Польскі банк Millennium будзе прымаць ад беларусаў замест пашпарта праязны дакумент іншаземца
Польскі банк Millennium будзе прызнаваць польскі праязны дакумент для іншаземца дакументам, які пацвярджае асобу кліента. Пра гэта банк паведаміў у сацыяльнай сетцы X у адказ на зварот ініцыятывы Białorusini DP. Такое рашэнне прынялі пасля шматлікіх зваротаў беларусаў, якія не могуць атрымаць новыя нацыянальныя пашпарты, піша выданне Most.

У банку патлумачылі, што разумеюць становішча кліентаў, якія з незалежных ад іх прычын не могуць абнавіць пашпарт у краіне паходжання. Таму цяпер завяршаецца ўнясенне змяненняў у працэдуры і банкаўскія сістэмы. Не пазней за снежань 2026 года праязны дакумент для іншаземца, выдадзены польскімі ўладамі, таксама будуць прымаць для пацвярджэння асобы кліента.
Акрамя таго, банк падоўжыў тэрмін абнаўлення дакументаў да 30 студзеня 2027 года. Раней кліентам паведамлялі, што зрабіць гэта неабходна да 12 снежня 2026 года. У Millennium заявілі, што хочуць даць людзям дастаткова часу для выканання ўсіх фармальнасцяў. Кожны выпадак банк абяцае разглядаць індывідуальна з улікам абставінаў кліента і дзейных прававых патрабаванняў.
Аднак беларусы ў каментарыях звярнулі ўвагу, што застаецца нявырашанай яшчэ адна праблема — становішча людзей, якія апынуліся ў прамежку паміж картамі побыту. Яны легальна жывуць і працуюць у Польшчы, але тэрмін дзеяння папярэдняга дазволу на жыхарства ўжо скончыўся, а рашэння па новай заяве яшчэ няма.
У кастрычніку беларусы і расіяне, якія маюць рахункі ў Millennium, пачалі атрымліваць паведамленні з патрабаваннем абнавіць дакументы да 12 снежня 2026 года. У адваротным выпадку банк пагражаў абмежаваць аперацыі па рахунках і банкаўскіх картках. Для праверкі асобы патрабаваліся пашпарт і дазвол на жыхарства альбо дыпламатычнае ці консульскае пасведчанне.
Пасля гэтага многія беларусы пачалі звяртацца ў банк з пытаннем, як ім прайсці праверку, калі яны легальна знаходзяцца ў Польшчы, але не маюць ні сапраўднага нацыянальнага пашпарта, ні дзейнай карты побыту. У адказ на праблему была арганізаваная кампанія па накіраванні скаргаў у банк ад людзей, якія апынуліся ў такой сітуацыі.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск
Каментары