Грамадства11

Музычны кіраўнік дзіцячага садка з Кармы разам з жонкай стаў зоркай сацсетак. Ужо нават бухога Ігара абышоў

На старонку Валера Аўсянкова ў Threads падпісана амаль 64 тысячы чалавек. Дык а чым жа здзіўляе мужчына, які 22 гады займаецца з дзецьмі музыкай у вясковым садочку?

Валер Аўсянкаў з жонкай Ірынай. Тут і далей фота з яго старонкі ў Threads

Магчыма, людзі настолькі стаміліся ад інфлюенсераў з іх ідэальным жыццём у сацсетках, што хочуць бачыць у стужцы простага чалавека. Не чарговую інстадзіву, якая адпачывае на Мальдзівах ды пакутуе праз тое, што смажаны васьміног у любімым рэстаране сёння быў нясмачным, а звычайнага мужчыну з аграгарадка.

У жыцці Валера няма нічога, што хаця б намякала на паспяховы поспех. Сам родам з вёскі Лапаціна Гомельскага раёна, штогод ездзіць туды калядаваць.

Яму 43 гады — і 23 з іх мужчына працуе ў дзіцячым садку ў аграгарадку Хізаў. Прыехаў па размеркаванні і вырашыў застацца. Валер — музычны кіраўнік вышэйшай катэгорыі.

Цяпер жыве ў аграгарадку Карма, чатыры разы на тыдзень ходзіць адтуль на працу — калі пешшу, калі хто падкіне. Зарабляе штомесяц рублёў 500‑600 — бо працуе на палову стаўкі.

Таксама ўжо дзевяць гадоў беларус служыць панамаром у мясцовым храме.

Са сваёй жонкай Валер некалі пазнаёміўся праз газету: даў туды абвестку, што шукае дзяўчыну, і пакінуў свой нумар тэлефона. У 2013 годзе ён ажаніўся з Ірынай.

Мужчына спрабаваў публікаваць тое-сёе ў інстаграме ды тыктоку, але поспеху не меў. У снежні поспех бухога Ігара даляцеў і да Кармы — тады ж Валер і падумаў, ці не пачаць весці Threads.

І першы ж допіс завірусіўся. Летась у студзені Валер апублікаваў відэа святкавання свайго 43‑га дня нараджэння. Зноў жа, ніякай раскошнай раскошы ды аўтамабіля ў падарунак.

На відэа мужчына трымае ў руках просты торт са свечкамі, а яго жонка за кадрам спявае Happy birthday to you. А пасля таго, як імяніннік задзьмуў свечкі, кажа: «З днём нараджэння, Валерачка! Шчасця, здароўя, усяго табе самага-самага… Таго, што ты сам сабе жадаеш. Усяго добрага».

Допіс набраў больш за 585 тысяч праглядаў, 47 тысяч лайкаў і 2200 каментароў. Канечне, нехта паспрабаваў самасцвярджацца за кошт Валера і нават прыклаў сваё фота да каментара — маўляў, я выглядаю лепш у такім узросце.

Але ж сам беларус сцвярджае, што зусім не пабачыў негатыву — затое быў у шоку ад таго, колькі людзей са ўсяго свету яго павіншавала. Прыемныя словы пісалі з Амерыкі, Бразіліі, Аўстраліі, Тайланда, Японіі… Валер кажа, што ў нейкі момант прыйшлося нават выключыць тэлефон, бо той проста разрываўся ад бясконцых паведамленняў.

Пасля таго, як пра мужчыну напісаў «Анлайнер», незнаёмыя людзі пачалі пералічваць яму грошы — агулам атрымалася 5400 рублёў. Для сям’і гэта была проста касмічная сума.

Цяпер на акаўнт Валера падпісана амаль 64 тысячы чалавек. Паказвае ён самыя простыя рэчы: зімой гуляў з Ірынай (амаль 41 тысяча лайкаў), зрабіў ранішнік да 8 сакавіка (27,7 тысячы лайкаў), паказаў сваё любімае месца па дарозе дамоў — закінутую вёску (17,4 тысячы лайкаў), узяў халадзільнік у растэрміноўку (5,7 тысячы лайкаў).

А першы мільён праглядаў мужчыне прынеслі фота, як ён павіншаваў жонку са святам — набыў сушы замест торта (81,3 тысячы лайкаў).

Людзі пішуць: «А вы заўважылі, што нават Threads стаміўся ад фальшывых людзей ды напісаных ШІ допісаў? І прасоўвае рэальнае жыццё».

Паказальна, што калі артысты Купалаўскага тэатра прыехалі ў Карму са спектаклем, пайшлі фатаграфавацца з Валерам і Ірынай.

Пачаліся ўжо і першыя падарункі ад брэндаў. Напрыклад, Tramp.by падарылі Валеру з Ірынай двухмесны намёт — праўда, блогер шчыра прызнаўся, што так і не змог сабраць яго.

Кампанія «Марозпрадукт» уручыла скрыню марожанага «Капрыз». Кафэ «Гараж» пачаставала піцамі. А ў хуткім часе сям'я паедзе ў Грузію на 16 дзён — адна з турыстычных кампаній падарыла адпачынак ля мора.

Дарэчы, Валер прызнаўся, што сам быў на моры апошні раз ажно ў 90-я, а Ірына ўвогуле ніколі.

А бухі Ігар ужо адстае ад цвярозай зоркі Threads — ён мае каля 50 тысяч падпісчыкаў.

Каментары1

  • С.п.
    05.07.2026
    Слежу за судьбой Валерия еще с момента публикации о нем в "Онлайнере" (соцсети - не моя тема). И ОЧЕНЬ рада за него и супругу! Пользуюсь случаем, чтобы без всяких "сетей" пожелать им обоим счастья... и чтобы мое пожелание непременно сбылось!

Цяпер чытаюць

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд16

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Усе навіны →
Усе навіны

Папугай зляцеў ад гаспадароў у Лагойскім раёне. Яго бачылі ў Мінску2

Ці варта дзецям карыстацца ChatGPT? Разважае сузаснавальнік EPAM Леанід Лознер1

Пуцін накіраваў сваю яхту на поўнач — у Мурманск4

NASA запусціла робата, каб паспрабаваць адсунуць каштоўную касмічную абсерваторыю далей ад Зямлі

Беларус напаў з нажом на расійскага паліцэйскага, які сабраўся затрымаць яго за нелегальнае знаходжанне ў краіне3

ГУР Украіны знішчыла расійскі знішчальнік Міг-29 пад Севастопалем1

Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэцца ў Канстанцінаўцы, «раз яна цяпер пад кантролем Расіі»1

Крэмль апублікаваў відэа з Пуціным у вобразе палкаводца14

Футболка гэтага гульца стала самым прадаваным таварам на чэмпіянаце свету

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд16

Міліцыя затрымала таго самага расійскага турыста, які кінуў недакурак на вуліцы. Заўтра суд

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць