Грамадства44

У беларускай Вікіпедыі больш не могуць хаваць праўкі ў палітычных артыкулах. Чаму так адбылося і чым гэта пагражае?

Наведвальнікі беларускага раздзела свабоднай энцыклапедыі сутыкнуліся з папярэджаннем аб тым, што механізм хавання гісторыі правак у палітычных артыкулах перастаў працаваць. Улічваючы, што за мінулы год адразу некалькі адміністратараў беларускай Вікіпедыі судзілі па крымінальных справах, сітуацыя можа выглядаць небяспечнай. «Наша Ніва» разабралася ў сітуацыі. 

Футболка з вікі-прынтом. Фота: Wikimedia Commons

Трывожны банер на галоўнай старонцы беларускай Вікіпедыі паведамляў, што «ранейшае схаванне/выдаленне гісторыі правак з рызыкоўных артыкулаў больш не дзейнічае» і раіў карыстальнікам з Беларусі ўстрымацца ад рэдагавання палітычных артыкулаў са сваіх асноўных уліковых запісаў, прапаноўваючы выкарыстоўваць укладкі інкогніта і часовыя профілі.

З 2022 года гісторыя правак на такіх старонках сістэматычна хавалася, каб сілавікі не маглі адсачыць аўтараў тэкстаў пра пратэсты, рэпрэсіі ці дзеянні ўладаў.

Як выглядаў банер на старонцы беларускамоўнай Вікіпедыі. Цяпер фармулёўка выпраўлена на больш узважаную, якая тлумачыць, што праблема не тычыцца раней схаваных артыкулаў

Аднак, як пазней у сацсетках удакладнілі вікіпедысты, інфармацыя ў банеры была сфармулявана не зусім дакладна: усе раней схаваныя палітычныя артыкулы застаюцца пад надзейнай абаронай. 

Праблема ўзнікла менавіта са схаваннем новых артыкулаў.

Гэты ахоўны механізм стаў недаступным у красавіку 2026 года з-за спецыфікі ўнутранай бюракратыі Фонду Вікімедыя. Згодна з глабальнай палітыкай, у любым моўным раздзеле павінна быць або як мінімум два актыўныя «рэвізоры» (карыстальнікі з некаторымі выключнымі правамі, у тым ліку правам хаваць інфармацыю нават ад звычайных адміністратараў), або ніводнага.

Калі глабальныя адміністратары (сцюарды) зафіксавалі, што адзін з беларускіх рэвізораў не праяўляў актыўнасці больш за год, яны аўтаматычна пазбавілі яго правоў. А паколькі другі рэвізор застаўся адзіным у раздзеле, ягоныя паўнамоцтвы таксама былі прыпыненыя да абрання напарніка.

Хутка вырашыць праблему праз галасаванне аказалася складана. Каб абраць новага рэвізора, кандыдату трэба набраць мінімум 25 галасоў падтрымкі пры 80%-ым кансэнсусе. Для невялікага моўнага раздзела дасягнуць такога кворуму праблематычна, асабліва калі частка рэдактараў пакінула праект праз рэпрэсіі.

Сцюарды прапанавалі часовы кампраміс — прызначыць на ролю другога рэвізора кагосьці з глабальных адміністратараў. Аднак мясцовая супольнасць паставілася да гэтага з насцярожанасцю, патрабуючы ўзгаднення канкрэтнай асобы, каб выключыць любую імавернасць перадачы даных беларускім ці расійскім уладным структурам.

Пакуль пытанне з рэвізорамі застаецца нявырашаным, вікісупольнасць абмяркоўвае вяртанне да старога спосабу хавання правак, які не патрабуе прыцягнення знешніх удзельнікаў.

Рэальны крымінальны тэрмін за гісторыю правак

Важнасць хавання правак даказвае трагічны вопыт альтэрнатыўнага раздзела Вікіпедыі на тарашкевіцы, дзе падобная мера перасцярогі ніколі не прымянялася да палітычных артыкулаў.

Ілля Барыскевіч, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і меркаваны адміністратар Вікіпедыі, асуджаны за «дыскрэдытацыю Беларусі». Фота: Bernard Show

Менавіта адкрытасць гісторыі правак артыкулаў дазволіла сілавікам пасадзіць аднаго з галоўных рэдактараў раздзела тарашкевіцай і яго адміністратара пад нікам Kazimier Lachnovič.

За гэтым нікам, які захоўваў уяўную ананімнасць больш за дзесяцігоддзе, стаяў дацэнт кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій БДУІР Ілля Барыскевіч. Ён апісваў дзяржаўную сімволіку, беларускую палітычную і выбарчую сістэму.

У сакавіку 2025 года Барыскевіча арыштавалі, абвінаваціўшы ў стварэнні дваццаці пяці артыкулаў, якія ўтрымлівалі нібыта «хлуслівыя звесткі». Выкладчык атрымаў два гады калоніі і вялікі штраф за «дыскрэдытацыю Беларусі».

Яго вызвалілі толькі ў сярэдзіне сакавіка 2026 года падчас маштабнага памілавання пасля візіту амерыканскай дэлегацыі ў Мінск.

Пераслед вікіпедыстаў

Арышт Барыскевіча стаў толькі часткай маштабнай аблавы на адміністратараў беларускай Вікіпедыі вясной 2025 года, якая суправаджалася публікацыямі ў дзяржаўнай прэсе з называннем энцыклапедыі «зброяй масавага паражэння».

У маі 2025 года сілавікі затрымалі Вольгу Сітнік (вядомую пад нікам Хомелка) — хатнюю гаспадыню, маці траіх дзяцей і нязменную з 2010 года адміністратарку раздзела акадэмічным правапісам. Яна стварала артыкулы пра традыцыйную культуру і прыроду, але ўсё адно трапіла пад крымінальны пераслед як адміністратарка раздзела. У снежні 2025 года ёй прысудзілі хатнюю хімію. Аднак яшчэ летам яе захоплены ўліковы запіс быў выкарыстаны аператыўнікамі ГУБАЗіК: з профіля аўтарытэтнай рэдактаркі ў чатах дыяспары шукалі фатографаў на мітынг палітычнай эміграцыі ў Варшаве, каб атрымаць здымкі твараў пратэстоўцаў.

У тым жа месяцы быў арыштаваны Максім Лепушэнка, найстарэйшы адміністратар і адзіны бюракрат акадэмічнага раздзела, які мадэраваў спрэчкі і пісаў пра старажытную гісторыю. За ўдзел у мінулых пратэстах ён таксама атрымаў хатнюю хімію і быў унесены ў спісы экстрэмістаў. Яшчэ раней, у снежні 2024 года, затрымалі актыўнага рэдактара пад нікам Stary Jolup.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • беларус
    18.04.2026
    Пра якую Вікіпедыю ідзе гаворка, традыцыйную be-tarask ці навадзел, які захапіў імя, скапіяваў усе артыкулы, пераклаў іх на наркамаўку і цешыўся тым як добра ўладкаваўся. Тых хто займаўся гэтым паскудствам не шкада. Шчыравалі за наркамаўку, цяпер няхай з годнасцю прымуць падзяку ад наркамаў.
  • ХРЫСТОС УВАСКРОС!
    18.04.2026
    Што б там сатана і слугі ягоныя не выраблялі, але Хрыстос ужо ўваскрос, і таму марныя справы іхнія. ХРЫСТОС УВАСКРОС!!!!!!!
    А савок здох і маскаляндзія таксама на падыходзе да смерці. А вы, Беларусы, калі не навернецеся да БОГА (ТРОЙЦЫ ЎСЕМАГУТНАЙ), то таксама загінеце.

    "але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце."(ІСУС ХРЫСТОС)
  • разважун
    18.04.2026
    беларус, пра акадэмічную Вікіпедыю ідзе гаворка ў частцы, дзе гаворыцца, што ўсё пад надзейнай аховай, пра альтэрнатыўную на вячоркаўцы - ў частцы, дзе гаворыцца, што там нават не думалі пра бяспеку сваіх рэдактараў.

Цяпер чытаюць

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла15

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску кідаюць будаваць трэцюю лінію метро ў Зялёны Луг. Усе сілы пойдуць на чацвёртую, кальцавую30

Беларусбанк знізіў стаўкі па крэдытах на жыллё1

У Мінску са стральбой затрымалі расійскіх кур'ераў тэлефонных махляроў10

У Барысаве невядомы раскідвае «мармеладкі» з рыбалоўнымі кручкамі — ёсць загінулыя жывёлы10

Дунін-Марцінкевіч ці не Дунін-Марцінкевіч? Каму належыць загадкавы фотапартрэт з дарэвалюцыйнага нумара «Нашай Нівы»4

Макрон: Еўропе час прачнуцца13

На наступным тыдні беларусаў чакаюць падоўжаныя выходныя

Навукоўцы змаглі аднавіць 42 старонкі раннехрысціянскага рукапісу, які лічыўся страчаным1

Ілан Маск афіцыйна запусціў XChat7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла15

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць