Былы палітвязень і экс-кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук адкрыў бізнэс у Літве
Чым жа будзе займацца?

Дзмітрый расказаў «Нашай Ніве», што абраў тую ж сферу, у якой працаваў на радзіме — збор адходаў.
— У Беларусі ў мяне была адна з самых буйных кампаній. У тым ліку яна займалася зборам бытавой тэхнікі на перапрацоўку. Калі я вымушана апынуўся ў Літве, то праз нейкі час вырашыў, што варта ствараць кампанію, якая будзе займацца тым самым.
Тыдзень таму Дзмітрый зарэгістраваў у Літве фірму. Першыя замовы ўжо ёсць.
— Кожны чалавек перыядычна думае, куды падзець стары мабільнік, камп’ютар, халадзільнік… Усё гэта нельга проста выкінуць, каб не пакідаць пасля сябе такі экалагічны след. Бытавую тэхніку варта здаваць на перапрацоўку, бо з яе могуць здабыць розныя металы, у тым ліку каштоўныя.

Гаворачы простай мовай, кожны, хто хоча выкінуць стары халадзільнік, можа пакінуць заяўку Дзмітрыю, і той арганізуе яго вываз. У Вільні — у той жа дзень, па Літве — цягам тыдня.
— Прааналізаваў сітуацыю ў Літве. Тут, калі да цябе прыязджаюць па тэхніку, не плацяць нічога. А калі чалавек сам прывозіць на прыёмны пункт, плацяць невялікую кампенсацыю. Мы за буйнагабарытную тэхніку гатовы заплаціць сімвалічную суму — і самі ўсё вывезці. Наш мікрааўтобус — гэты мабільны пункт збору.
Пакуль Дзмітрый абышоўся без крэдытаў і інвестыцый — на тое, каб распачаць сваю справу, выдаткаваў грошы, які як былы палітвязень атрымаў ад «Байсола».
— Калі я прыехаў у Літву, у мяне не было ні капейкі. Паколькі ў Беларусі я прызнаны тэрарыстам, усе рахункі маёй кампаніі былі арыштаваныя. Атрымліваецца, што мой бізнэс падтрымалі беларусы, якія данацілі былым палітзняволеным. За тыя грошы я зрабіў сайт, арандаваў мікрааўтобус, ну і аплаціў рэкламу.
Зарэгістраваць кампанію ў Літве можна дыстанцыйна. Дзмітрыю дапамагалі юрысты, бо ён хваляваўся пра моўны бар'ер. Адзначае, што беларусам можа быць складана адкрыць разліковы рахунак, бо банкі правяраюць усё з пункту гледжання бяспекі.
— Але тут ёсць іншы фактар, які вельмі важны для бізнэсмэнаў — гэта інвестыцыйны клімат. Я паразмаўляў з некалькімі прадпрымальнікамі. Яны кажуць, што, калі вы дапускаеце нейкія памылкі па падаткаабкладанні ці яшчэ чамусьці, першы год усё гэта могуць дараваць. Самі літоўскія дзяржаўныя органы вельмі зацікаўлены ў тым, каб дапамагчы бізнэсу. Гэта ў Беларусі ў выпадку невялікай нейкай памылкі табе адразу штраф, і хоць ты, можа, не маеш досведу, табе прыляціць літаральна ў першы месяц. У Літве ты не баішся дапусціць нейкіх памылак, атмасфера на цябе зусім не цісне. Таму можна сканцэнтравацца на працоўных справах, а не на бясконцых праверках.

Дзмітрый настроены аптымістычна, бо рынак Літвы і Еўрасаюза значна большы за беларускі.
— Прыемна, што ёсць беларускі бізнэс і ў Літве, і ў Польшчы. Беларусы атрымліваюць каласальны досвед працы на еўрапейскім рынку. У будучыні, калі Беларусь зможа наладзіць адносіны з Еўрасаюзам, гэта будзе вельмі карысна, бо чыноўнікі і дзяржаўныя прадпрыемствы не будуць да гэтага гатовымі.
Каментары