турыстычная славутасць.
Агонь нанёс збудаванню сур'ёзныя пашкоджанні, і, паводле папярэдняй ацэнкі паліцыі, верагодна, аднавіць яго не ўдасца.
Каментары