Спецыялісты патлумачылі, наколькі небяспечныя масты і пуцеправоды, хібы якіх паказваюць у інтэрнэце
У сеціве рэгулярна з'яўляюцца відэа з Мінска, на якіх паказваюцца трэшчыны і пашкоджанні мастоў і пуцеправодаў. Спецыялісты з прадпрыемства «Гараўтамост» растлумачылі агенцтву «Мінск-Навіны», што насамрэч сітуацыя з імі не з’яўляецца крытычнай, хоць асобныя аб’екты і сапраўды патрабуюць рамонту.

Найперш гаворка ідзе пра пуцеправод на вуліцы Прытыцкага. Там ужо праводзіліся значныя работы: умацоўвалі апоры, замянялі дарожнае пакрыццё, рабілі новую гідраізаляцыю і абнаўлялі дэфармацыйныя швы. Гэта неабходна, каб вада не трапляла ў канструкцыі і не разбурала іх знутры. Паводле заключэння спецыялістаў, агульны стан гэтага аб’екта застаецца здавальняючым, а яго грузападымальнасць адпавядае нормам.
Трэшчыны, якія заўважылі людзі, у асноўным звязаныя з тэхналагічнымі асаблівасцямі рамонту — напрыклад, з усадкай матэрыялаў пасля ўмацавання канструкцый. Такія дэфекты не ўплываюць на трываласць моста. У некаторых месцах, дзе зафіксавалі аслабленне, дадаткова паставілі часовыя страхавальныя канструкцыі, каб знізіць нагрузку і падстрахаваць апоры.
Што да моста на вуліцы Дзянісаўскай, то ягоны стан сапраўды горшы — ён патрабуе капітальнага рамонту. Але нават там сітуацыя не аварыйная: пры ўмове кантролю і выканання рэкамендацый эксплуатацыю дазволена працягваць да пачатку рамонту, які плануюць на 2027 год. Для бяспекі пад дзвюма крайнімі балкамі ўсталявалі дадатковыя апоры. Такія рашэнні выкарыстоўваюцца і ў іншых краінах як часовая мера.

На пуцеправодзе на вуліцы Чыжэўскіх таксама знайшлі трэшчыны, у тым ліку карозійныя. Аднак спецыялісты сцвярджаюць, што яны не ўплываюць на бяспеку руху і будуць ліквідаваныя падчас бягучага рамонту. Акрамя гэтага, там плануюць герметызаваць пакрыццё, каб прадухіліць траплянне вады і далейшае пашкоджанне.
Асобна адзначаецца, што ў 2026 годзе запланаваныя рамонтныя работы і на іншых аб’ектах, напрыклад на эстакадзе на праспекце Дзяржынскага. Там будуць аднаўляць герметычнасць швоў, сістэмы водаадводу і рамантаваць канструктыўныя элементы.
«Відаць, што апоры развальваюцца». Стан аднаго з мінскіх мастоў цераз Свіслач выклікае трывогу
У Мінску пабудуюць мост паміж Лошыцай і Серабранкай. Калі пачнуць?
Над мінскім рынкам «Лебядзіны» пабудуюць 380‑метровы пуцеправод
У Мінску закрылі вуліцу Масюкоўшчына адразу ажно на пяць гадоў. Што там адбываецца?
Каментары