Грамадства22

«Пагражалі: ты адкажаш за тое, што разабраў вадамёт, падпаліў дачу Балабы, пакалечыў нашых хлопцаў камянямі». Максім Харошын — пра сваё затрыманне

13 кастрычніка ў Мінску жорстка затрымалі аднаго з уладальнікаў сталічнай кветкавай крамы «Першы кветкавы» 34-гадовага Максіма Харошына. З РУУС мужчыну даставілі ў 3-ю гарадскую бальніцу, дзе ён працягвае знаходзіцца. Максім распавёў tut.by, што з ім адбылося ў момант затрымання і якія прагнозы даюць медыкі.

Фота з інстаграма тэлевядучага Дзмітрыя Шэпелева

Што адбылося ў дзень затрымання

Максім кажа, што момант затрымання стаў для яго поўнай нечаканасцю.

— У 08.30 мы селі з жонкай у машыну і не паспелі зачыніць дзверы, як яны тут жа адчыніліся — усё адбылося за секунду. Прыляцелі адразу некалькі ўдараў у твар. Я ўжо праз запухлыя вочы ўбачыў чалавека без маскі. Мне спачатку здалося, што гэта нейкі розыгрыш або пранк, я ў шоку, не разумею, што адбываецца.

— Вам у гэты час нічога не кажуць?

— Проста: «ляжаць, с***» — і ўсё. Жонка крычыць, усе вылезлі з балконаў, пачалі здымаць. Яны апранаюць балаклаву і зацягваюць мяне ў бусік, там бачу толькі красоўкі людзей, таму што знаходжуся на карачках тварам у падлогу і ўжо ў кайданках. Яны пытаюцца, ці зразумеў я, за што тут. Вядома, не.

Мне казалі вельмі груба і нецэнзурна — не буду перадаваць даслоўна. Але пасыл такі: ты зараз адкажаш за тое, што пагражаў дзецям і сем'ям нашых супрацоўнікаў. Сталі казаць, што я знаходжуся ў нейкіх чатах.

Адзін з іх, больш-менш разумны, сказаў, што калі дакажу ў РУУС, што не знаходжуся ў чатах — мяне адпусцяць.

Максіма даставілі ў Першамайскі РУУС. Там, па яго словах, чыталі яго перапіскі, праглядалі фота:

— Завялі ў нейкі кабінет, але ён быў як прахадны двор — 10 чалавек, з іх трое дзяўчыны, усе без масак. Паклалі мяне тварам уніз, больш-менш размаўлялі нармальна. Але потым прыйшлі двое. Адзін бярэ дубінку і пачынае мяне біць.

Гучалі фразы, якія ўсім затрыманым кажуць: «Ты арганізатар, табе заплацілі». Пагражалі: ты адкажаш за тое, што разабраў вадамёт, за тое, што падпаліў дачу Балабы, за тое, што пакалечыў нашых хлопцаў камянямі. Яны са мной паводзілі сябе так, быццам мяне затрымалі на мітынгу, а пра тую гісторыю, што я знаходжуся ў нейкіх чатах, ужо і забыліся.

— Вы казалі 13 кастрычніка, што страцілі прытомнасць.

— Двое, што збівалі, прыходзілі і сыходзілі. У адзін з прыходаў я губляю прытомнасць, яны палохаюцца — нясуць нашатыр, становіцца лягчэй. Потым пачынаецца прыступ — мне не хапае паветра, пачынаю задыхацца. У мяне няма астмы, але два разы ў жыцці, калі я вельмі перажываў, у мяне такі стан быў. Яны вельмі моцна палохаюцца, адзін на аднаго пачынаюць раўсці. Усе выбягаюць з кабінета — ніхто не хоча быць побач са мной, выклікаюць хуткую. Дарэчы, дзяўчаты, калі мяне білі, выходзілі з кабінета і казалі: «Ну хопіць, мы стаміліся на гэта глядзець».

— У каментары ГУУС Мінгарвыканкама адзначылі, што работнікі аховы здароўя прыбылі па выкліку супрацоўнікаў міліцыі, якім вы паведамілі аб наяўных захворваннях. Пра што можа ісці гаворка?

— У мяне няма ніякіх такіх захворванняў. Але на нейкім праўладным форуме я нават пачытаў, што знаходжуся на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры, што ў мяне «спецыяльныя» прыпадкі. Кажуць, маўляў, сімулянт.

У ГУУС Мінгарвыканкама так пракаментавалі інцыдэнт: «У інтэрнэце размешчана відэа, на якім грамадзяніна змяшчаюць у машыну хуткай дапамогі. Папярэдне можна паведаміць, што яго даставілі ў Першамайскае РУУС горада Мінска за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння. Работнікі аховы здароўя прыбылі па выкліку супрацоўнікаў міліцыі, якім ён паведаміў аб наяўных у яго захворваннях. Маладога чалавека адвезлі ў медычную ўстанову.

У частцы прычынення цялесных пашкоджанняў, пра якія паведамляецца ў некаторых інтэрнэт-крыніцах, інфармацыя не правераная. Грамадзянін мае права звярнуцца ў следчыя органы з заявай для правядзення праверкі ў частцы абставінаў атрымання цялесных пашкоджанняў».

«Хочуць прыйсці зняць паказанні аб збіцці»

Максім упэўнены, што відэа, якія абляцелі інтэрнэт 13 кастрычніка, вельмі дапамаглі з агалоскай.

— Шчыра лічу, што мне няма чаго прад'явіць. Добра, удзел у несанкцыянаваным мітынгу, але навошта мяне так затрымліваць, біць? Дайце штраф, суткі.

— Вас ні з кім не пераблыталі, як думаеце?

— Чакалі мяне дакладна. Я жыву не па прапісцы, а ў здымнай кватэры — пра яе наогул ніхто не ведаў. Гэта цэнтр горада, а ўсе мітынгі ў цэнтры, і сілавікі пастаянна бачылі маю машыну — яна запамінальная. Яны яшчэ ў бусіку казалі: ды мы тваю тачку кожны дзень бачым, ты актывіст.

— А тое, што вы раздавалі на мітынгах жанчынам кветкі, неяк усплывала ў размове?

— Пра гэта не было ні слова. Яны нават пыталіся, які ў мяне бізнэс. Я сказаў пра кветкі, на што мне адказалі, што на кветках на такую машыну не заробіш. На самай справе, я, калі дарыў дзяўчатам кветкі, разумеў, што нешта можа здарыцца, хоць і не было такога, што выгружаў тысячу кветак — у мяне магло быць, ну, два пачкі руж. І такіх хлопцаў, як я, было шмат. Я бачыў, што сілавікі пастаянна глядзяць на мяне. І так як затрымлівалі многіх маіх сяброў, знаёмых, я амаль месяц, выходзячы ў двор, кожны дзень спачатку вызіраў з пад'езда, хутка замыкаўся ў машыне. Але ў гэтую раніцу ўпершыню выйшаў расслабіўшыся.

Максім кажа, што следчы з РУУС быў у шпіталі 13 кастрычніка. Таксама яму тэлефанавалі са Следчага камітэта.

— Хочуць прыйсці зняць паказанні аб збіцці. Але пакуль ніхто не дайшоў. Я і сам буду падаваць заяву, хоць і лічу гэта бескарысным. Але ведаю, што ўсё гэта не мае тэрміну даўнасці. Можа, потым усё ўсплыве і мае дзеці ўсё расследуюць.

— У чым вас абвінавачваюць?

— Пакуль я ведаю толькі аб несанкцыянаваным мітынгу. Але я не здзіўлюся, калі мне прыпішуць арганізацыю жаночых маршаў ці яшчэ нешта.

— Як вы адрэагавалі на навіну аб пазбаўленні вашага адваката ліцэнзіі?

— З іроніяй. Я ведаю, што паводле законе яна мае права яшчэ працаваць і яна будзе мяне абараняць. Хоць я ўсведамляю, што закон не працуе і наяўнасць адваката роўная нулю.

«Людзі прапаноўвалі выставіць каля маёй палаты ахову»

Максім не ведае, калі выйдзе з бальніцы: дактары дакладных тэрмінаў пакуль не называюць. Ён распавядае, што каля яго палаты некалькі гадзін дзяжурылі два чалавекі ў масках, але калі медыкі сказалі, што пацыента не адпусцяць, — яны зніклі.

— У мяне чэрапна-мазгавая траўма, зламаны нос, рабілі абследаванне вачэй і выявілі пашкоджанне рагавіцы. Удары тканак па левым баку — ад спіны да ягадзіц. І штосьці з плячом, дактары пакуль высвятляюць.

— Як да вас ставяцца?

— Вельмі добра. Я тут наогул як знакамітасць, не разумею чаму. Далі асобную палату. Многія падыходзяць, падтрымліваюць —вельмі шмат дактароў, у якіх затрыманыя або дзеці, або калегі.

— Што скажаце пра рэакцыю грамадскасці?

— Мне незнаёмыя людзі прыносяць карціны, іконы, кнігі, майкі і неймаверную колькасць ежы, пачастункаў, тартоў. Сёння даслалі вялікую паштоўку-грамату, нейкае таварыства ліфцёраў. Яны пабаяліся, мабыць, паказаць якое, але гэта вельмі прыемна. У дырэкт ужо адказаў на 7 тысяч паведамленняў, прабачце, проста больш пакуль не магу. Пісалі з клінік у Швейцарыі, з нейкай нямецкай клінікі, гатовыя бясплатна прыняць. Людзі нават прапаноўвалі выставіць каля маёй палаты ахову.

— Навіны пра краму таксама чытаеце?

— Там трэція суткі чарга, я наогул у шоку. Калі ў кавярні разбілі шкло, я таксама стаяў у чарзе, але не чакаў, што людзі так адгукнуцца на маю асабістую гісторыю. Многія кажуць, што ідуць не за кветкамі, а падтрымаць Максіма. Напішыце, калі ласка, што гэтая салідарнасць і эмацыйная падтрымка мне вельмі дапамагаюць.

Каментары2

Цяпер чытаюць

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі55

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Як цяпер праходзяць допыты на мяжы Беларусі з ЕС і каго на іх выклікаюць4

Польшча абвінаваціла Расію ў беспрэцэдэнтным ўмяшанні ў прэзідэнцкія выбары3

Ва Украіне загінуў камандзір Пскоўскай дывізіі, прызначаны Пуціным менш чым два месяцы таму6

Новы кіраўнік фонду Мельнікавай можа атрымаць доступ да рахункаў цягам некалькіх тыдняў1

«Добры дзень для Германіі». Рэакцыі нямецкіх партый на правал Фрыдрыха Мерца на выбарах канцлера1

Вайсковы парад 9 мая ў Мінску пройдзе позна вечарам11

Сталі вядомыя новыя прозвішчы затрыманых топ-менеджараў Мазырскага НПЗ

Тур не будзе насіць георгіеўскую стужку, але прычына не тая, што вы падумалі15

Ціманоўская абвінаваціла былога мужа ў супрацы з КДБ25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі55

З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць