Грамадства

«Мне заўсёды дапамагаў самы просты спосаб — фраза «Збярыся, анучка!». Што піша Ягор Марціновіч з-за кратаў

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы Андрэй Скурко вось ужо амаль паўгода знаходзяцца ў СІЗА па палітычна матываванай справе. Лісты — гэта самае важнае, што ёсць сёння ў нас ад іх. І ў іх ад нас. У сваіх лістах Ягор піша пра падарожжы, кнігі, бадзёрасць духу і разважае на розныя тэмы.

Не надта памятаю, які менавіта сумны жарт быў апошнім у анлайне, але шкадую, што не нарабіў адкладзеных допісаў у ФБ. Канечне, можна было страшна не адгадаць з танальнасцю, але ў цэлым было б весела. Хоп — і раптам я нібыта ў анлайне. З нейкай філасофскай думкай міма касы.

* * *

Пра усе гэтыя «эйджызмы-сэксізмы». Ясна, што калі прымаеш кадравае рашэнне ў кампаніі, то абіраеш кандыдата, які будзе эфектыўным у працы і з якім табе будзе камфортней. А як канкрэтна ацэньваць? Усё адно, на аснове нейкага вопыту, нейкіх стэрэатыпаў, меркавання іншых людзей (магчыма, стэрэатыпнага меркавання). Наўмысна наўрад ці хто дыскрымінуе. Але асабістыя перавагі ўсё адно будуць. Як у любым бізнэсе ці на дзяржаўнай службе. Але хлопчыкаў і дзяўчатак у нас было аднолькава.

* * *

Нешта ўсе маўчаць пра дыскрымінацыю тых, хто не ўмее плаваць! Раней было сорамна ў гэтым прызнацца, а цяпер мы падымаем галаву:)). У мяне ўжо адчуванне, што плывуны насамрэч у меншасці.

* * *

Я б спажываў любы настальгічны кантэнт і пра 1990-я, і пра 2000-я, Факт, што яго пакуль што вельмі мала. Гляджу колькі рэйтынгавых праграм на тым жа НТВ з зоркамі 1990-х, разумею, што гэта вечная тэма. Не ведаю, як наконт паўнавартасных мастацкіх фільмаў, але пракаціць любы больш танны варыянт. Хай бы пра Светлагорск 1990-х што-небудзь зрабілі, пра валютчыкаў як з'яву, пра тэлебачанне. Гэта я ад балды накідваю, цікава, абсалютна ўсё. У Расіі блогеры заняліся гэтымі рэтраспектыўнымі тэмамі, а ў нас пакуль што, на жаль, цішыня, не да таго. Ну, але рана ці позна гэты пласт усё роўна зробіцца. Я гатовы выйсці на гатовенькае.

* * *

Ад зефіру я не фанацею, для мяне занадта салодкі. Год 15 таму я вырашыў адмовіцца ад цукру — проста ў адзін дзень перастаў сыпаць у гарбату ці куды там яшчэ. Аказалася, жыццё не пагоршала. Але крута, што зефір можна прэзентаваць як беларускі сувенір, здымае пытанні перад тым, хто прыдумляе, што ўзяць з сабой за мяжу.

* * *

У дзяцінстве я шмат чытаў, аж занадта:). Але ў мяне ў галаве рэдка затрымліваюцца падрабязнасці. Толькі самае-самае асноўнае. Уяві, перад 10 класам мяне прымусілі прачытаць «Злачынства і пакаранне». Ну ладна, лета, часу, сапраўды, шмат. Адолеў. Пачынаюцца ўрокі. І аказваецца, што я зусім не памятаю гэтую няшчасную Сонечку! Зу-сім! Пра Раскольнікава больш-менш пераканаўча трынджу, а пра яе нічога не магу сказаць. Давялося перачытваць. Больш я летам не чытаў нічога.

* * *

Я дык зусім не фанат гэтых фантазійных сусветаў. Мне заўсёды падавалася, што ў нашай рэальнасці столькі ўсяго цікавага, што няма патрэбы ў чымсьці выдуманым. Як можна параўнаць «Зорныя войны» з барацьбой з наркотыкамі ў Філіпінах?

* * *

Лепш паглядзець дакументалачку ці хаця б «Арла і Рэшку» пра краіну. Прычым у мяне такое стаўленне да фантастыкі з дзяцінства. Яшчэ пра будучыню людзей можна глядзець-чытаць, але не пра гоблінаў і гномаў.

* * *

Можа, у снежні Капенгаген і выглядае панылым, але ў цёплы час гэта самы-круты-горад-Еўропы. Неяк атрымалася, што ў мяне да яго вельмі лягла душа. Можа, таму што сярод усіх гарадоў у скандынаўскім стылі я ўбачыў менавіта Капенгаген. Паколькі ў Стакгольм трапіў пазней, то ўразіўся ім менш.

* * *

Друць — гэта асацыяцыя з міфам майго дзяцінства Друцкам, ніколі не мог зразумець, як цэнтр княства мог фактычна знікнуць, ператварыцца ў маленькую вёску! Года паўтара таму нарэшце даехаў да Друцка, пахадзіў па гэтых валах. Ух, прыгажосць!

* * *

Што мяне вельмі радуе, што паспеў паглядзець шмат гарадоў і краін. Таму дахі Тбілісі-Кіева-Львова можна лічыць знаёмымі. Радуюся за тых, хто мае магчымасць падарожнічаць і бачыць новыя пейзажы. А я, можна лічыць, разглядаю дахі цэнтра Мінска.

* * *

Разумею, што ў кожнага сваё ўспрыманне і перажыванне стрэсу, але мне заўсёды дапамагаў самы просты спосаб — фраза «Збярыся, анучка!», адрасаваная сабе. Па-мойму, універсальны метад, не можа не дапамагаць.

Падтрымайце нашаніўцаў лістом, паштоўкай ці пасылкай. Гэта можна зрабіць па адрасе: 

СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030. 

Марціновіч Ягор Аляксандравіч

Скурко Андрэй Генадзевіч

Каментары

Цяпер чытаюць

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі2

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Уладзімір Някляеў. Адзінота. Новая паэма6

«Няма на што глядзець». Сарказі, які 20 дзён прабыў у турме, ужо напісаў кнігу на 200 старонак пра гэта3

Паўстагоддзя разам — і развод. З-за чаго распадаюцца самыя доўгія шлюбы ў Беларусі4

Пра культурную прорву між сучасным беларускім і польскім грамадствамі40

Беларуска вырашыла займець еўрапейскі пашпарт — яна расказала, як афармляе грамадзянства Румыніі21

У Варшаве адбудзецца сустрэча са Святланай Алексіевіч і Евай Вежнавец9

У Гомелі падчас аперацыі на сэрцы памёр Іван Афанасьеў2

«Плачу падаткі, а што ўзамен?» Беларуска расказала, як нявыгадна быць самазанятай18

Лукашэнка загадаў чыноўнікам перад прыходам да яго здаваць мабільнікі18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі2

Вызвалілі палітзняволеную маці чатырох дзяцей. Яе мужу прысудзілі 24 гады калоніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць