Гісторыя44

З нагоды трох юбілеяў, або Калі нарадзіліся Адам Станкевіч і Браніслаў Тарашкевіч? 

Піша Анатоль Сідарэвіч. 

 Хадэкі і Акт 25 сакавіка

Хацеў быў уляляшчыць Праваму Воку.

Хто такі Правае Вока? Ветэраны — чытачы «Нашай Нівы», — мажліва, памятаюць, што ў свой час у газеце былі рубрыкі «Левым вокам» і «Правым вокам». Мне колькі разоў даводзілася пісаць у рубрыку «Левым вокам», а маім візаві ў рубрыцы «Правым вокам» быў Павел Севярынец, таленавіты і мужны хлопец, з якім аб той пары мы не раз сустракаліся ў старым будынку Нацыянальнай бібліятэкі (што само па сабе будзіць сімпатыю да чалавека).

З тых дзён сплыло нямала часу. Баявы лідар «Маладога фронту», прайшоўшы праз выпрабаванні зняволеннем, паправеў і з нацыянал-дэмакратаў перайшоў у кансерватары, хадэкі. І вось нядаўна, у снежні мінулага года, мне кінулася ў вочы вялікая (у трох нумарах «Народнае волі» (№97, 98, 99)) публікацыя Паўла Севярынца пад загалоўкам «Яна паднімала сцяг Незалежнасці Беларусі».

Публікацыя прысвечана 100-годдзю беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, якое будзе ўшаноўвацца, як я разумею, сёлета на пачатку чэрвеня, у сотую гадавіну з’езду беларускага каталіцкага духавенства, хоць, зацемлю, а. Вінцэнт Гадлеўскі выступіў з дэкларацыяй Каталіцкай дэмакратычнай партыі ўжо 25 сакавіка 1917-га — на З’едзе беларускіх арганізацый. Маюцца таксама звесткі, што першы гурток (як аснова беларускай хадэцыі) існаваў яшчэ ў 1916-м. Але вызначацца з днём нараджэння сваёй палітычнай плыні належыць самім хадэкам.

Я чакаў, што апалагет хадэцыі П.Севярынец у сваёй публікацыі раскажа чытачам «Народнай волі» пра грушкі на вярбе — пра тое, як хадэцыя абвяшчала незалежнасць Беларусі. Але на гэта ён не пайшоў, а выклаў гісторыю з перадгісторыяй хадэцыі як такой, асновы яе ідэалогіі і ўчыніў толькі спробу хваласпеву беларускім хадэкам. Палемічнай жарсці ў мяне публікацыя не выклікала. Маю толькі адну заўвагу: на месцы аўтара я не пісаў бы ў папярэднікі беларускай хадэцыі Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага. Хадэк ex definitio не бярэ, як Каліноўскі, зброю ў рукі, не заклікае да збройнага паўстання, да распраў… Каліноўскі — сучаснік першых расійскіх народнікаў — хутчэй, папярэднік сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Дармо, што ён адстойваў царкоўную унію: за яе і марксісты Луцкевічы выказваліся.

Апалагету хрысціянскай дэмакратыі П.Севярынцу праспяваць акафіст беларускай хадэцыі не далі гістарычныя факты. «Паднімала сцяг Незалежнасці Беларусі» — не значыць «падняла». Усё ж сцяг Незалежнасці падняла (а дакладней — узняла) Беларуская Сацыялістычная Грамада. 25 сакавіка 1918 г., калі абвяшчалася незалежнасць Беларусі, у той зале, дзе засядала Рада БНР, прадстаўнікоў правых палітычных плыняў, у тым ліку хадэкаў, не было. Гэта, што называецца, медыцынскі факт.

Юбілеі «кітоў»

Як вядома, беларускія правыя з лютага 1918 г. гуртаваліся ў Менскім беларускім народным прадстаўніцтве на чале з Раманам Мар’янам Скірмунтам. Сябар гэтага аб’яднання, а. Вінцэнт Гадлеўскі, быў кааптаваны ў Раду БНР у красавіку 1918-га. Другім каталіцкім святаром — радным БНР быў а. Валяр’ян Каральчук (ён жа Карольчук, а мажліва і Карольчак), чалавек выпадковы, прыведзены ў Раду, хутчэй за ўсё, Аляксандрам Уласавым. У літаратуры маюцца звесткі, што сябрам Рады БНР быў такі «кіт» беларускага хрысціянскага руху, як ліцэнцыят багаслоўя Андрэй Цікота. А ў дакументах, якія я чытаў, занатавана, што 13 снежня 1919 г. у Раду кааптавалі яшчэ аднаго «кіта» — кс. Адама Станкевіча.

Адам Станкевіч.
Андрэй Цікота. 

Яны, заснавальнік знакамітага Друйскага манастыра, генерал ордэна марыянаў Андрэй Цікота і ксёндз Адам Станкевіч, нарадзіліся (калі кіравацца юліянскім календаром) у адным годзе — 1891-м. Яднае іх і тое, што яны разам вучыліся, што абодва сталі ахвярамі бальшавіцкага тэрору.

Мне цікава было, ці адзначаць і як адзначаць 125-гадовыя юбілеі аа. Андрэя Цікоты і Адама Станкевіча Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі і грэка-каталіцкая супольнасць (Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы дэ-юрэ няма). Цяпер можна сказаць: юбілей архімандрыта Цікоты ніяк не адзначылі.

Што ж тычыцца юбілею а. Адама Станкевіча, дык артыкульчык пра яго змясціла на сваім сайце беларуская служба Ватыканскага радыё. Гэты артыкульчык быў рэпублікаваны на афіцыйным сайце РКЦ у Беларусі. Вось і ўся шана.

Другі артыкул, зроблены паводле інтэрнэтаўскіх матэрыялаў, напісаў і змясціў на сайце Krynica.info Павел Севярынец.

Ушанавалі памяць кс. Станкевіча таксама хадэкі Слоніма.

Каляндарная блытаніна

Хоць якую публікацыю да 125-годдзя кс. Адама Станкевіча я чакаў 5 студзеня. Артыкулы ж пра яго былі апублікаваныя 6 студзеня. І Ватыканскае радыё, і Павел Севярынец, як я зразумеў, кіраваліся звесткамі з афіцыйных даведнікаў — Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (ЭГБ) ды Беларускай энцыклапедыі (БЭ), — у якіх паведамляецца, што будучы правадыр беларускіх хадэкаў нарадзіўся 24 снежня 1891 г. паводле старога стылю, або 6 студзеня 1892 г. паводле новага. 

У энцыклапедыях, як і ў біябібліяграфічным слоўніку «Беларускія пісьменнікі», відавочная памылка. У ХІХ ст. інтэрвал паміж датамі паводле юліянскага і грыгарыянскага календароў складаў 12 сутак. Так, у той самай ЭГБ і ў біябібліяграфічным слоўніку запісана, што Максім Багдановіч нарадзіўся 27 лістапада ст. ст. Гэта значыць, што дзень нараджэння паэта мы павінны адзначаць 9 снежня паводле грыгарыянскага календара. І мы сапраўды адзначылі 125-годдзе Максіма-кніжніка ў гэты дзень. 25 чэрвеня 1882 г. паводле ст. ст. нарадзіўся Ян Луцэвіч (Янка Купала), а паводле новага стылю дзень яго нараджэння мы адзначаем 7 ліпеня. Такім чынам, запісваем: дзень нараджэння Адама Станкевіча, які нарадзіўся 24 снежня 1891 г. паводле юліянскага календара, прыпадае на 5 студзеня 1892 г. паводле новага стылю.

Такая ж блытаніна і з днём нараджэння аўтара класічнай беларускай граматыкі, сацыял-дэмакрата, а потым камуніста Браніслава Тарашкевіча.

Браніслаў Тарашкевіч. 

Усе даведнікі — ЭГБ, БЭ ды інш. — паведамляюць, што ён нарадзіўся 20 студзеня паводле новага стылю, або 8 студзеня паводле юліянскага календара. Тым часам у кнізе Аляксандры Бэргман «Rzecz o Bronisławie Taraszkewiczu» (Варшава, 1977) можна ўбачыць фотаздымак універсітэцкага дыплома, выпісанага Тарашкевічу 19 ліпеня 1917 г., калі Расія жыла паводле юліянскага календара. У тым дыпломе запісана, што нарадзіўся Тарашкевіч 20 студзеня 1892 г. Калі так (а сумнення ў дакладнасці даты ў дыпломе няма), то юбілей — 125-годдзе — Тарашкевіча трэба адзначаць сёлета 1 лютага.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

Выйшаў зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг26

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць