...І паслаў Бог на гэтую белую прачыстую зямлю Паэтаў. І кахалі яны – паміралі і ўваскрасалі ў любові, шукалі, клікалі, прадчувалі сваю долю, сваю жанчыну, прадчувалі адзінае ў свеце багацце – еднасць душаў.І было гэтак спрадвеку. І ёсць гэтак цяпер. І будзе нязменна, няспынна, непераможна. Бо ўсе мы прыходзім любіць, знаходзіць адно аднаго, усе мы – нястомныя пілігрымы на дарогах кахання. Ішоў гэтай дарогай і Янка Купала.
Раскрыць сакрэты паэтычных радкоў, натхнёных светлым і патаемным пачуццём, імя якому – Каханне, усім ахвочым дапамогуць адмысловыя пуцяводнікі па экспазіцыі. Кожнага падчас падарожжа чакаюць сюрпрызы і памятныя падарункі.
Шчаслівы вынік кахання – адно жыццё, пражытае на дваіх. Для Янкі Купалы вернай спадарожніцай па жыцці была Уладка Станкевічанка. У музейных падарожнікаў будзе ўнікальная магчымасць наведаць прысвечаную ёй выстаўку.
Наша мэта – стварыць узнёслы настрой, натхніць вас на шчырыя словы для сваіх каханых кожны дзень і цэлы год.
З нагоды Дня св. Валянціна з 13 па 18 лютага Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы дорыць цэлы тыдзень закаханым і тым, хто спадзяецца сустрэць сапраўднае каханне,і запрашае ў незвычайнае, поўнае новых уражанняў падарожжа па Купалавым доме.
Каментары