
1. Паб-квіз, гульнятэка, конкурсы і беларуская музыка
Дзе: клуб «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33)
Калі: 21 лютага, 18:00 — 22:00
Кошт: 5 рублёў (квіткі на ўваходзе ў клуб)
«Арт-Сядзіба» збіраецца адзначыць Дзень роднай мовы на шырокую нагу і запрашае ўсіх ахвотных далучацца.
Пакуль тыя, хто паспелі зарэгістравацца на Беларускую інтэлектуальную гульню, будуць змагацца з пытаннямі паб-квізу, іншыя змогуць узяць удзел у «Гульнятэцы» — пачуць пра новыя беларускамоўныя настольныя гульні і пазнаёміцца з іх аўтарамі. Кожны ахвотны зможа згуляць у «Багача» і «Казачніка», «Прастол ВКЛ» і «1514», «ВаўКаляды» і «Палескіх археолагаў», «Мову» і «На трох кітах» ды іншыя. Толькі не забудзьце загадзя запісацца.
А 20-й гадзіне гасцей чакае прэзентацыя другой часткі кнігі Глеба Лабадзенкі і Алесі Літвіноўскай «Мова Нанова: 20 крокаў да беларускай мовы».
Пасля прэзентацыі, у 20:15, выступяць музычныя гурты Zanzibar, Recha і Znarock.
2. Круглы стол «Мова ў адукацыі, навуцы, заканадаўстве»
Дзе: Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа (вул. Сурганава, 1, корпус 2, аўд. 302)
Калі: 21 лютага, пачатак у 15:00
Уваход вольны!
У круглым стале возьмуць удзел прадстаўнікі ўлады, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, навукоўцы, выкладчыкі, журналісты і аматары роднага слова.
Запрошаныя госці падыскутуюць на тэмы беларускай мовы і білінгвізму, ролю акадэмічнай навукі ў моўнай практыцы. Паразмаўляюць пра магчымасці і перспектывы выкарыстання беларускай мовы ў адукацыйнай, навуковай, заканадаўчай і іншых сферах грамадскага жыцця.
Гаворка пойдзе таксама пра ролю нацыянальных моў у захаванні культурнай адметнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці, пра ролю мовы навукі і адукацыі ў фармаванні нацыянальнай ментальнасці, пра нацыянальную мову і нацыянальную ідэю беларусаў.
3. Агульнанацыянальная дыктоўка з Аленай Анісім
Дзе: офіс Таварыства беларускай мовы (вул. Румянцава, 13)
Калі: 21 лютага, пачатак у 17:30
Уваход вольны!
ТБМ заклікае далучыцца да дзясятай Агульнанацыянальнай дыктоўкі па творчасці Францішка Скарыны, Янкі Брыля і Пімена Панчанкі. Узоры можна зірнуць тут.
Дыктоўку правядзе намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы, дэпутатка ад Стаўбцоўска-Нясвіжскай акругі Алена Анісім.
Арганізатары абяцаюць кожнаму ўдзельніку падарунак.
4. «Дзясятка — за Коласа!»
Дзе: Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)
Калі: 21 лютага, 10:00 — 17:00
Увага: папярэдні запіс па тэлефоне (8-017) 284-17-02
Уваход вольны!
Удзельнікам штогадовай музейнай акцыі «Дзясятка — за Коласа!» прапануюць напісаць дыктоўку па творчасці Якуба Коласа і вызначыць, адкуль менавіта ўзяты ўрывак.
Тыя, хто напішуць на дзясятку і назавуць твор, атрымаюць падзякі і памятныя сувеніры ад музея.
5. Дабрачынны канцэрт «Рок дзецям на Дзень роднай мовы»
Дзе: клуб «Паб Брюгге» (пр-т Партызанскі, 6А)
Калі: 22 лютага, пачатак у 18:00
Уваход вольны!
Арганізатары заклікаюць прыносіць з сабой фарбы, фламастары, крэйду, паперу для малявання, алоўкі, гліну, пластылін — усё, што можа прыдасца ў творчасці. Падораныя рэчы паедуць у адзін з дзіцячых дамоў.
Канцэрт прымеркаваны да Дня роднай мовы.
Удзел бяруць гурты The Superbullz, «Варона», BarRokka, «Дабл!» і «Р'э Мажор».
Каментары