У 2026 годзе ВУП Беларусі, паводле прагнозу Міжнароднага валютнага фонду, складзе 108,11 мільярда даляраў. Краіна займае 81‑е месца сярод 191 эканомікі свету па памеры намінальнага ВУП, піша Thinktanks.pro.

Рэйтынг заснаваны на прагнозах МВФ з кастрычніцкага выпуску World Economic Outlook за 2026 год. Намінальны ВУП разлічваецца ў бягучых далярах ЗША з выкарыстаннем рынкавых абменных курсаў.
Па гэтым паказчыку Беларусь зусім трошкі апярэджвае Літву, больш значна — Латвію, але саступае астатнім суседнім краінам.

Сярод суседзяў Беларусі найбуйнейшая эканоміка ў Расіі, якая знаходзіцца на 8‑м месцы з паказчыкам 2,86 трыльёна даляраў. Польшча займае 21‑е месца з ВУП 1,13 трыльёна даляраў, Украіна размясцілася на 57‑м месцы з 229,41 мільярда даляраў, Літва заняла 82‑е месца са 104,72 мільярда даляраў, а Латвія знаходзіцца на 100‑м месцы з 53,16 мільярда даляраў.
Агульны намінальны ВУП усіх краін свету ў 2026 годзе прагназуецца на ўзроўні 128 трыльёна даляраў. Лідарам рэйтынгу застаюцца ЗША з ВУП 32,64 трыльёна даляраў. Другое месца займае Кітай (21,55 трыльёна даляраў), трэцяе — Германія (5,47 трыльёна даляраў).
У першую дзясятку таксама ўваходзяць Японія (4,34 трыльёна даляраў), Вялікабрытанія (4,27 трыльёна), Індыя (4,06 трыльёна), Францыя (3,5 трыльёна), Расія (2,86 трыльёна), Італія (2,70 трыльёна) і Бразілія (2,65 трыльёна).
Цяпер чытаюць
Дарадца прэзідэнта Польшчы пракаментаваў зварот Калеснікавай і Золатавай: Лукашэнка выпускае некалькі дзясяткаў вязняў, а на наступны дзень затрымлівае новых
Каментары