Дэпутат ад Брэста Васіль Дмытрыюк, пасіянарнае сяло Кастамалоты і як усё мяняецца за сто гадоў
Піша Андрэй Дынько.
Аднойчы мне пашанцавала: выдатны гісторык Алег Латышонак трохі паказаў мне Падляшша. Мы праязджалі каля вёскі Грыневічы каля Бельска, скуль паходзіць шляхецкі род Грынявіцкіх (які даў, сярод іншых, Ігната Грынявіцкага) і дзе нарадзіўся, у тым ліку, Ігнат Даніловіч.
Такая канцэнтрацыя «найлепшых людзей» у адным малым селішчы!
Латышонак патлумачыў гэта генамі. Грыневічы ў свой час узніклі, відаць, як баярскае пасяленне.
Вялікія князі садзілі баяраў з вайсковымі мэтамі каля гарадоў Падляшша, у тым ліку і каля Бельска.
Ёсць такія «моцныя генамі» ці «моцныя духам» паселішчы, то праўда. Вазьміце Ракаў, Ішкалдзь ці Гервяты.
Не канечне баярскія.
Гісторыя іх выбітнасці кожны раз розная. Да ліку такіх належаць і вёска Кастамалоты.
Гэта на паўднёвым Падляшшы, прыкладна 15 км на поўдзень ад старадаўняга Берасця, на левым, цяпер польскім беразе ракі. У ХІХ і ХХ стагоддзях Кастамалоты былі месцам зацятых канфліктаў між праваслаўнымі і ўніятамі, і нават цяпер той канфлікт яшчэ не зжыты. І яна ж нарадзіла нямала неардынарных асобаў.
Менавіта там нарадзіўся і доктар Васіль Дмытрыюк, які быў дэпутатам польскага Сойма ад Брэсцкай акругі ў 1922—1927 і кніга ўспамінаў якога (Дмитриюк Василь. Дорогами війни і миру) не так даўно выйшла з друку.
Доктар Дмытрыюк быў сынам небагатага селяніна.
Кастамалоты — вельмі старая вёска. Першая згадка пра яе ў гістарычных крыніцах адносіцца да 1412 года, калі Вітаўт падарыў яе берасцейскім аўгустынцам. У маляўнічым месцы — над далінай Буга, на старадаўняй дарозе, што вяла ад Берасця да Коданя і, далей, да Уладавы й Любліна. Берасце—Люблін — гэта важны гандлёвы шлях, частка дарогі Кракаў-Вільня.
На захад ад Кастамалот па стане на пачатак ХХ стагоддзя пачыналіся ўжо землі са змяшаным праваслаўна-каталіцкім насельніцтвам. Праўда, каталікі то былі збольшага нядаўнія – былыя ўніяты, якія выбралі каталіцызм перад праваслаўем, калі ў 1874—1905 расійская ўлада паставіла «тутэйшых» уніятаў Падляшша і Холмшчыны без магчымасці застацца ўніятамі.
За ХХ стагоддзе яны сталі чыстымі палякамі па мове і духу, хоць яшчэ 100 гадоў таму там амаль ніхто не гаварыў па-польску.
Дмытрыюк быў з сям’і, што засталася ў «рускасці», у праваслаўі. Ён належаў да таго першага пакалення сялянскіх дзяцей, якія атрымалі магчымасць адукацыі і кар’еры, дзякуючы рэформам Аляксандра ІІ, з аднаго боку, і заваёвам Рэвалюцыі 1905 года, якая шырэй адкрыла талентам з сялянскага саслоўя дарогу да вышэйшай асветы.
Ён вывучыўся спачатку ў семінарыі, а пасля ва ўніверсітэце ў Варшаве на факультэце медыцыны. У часе вучобы ён далучыўся да ўкраінскіх студэнцкіх гурткоў, стаў падпісчыкам нацыянальных выданняў. Першым штуршком стаў невялікі фальклорны тэкст па-ўкраінску ў семінарыйным курсе рускай літаратуры. Тая самая песня была яму знаёмая з сям’і.
Свой выбар ідэнтычнасці Дмытрыюк зрабіў, бо пабачыў, што мова «Кабзара» Шаўчэнкі супадае з той, якой гавораць у Кастамалотах.
Тое самае, паралельна, зрабілі ягоныя браты, што вучыліся ў іншых гарадах.
Калі пачалася Першая сусветная, Дмытрыюка мабілізавалі як доктара.
Накіраванне на фронт у Галіччыну ён сустрэў з радасцю. Расійскія войскі наступалі, і ён разам з Брусілаўскай арміяй трапіў на тыя землі, дзе, як уяўлялася яму з газет, усе людзі свядомыя ўкраінцы, усе шануюць тыя самыя ідэалы, што і ён.
Які быў шок, калі «праходзячы вуліцамі Львова, я разглядаўся на ўсе бакі, шукаючы прыкметаў украінскага жыцця, але нідзе яго не знаходзіў», піша Дмытрыюк ва ўспамінах.
Можа ў вёсках? У першай жа вёсцы за Львовам ён пачынае асцярожна распытваць хлопчыка пра ўкраінскую мову, школу. Уваходзіць тата малога, і на чыстай украінскай мове ў крык: «Што вы майго хлопца баламуціце? Ніякай Украіны тут няма, гэта выдумалі немцы, мы ўсе тут рускія», — цытуе Дмытрыюк.
Але зусім з іншай свядомасцю ён сутыкаецца ў іншых вёсках — тых, дзе дзейнічала тое, што ў цяперашняй тэрміналогіі называецца няўрадавая арганізацыя – украінская «Прасвета», дзе былі ўкраінскія бібліятэчкі, школкі, дзе святары лічылі сябе ўкраінцамі. І вось там ужо на сцяне вісеў Шаўчэнка…
Сто гадоў таму Заходняя Украіна была зусім не такой, якая яна ёсць цяпер — бастыён нацыянальнай свядомасці і праеўрапейскіх настрояў. Гэта дзейнасць асветнікаў і палітыкаў — ад Франка праз Бандэру да «Акіяна Эльзы» — зрабіла яе такой, якая яна ёсць цяпер.
І тая дзейнасць пачалася ўсяго 150 гадоў назад. 100 гадоў таму, пры Дмытрыюку, тыя высілкі далі першыя вынікі, але патрэбны былі яшчэ 50 гадоў, каб тыя вынікі сталі нормай, і яшчэ 50, каб тыя ідэалы былі ўспрынятыя на агульнаўкраінскім, дзяржаўным узроўні. І ў гэтым вялікая навука для сённяшніх беларусаў.
Нацыя – гэта не дадзенасць, а тое, што (пры наяўнасці перадумоваў) ствараецца ўпартай працай такіх людзей, якім быў і сам Дмытрыюк.
Іншы цікавы эпізод успамінаў – выбары 1922 года.
Пасля перадзелу межаў і вялікіх узрушэнняў адбыліся першыя свабодныя выбары. Людзі – у большасцю быў працоўны клас, сяляне — былі гатовыя галасаваць «за сваіх». Але не было ні талковай палітычнай машыны, ні палітыкаў. Розуму, самаарганізацыі, аднак, хапіла, каб скласці адзіны спіс «нацменшасцяў» – г.зн. у тагачасных умовах Усходняй Польшчы, украінцаў, беларусаў, жыдоў і расейцаў… У дэпутаты пайшлі проста інтэлігенты, і з ашаламляльным поспехам перамаглі.
Пра выбары 1920-х гадоў і ўкраінскія выбарчыя спісы на Берасцейшчыне добра пісаў беларускі гісторык, рэдактар «Arche» Аляксандр Пашкевіч. Раю ўсім, хто цікавіцца гісторыяй. Тыя — рэдкія ў гісторыі Беларусі свабодныя выбары — паказалі прывабнасць нацыянальных палітычных сілаў ва ўмовах свабоды.
Пасля было спаўзанне Польшчы ў аўтарытарызм, дзяржаўны нацыяналізм ставіў задачу асіміляцыі беларусаў і ўкраінцаў. Доктара Дмытрыюка зганялі з працы проста за тое, што ён быў свядомым украінцам, нават калі ён амаль спыніў грамадскую дзейнасць.
Гэта так падобна да таго, што перажываюць беларусы ў аўтарытарнай РБ цяпер.
У 1939 годзе Дмытрыюка як патэнцыйна нелаяльнага элемента палякі арыштавалі, пагналі на ўсход, хацелі расстраляць, але ён застаўся жывы. Дачку ягонага брата з пачаткам вайны палякі таксама інтэрнавалі, бо яна была ў гурце актывістаў, якія супраціўляліся пераводу праваслаўнай царквы ў Кастамалотах ў спрыяльную паланізацыі ўніяцкую, а значыць таксама патэнцыйна нелаяльная.
Як жа такія людзі «любілі» палякаў пасля двух дзесяцігоддзяў цкавання.
Пасля прыйшлі немцы, пасля на Бугу зрабілася мяжа, пасля яны зноў знікла з нападам нацыстаў на СССР і вярнулася зноў разам з саветамі. Доктара Дмытрыюка на месяц пасадзіць у турму яшчэ і гестапа – калі немцы ліквідавалі ўкраінскае падполле на Берасцейшчыне.
У 1944 годзе праваслаўная царква ў Кастамалотах згарыць, імаверна, у выніку падпалу палякамі, а ўніяцкая захаваецца. Частка мясцовага насельніцтва палічыць за лепшае пераехаць у СССР. Другую частку палякі дэпартуюць у часе «Аперацыі «Вісла», але пасля падзення сталіністаў большасць вернецца на мацярыншчыну. А вось тыя, хто пераехаў у СССР ці ЗША, ужо не вернуцца. Два пакаленні – і людзі прырастаюць на новых сялібах, нават калі захоўваюць вялікую вернасць нацыянальным ідэалам.
Доктар Дмытрыюк пасля Другой сусветнай будзе працаваць і жыць у ЗША. Гэтая супердзяржава прытуліла выгнанцаў з паняволенай Еўропы, якім там пагражала смерць з захаду і ўсходу.
Большасці актывістаў украінскай грамады Брэста і Падляшша хапіла ўдачы і розуму выехаць перад прыходам савецкага войска, інакш бы яны загінулі ад рук саветаў, якія найперш вынішчалі свядомую інтэлігенцыю захопленых народаў.
Успаміны Дмытрыюка выдаў ягоны сын Уладзімір, што жыве ў ЗША.
Па Бугу мяжа прайшла ўсур’ёз і надоўга. На правым беразе Бугу людзі цяпер лічаць сябе беларусамі, на левым — палякамі.
…
Дазволю сабе не пагадзіцца з Алегам Латышонкам. Інтэлектуальныя плады з’яўляюцца найчасцей не там, дзе ёсць гены, а там, дзе ёсць маральна, інтэлектуальна выбітны чалавек.
Той, які дае прыклад, прыгожы прыклад, закладае традыцыю, сее дух.
Сям’я Дмытрыюкоў — выдатнае пра тое сведчанне. Усе да аднаго браты і сястра Дмытрыюка таксама атрымалі выдатную адукацыю – духоўную, медыцынскую, філалагічную — і ажаніліся ці выйшлі замуж у такія ж адукаваныя сем’і. Гэта было яўна вынікам пазітыўнае веры іхных разумных, хоць і нібыта цёмных бацькоў-сялян у навуку.
А яно, у сваю чаргу, было плёнам дзейнасці разумных настаўнікаў і святароў сяла Кастамалоты.
Нацыянальнае і грамадзянскае «самавызначэнне» братоў і сясцёр Дмытрыюкоў адбылося адначасова з навучаннем – дзякуючы таму, што дзеялі нацыянальныя СМІ і няўрадавыя арганізацыі.
Яны ідэнтыфікавалі сябе ўкраінцамі, бо Берасцейшчына, і Кастамалоты ў тым ліку, гаварылі па-ўкраінску. Калі б не было мовы, не было б і свядомасці.
Калі я прыехаў у Кастамалоты ў 2008-м, там яшчэ памяталі сям’ю Дмытрыюкоў, але ўжо трохі легендарна.
Украінскіх інстытуцый у Кастамалотах не засталося, а вусная памяць схільная ператвараць усё ў міфы. Расказвалі, што ў хаце Дмытрыюкоў віталіся не «Добры дзень», а «Слава Украіне»…
А страсці ў Кастамалотах не аціхаюць дагэтуль. Праваслаўныя збудавалі там манастырчык, перавезлі старую царкву з вёскі Дабраводы, каб нават сімвалічна не аддаць вёску уніі, у якой ужо святаром паляк і пануе польскасць. Але гэта ўжо мірныя страсці.
Кніга ёсць у Рэдакцыі. Калі каму з даследчыкаў ці краязнаўцаў трэба, калі ласка, звяртайцеся на [email protected].
* * *
Васіль Дмытрыюк – дэпутат польскага Сойма ад Брэсцкай акругі (1922-1927). Па прафесіі доктар, родам з вёскі Кастамалоты. Актывіст украінскага нацыянальнага руху.
Кастамалоты – вёска прыкладна за 15 км на поўдзень ад старадаўняга Берасця, на дарозе Брэст-Уладава-Люблін.
Украінскі рух на Берасцейшчыне быў моцны да 1950-х гадоў ХХ стагоддзя. У 1918—1919 Берасцейшчына ўваходзіла ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі. На свабодных выбарах 1920-х рэгіён галасаваў за ўкраінскія палітычныя партыі, сярод іх «Сельроб». У час Другой сусветнай вайны і пасля яе тут дзейнічала некалькі тысяч украінскіх партызан. Практычна ўсіх актывістаў украінскага нацыянальнага руху знішчылі нацысты і саветы.
-
Жарсці вакол «крыжа каралевы Сафіі» не сціхаюць. Сяргей Абламейка заступіўся, а Крыцук прааналізаваў першакрыніцы
-
Містычнае кола Вільні: Каліноўскі быў пахаваны з медальёнам святыні, каля якой вырас гатычны палац доктара з-пад Оршы. Цяпер парэшткі Каліноўскага перапахавалі ў магільні таго ж доктара
-
Выйшла кніга пра габрэйскую гісторыю Віцебска
Цяпер чытаюць
«Я не святая, але ў мяне не было надзейнага пляча побач»: маці Ксюшы з СМА могуць пазбавіць бацькоўскіх правоў, яна ж даводзіць, што здольная выправіцца
Каментары