Пятрухін шукаў, хто ж упершыню назваў палітвязня Папова «мадэратарам сацсетак Краіны для жыцця». І выйшаў на самога сябе
Пасля заявы Сяргея Ціханоўскага пра тое, што публікацыя «Нашай Нівы» пра Дзмітрыя Папова нібыта паўплывала на жорсткі прысуд расіяніну — 16 гадоў калоніі, — блогер Сяргей Пятрухін вырашыў правесці ўласнае расследаванне. Вынікі аказаліся нечаканымі.

1 верасня Сяргей Пятрухін на сваім ютуб-канале выклаў невялікае відэа, у якім, як вынікае з яго ўласнага анонсу, паспрабаваў высветліць, «адкуль «Наша Ніва» атрымала інфармацыю пра тое, што Папоў быў мадэратарам сацсетак «Краіны для жыцця».
Пачаўшы аднаўляць храналогію, Пятрухін зразумеў, што менавіта ён сам быў першым, хто назваў Папова мадэратарам сацсетак «Краіны для жыцця». Гэта адбылося яшчэ за месяц да публікацыі інфармацыі на сайце «Нашай Нівы».
«Я рабіў ролік пра Дзмітрыя Папова, які выпусціў 4 чэрвеня 2020 года, і ўжо тады я назваў яго мадэратарам сацсетак «Краіны для жыцця», — заявіў блогер і паспрабаваў згадаць, як тое відэа з'явілася.
«Мне патэлефанаваў [Аляксандр] Кабанаў з бальніцы, дзе ён тады ляжаў, хварэючы на кавід, і даслаў мне відэа, дзе Папоў ідзе па мазырскім лесе, уцёкшы ад міліцыянтаў. Сказаў мне, хто гэта, бо я [Папова] не ведаў. І сказаў, што трэба зрабіць відэа і выкласці яго ў сеціва».
Але ці паведаміў Кабанаў менавіта тое, што Папоў быў мадэратарам сацсетак, Пятрухін цяпер не памятае.
«Я не выключаю, што я мог сам гэтую інфармацыю знайсці ў цяпер знішчаных тэлеграм-чатах», — прызнаецца ён.
Пятрухін звярнуў увагу, што «Наша Ніва» называла Папова «мадэратарам сацсетак» 8, 10 і 13 ліпеня 2020 года. Пры гэтым у некалькіх матэрыялах рэдакцыя спасылалася на праваабаронцаў і «Вясну». Па словах блогера, упершыню на «Вясне» такая інфармацыя з'явілася ў той жа дзень, калі выйшаў і яго ролік.
Пятрухін не выключае, што «Вясна» магла падхапіць фармулёўку з яго роліка:
«У той час «Вясна» нярэдка перапошчвала мае — ну, нашыя з Кабанавым — матэрыялы. Але гэта таксама трэба праверыць па часе публікацый».
Пры гэтым Пятрухін па-ранейшаму мае прэтэнзіі да «Нашай Нівы» і хоча разабрацца, чаму Рэдакцыя не пераправерыла інфармацыю за ім.
Заўважым, што подпіс «мадэратар сацсетак» не ўплывае ні на што, калі Папоў усё адно быў вымушаны даць паказанні пра сваю працу з камандай Ціханоўскага.
Каментары