Грамадства3030

Як склалася жыццё Ялінкі, адзінай беларускамоўнай вучаніцы ў Магілёве ў свой час?

Ялінка Салаўёва скончыла дзевяць класаў магілёўскай СШ №1 у 2019 годзе. Толькі цягам аднаго навучальнага года ў яе былі аднакласнікі. Чыноўнікі спрабавалі ліквідаваць клас для адной вучаніцы, але сям’я Салаўёвых упарта змагалася за права дачкі вучыцца па-беларуску.

Расказваем, чым сёння жыве Ялінка.

Ялінка Салаўёва. Фота з архіва гераіні.

Беларускамоўны клас з’явіўся ў магілёўскай СШ №1 у 2010 годзе, і першапачаткова цікавасць да яго была і ў іншых жыхароў горада, але па выніку Ялінка давучвалася ў ім адна. Калі яна перайшла ў пяты, чыноўнікі з гарвыканкама спрабавалі аб’яднаць праграму дзяўчыны з дзецьмі з рускамоўнага класа з аргументацыяй «неабходнасць ашчаджаць расходы бюджэту». Сям’я на такое не пагадзілася. Дзякуючы настойлівасці Надзеі і Змітра, Ялінка стала першай беларускамоўнай выпускніцай СШ №1 за 20 гадоў.

У 2023 годзе ў гэтай жа школе ў беларускамоўны клас паступілі пяць першакласнікаў — гэта быў адзіны клас у горадзе, які рабіў набор для беларускамоўных дзетак. У бягучым навучальным годзе на базе школы працягнулі працаваць 2, 6 і 8 класы з беларускай мовай навучання. А ў магілёўскай СШ №34 — 3, 5, 7 і 9 класы.

Бацька Ялінкі — Зміцер Салаўёў, галоўны рэдактар рэгіянальнага партала 6tv.by. Яшчэ перад выбарамі 2020 года яго супрацоўнікі падпалі пад рэпрэсіі. Самога Змітра затрымлівалі некалькі разоў і адпраўлялі на суткі. Пасля праведзенага дома вобшуку летам 2021 года сям’я была вымушаная эміграваць з Беларусі. У 2023-м інтэрнэт-выданне 6TV Biełaruś прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем». Звязаных з ім людзей затрымалі і знялі ў прапагандысцкім сюжэце, назваўшы «ўдзельнікамі ячэек экстрэмістаў». 

Зміцер, Надзея і Ялінка Салаўёвы, 2016 год. Фота: фэйсбук Надзеі Салаўёвай

Разам з жонкай Надзеяй Зміцер сёння жыве ў Беластоку. 20-гадовая Ялінка ж вучыцца ў Люблінскім універсітэце на спецыяльнасці «інжынерыя і аналіз даных».

«Першапачаткова планавалася, што я паеду вучыцца ў Польшчу, а бацькі застануцца ў Беларусі, але лёс вырашыў па-іншаму, — расказвае Ялінка. — Памятаю, паехала ў Мінск да сваёй найлепшай сяброўкі, проста патусіць, адпачыць. Якраз былі канікулы, мы закрылі ўсе экзамены. Праз тыдзень вярнулася ў Магілёў дахаты, а на наступны дзень, здаецца, да нас ужо ламаліся з вобшукам. Мяне асабліва не чапалі, я проста сядзела ў кутку.

Але гэта такі кантраст: літаральна дзень таму ты проста чыліла, весялілася, а тут рэзка трэба бегчы з краіны».

Дзяўчына дзеліцца, што ад’езд стаў для яе досыць стрэсавай падзеяй. Прыйшлося доўга звыкацца з думкай, што назад дарогі няма.

«Я пайшла да псіхолага — не ўпэўненая, ці прапрацавала ўсё цалкам, але ўжо лепш прымаю сітуацыю, што наўрад ці вярнуся ў Беларусь жыць. Можа, змагу прыязджаць, калі будзе магчымасць, але каб будаваць там сваё жыццё — думаю, гэта ўжо немагчыма».

Пасля дзевяці класаў Ялінка паступіла ў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Там, сярод іншага, у яе выкладалася і польская мова, таму ў пэўным сэнсе ўключыцца ў навучанне ў Польшчы пасля было прасцей.

«Першапачаткова я яшчэ падалася на праграму Каліноўскага, і ў яе рамках таксама былі моўныя курсы. Але што хачу сказаць: усім, хто ведае беларускую мову і плануе вучыцца за мяжой, гэта дасца прасцей. Калі валодаеш беларускай, потым вельмі лёгка асвоіць тую ж польскую, чэшскую і іншыя славянскія мовы, бо яны ў цэлым падобныя».

Пасведчанне Ялінкі аб агульнай базавай адукацыі. Адзіная сямёрка — за рускую мову. Фота: svaboda.org

Большасць школьных сяброў Ялінкі засталіся ў Беларусі, паступіўшы ў Мінск. Ліцэйскія, як і яна, эмігравалі, але раз’ехаліся па розных мясцінах, таму першы час у замежжы дзяўчына адчувала сябе самотнай. Ва ўніверсітэце сяброўства не клеілася. Аднадумцы знайшліся на танцах, якія яна вельмі палюбіла — Ялінка займаецца новым хобі амаль год.

Яшчэ для душы дзяўчына стварае сваімі рукамі розныя бірулькі.

«Калі сябрам іх паказваю, усе такія: ты павінна гэта прадаваць! Я нават стварыла акаўнт у інстаграме. Але ён больш пра маё хобі, чым пра бізнэс».

Каб знайсці сваёй беларускамоўнай дачцэ аднакласнікаў, бацькі Ялінкі ў свой час нават здымалі рэкламныя ролікі. Але ў іншых людзей была адна галоўная адгаворка: перспектыў няма, бо няма беларускамоўных ВНУ, а ў рускамоўных вучыцца будзе некамфортна з такой базай.

Сама Ялінка ніякага дыскамфорту па моўным пытанні ніколі не адчувала: ва ўніверы яна вучыцца па-польску, са знаёмымі-ўкраінцамі, якія не валодаюць роднай мовай, размаўляе па-руску, з бацькамі і сябрамі па-беларуску, а з дзяўчынай родам з Тайваня, з якой яны сустракаюцца на танцах, — па-англійску.

«Памятаю, што ў класе пятым мне было сумна, хацелася перавесціся ў іншы клас, менавіта каб быць бліжэй да сяброў. Але па выніку я б усё адно паўтарыла свой шлях. Па-першае, у мяне была індывідуальная адукацыя ў прамым сэнсе, шмат увагі ад настаўнікаў. Па-другое, гэта ж мая родная мова, тое, што я першым пачула ў жыцці. Беларуская мова дала мне дакладную самаідэнтыфікацыю — я беларуска, я гэтым вельмі ганаруся. Гэта літаральна другая рэч, якую я кажу пры знаёмстве», — прызнаецца Ялінка.

Фота з архіва гераіні.

Дзяўчына кажа, што цяпер мае вялікую матывацыю развівацца ў танцах. А яшчэ ставіць перад сабой мэту лепш разумець сябе:

«Мне вельмі хочацца быць чагосьці вартай, мець нейкае прызнанне (прынамсі, ад дарагіх мне людзей), разумець свае жаданні і пачуцці».

Каментары30

  • Конь
    07.10.2024
    Acab, як выходныя прайшлі, таварыш асаб? Мабыць на шашлычок з аддзелам ез’дзілі, бо не было відаць каментароў?
  • Конік
    07.10.2024
    Жадаю Ялінцы посьпехаў! Не сумуй, мы яшчэ вернемся!
  • своечасовы матэрыял, аднак
    07.10.2024
    Дзіма не-Круты, табе прывітанне. З надыходзячым "годам беларускай мовы", так сказаць.

Цяпер чытаюць

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Усе навіны →
Усе навіны

Як звесці рызыку інфаркту да мінімуму?

Беларус надрукаваў на 3D-прынтары пісталет-кулямёт2

Азараў расказаў, чым будзе займацца яго дэтэктыўнае бюро «Рэкс»6

Чарговы скандал з адміністрацыяй Трампа: журналісты знайшлі ў інтэрнэце персанальныя даныя топ-чыноўнікаў4

«Мой заробак у Польшчы вырас у дзесяць разоў» — гінеколаг Ганна Каско49

Міністр абароны Літвы: Няма гарантыі, што вайскоўцы ЗША ў машыне — правяраюцца і іншыя версіі1

Каля новай станцыі метро хочуць знесці прыватны сектар і двухпавярхоўкі. Мінчан клічуць на абмеркаванне5

У Мінску з'явіліся электрасамакаты «Яндэкс Go»

Удзельніцам «Міс Беларусь» дазволілі мець татуіроўкі і пірсінг4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць