Мінчук знайшоў гіганцкі ядомы грыб, які заважыў 11 кілаграмаў
За паўтары гадзіны Мікалаю Каляіне ў лесе ва Уздзенскім раёне ўдалося сабраць сем вёдраў баравікоў і апенек. Але потым яго чакаў сапраўдны сюрпрыз.

Мікалай Каляіна збіраць грыбы пачаў яшчэ ў дзяцінстве, таму лёгка можа адрозніць ілжывых двайнікоў ад ядомых. Вось і гэтым разам, прыехаўшы ў вёску да сваякоў ва Уздзенскі раён, перш за ўсё адправіўся на ціхае паляванне. За паўтары гадзіны мінчуку ўдалося сабраць сем вёдраў баравікоў і апенек, пішуць Мінск-навіны.
Мікалай аднёс здабычу ў аўтамабіль і вырашыў, што можна яшчэ пахадзіць па лесе. Другая вылазка збянтэжыла: ён наткнуўся на дзіўны грыб, які ні разу ў жыцці не сустракаў. Рос ён на ясені невысока над зямлёй.
— Адразу ўразіўся яго прыгажосцю, ён увесь такі залацісты, — распавёў Мікалай Каляіна. — Але тут жа працяла думка: а раптам атрутны? Доўга думаў, але ўсё ж вырашыў зрэзаць: было шкада пакідаць. Мучыўся каля 20 хвілін, бо нож быў зусім маленькім, а пашкодзіць знаходку не хацелася. Але ўсё роўна разрэзаў грыб напалову, бо ён папросту не змяшчаўся ў кошык. Каб данесці знаходку да машыны, у лес прыйшлося схадзіць двойчы. А калі прывёз у вёску, усе збегліся паглядзець на цуд.
На наступны дзень Мікалай вярнуўся ў Мінск і пачаў шукаць, дзе можна праверыць грыб. Патэлефанаваў у некалькі лабараторый, з'ездзіў на буйныя сталічныя рынкі, але ўсюды разводзілі рукамі.
Выручылі абазнаныя грыбнікі, якія падказалі, што гэта ядомы трутавік. Шчаслівы ўладальнік знаходкі вырашыў, што адну частку грыба замарозіць, а іншую прыгатуе рознымі спосабамі. Засталося толькі рэцэпт знайсці, каб усё зрабіць правільна.
— Ведаю, што з грыбамі трэба быць асцярожным. Трэба выконваць правілы бяспекі, каб пазбегнуць атручвання. Але знаёмыя ўжо паспрабавалі мой трутавік, з імі ўсё добра. Хвалілі нават. Па смаку чымсьці нагадвае мяса курыцы. Таму і сам яго з задавальненнем пасмажу або звару, трохі засушу, а што застанецца — пакладу ў маразільнік. У мяне яны доўга ляжаць не будуць — да лютага ўсе сабраныя грыбы дакладна з'ем. Люблю грыбочкі ў любым выглядзе, — адзначыў Мікалай.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
фалас
не ўсе ціхія паляўнічыя мажліва ведаюць, што любы "грыб" - гэта палавы ворган грыба, цела якога знаходзіцца пад зямлёй