Грамадства

«Командир, ты ребят накормил?» Як медыяменеджар Канстанцін Залатых сілавікоў троліў

Былы кіраўнік «Еўрарадыё» і газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых пасля чатырох гадоў зняволення выехаў у Польшчу, дзе ў яго выявілі рак ныркі. Пра тое, як медыяменеджар здзекаваўся з сілавікоў у 2020-м, што пабачыў у Туркменістане і чаму цяпер мае патрэбу ў дапамозе, піша Ігар Карней.

Кастусь Залатых неўзабаве перад арыштам

У колішняга дырэктара «Еўрарадыё» і тыднёвіка «Беларусы і рынак» Канстанціна Залатых польскія лекары дыягнаставалі анкалагічнае захворванне. Каб перажыць працяглае абследаванне, аперацыю і рэабілітацыю, экс-палітвязень папрасіў дапамогу.

Збор распачаты на пляцоўцы BySol.

Канстанцін Залатых прайшоў шлях, досыць звыклы для прадстаўнікоў незалежнай прэсы: паспяховы медыяменеджар, закладнік рэжыму, вымушаны эмігрант. А яшчэ ў ягоным персанальным бэкграўндзе — спантанныя імправізацыі не для слабых на нервы. Без літасці да карнікаў і дыктатараў.

Апошні раз у Мінску мы бачыліся 7 мая 2022‑га на імшы па першым кіраўніку Беларусі Станіславу Шушкевічу. Аддаўшы належнае палітыку і навукоўцу, доўга яшчэ размаўлялі перад Кафедральным саборам, абмяркоўвалі маю прафесійную паўзу і магчымае супрацоўніцтва з газетай.

Не зраслося: літаральна праз паўтара тыдня па яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ.

Спачатку інкрымінавалі «перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў», а ўжо цягам следства пералік артыкулаў істотна пашырыўся: ад абразы прадстаўнікоў улады да распальвання варожасці. Вырак, агучаны Мінгарсудом на закрытым працэсе, — чатыры гады зняволення па суме «злачынстваў». З непазбежным унясеннем у экстрэмісцкі і тэрарыстычны спісы.

Тады не мог і ўявіць, што маем шанец хутка сустрэцца зноў — да мяне тыя ж гэбісты заявіліся ў ліпені 2023-га. Аднак крыху размінуліся: у камеру 32 так званай «Валадаркі» я заехаў якраз на вакантнае месца, вызваленае Канстанцінам Залатых (пасля незадаволенай апеляцыі яго адправілі ў калонію №1 Наваполацку). Сукамернікі яшчэ доўга згадвалі байкі, якімі ён шчодра дзяліўся з калегамі па няшчасці.

Скрыншот падчас сазвону з калоніі з жонкай

Загіпнатызаваны падпалкоўнік

Нават кароткага знаёмства з Кастусём дастаткова, каб зразумець, што перад вамі непераўзыдзены жартаўнік ды гаварун. Ён і сам прызнае: шмат якія праблемы менавіта праз доўгі язык. І тое, што ўрэшце зацікавіў спецслужбы, магло пачацца ў самы разгар палітычнай кампаніі 2020-га. Не думаю, што некаму яшчэ прыйшла б у галаву ўдалая думка пакпіць з «пагоннікаў» — тым больш, якраз у той час, калі сілавікі ўжо адчулі смак крыві.

У адзін з маршаў «пранкер» вырашыў пажартаваць — балазе, нават на акцыі хадзіў у строгім касцюме з чырвоным гальштукам а-ля Трамп. Ды і з камандным голасам усё ў парадку. Чым не агент пад прыкрыццём?

— Гэта быў адзін з першых жаночых маршаў, пачатак верасня-2020. Паколькі я жыў на плошчы Перамогі, усё літаральна пад вокнамі. У той дзень мы з жонкай паехалі на свята да сябра. Я яшчэ з барадой, ільвіная грыва. Ну і касцюмчык, гальштучык, усё як мае быць. Назад па абедзе паехалі, а ўсё перакрыта, бо акцыя. Пэўную адлегласць трэба прайсці. Там ужо процьма аўтобусаў з чорнымі, чакаюць загаду. Праўда, не адбітыя амапаўцы, хутчэй, салянка з раённых аддзяленняў. Аднак ва ўсёй амуніцыі, узброеныя. І ўся гэтая армада ў кішэньцы літаральна перад маім домам.

Ідзём мы побач з калонай, я кажу жонцы: «Пачакай, хутка вярнуся». Ясна, што яна пачала лямантаваць: «Куды ты лезеш, навошта нарываешся!» Адмахнуўся, заходжу ў найбліжэйшы аўтобус. Ціхім, але ўпэўненым голасам, запытваю: «Кто старший?» Адрапартаваў цэлы падпалкоўнік. Нейкі Бондараў.

— Здоров, Бондарев (пацісканне рукі як нефармальная камунікацыя зверху ўніз). Как вообще обстановка?

— Это самое, вроде нормально. Пока ничего не происходит. Ждем команды.

— Ясно. Давно на посту? Ребят вообще обедом кормили?

— С шести утра… Никак нет, пока не кормили.

— Ну вот, а ты докладываешь, что всё нормально. А вот я уже и позавтракал, и пообедал. Так что, получается, с самого утра ребята не ели, что ли? Это, конечно, наша недоработка, разберёмся. Нельзя так с личным составом…

А я не тое, што прыкметна нападпітку, але прыемнае пачуццё, што наабедаўся вельмі шчыльна. Ну і, як кажуць, увайшоў у раж.

Затое палкоўнік зусім разгубіўся, яўна не чакаў падобнай інспекцыі. Тым больш, гэта іншаземныя агенты ходзяць як заўгодна — і з патламі, і з бакенбардамі. У Беларусі такіх няма. Я тады наогул больш на папа падобны быў — доўгія валасы, барада, толькі што без ланцуга з крыжыкам. Зрэшты, паралізаваў нават не знешні выгляд, а тон — ціхі, спакойны, беспярэчны. І калі выходзіў з салону, усе моўчкі праводзілі вачыма, пакуль я не знік з іх гарызонту.

Магчыма, нехта чакаў бы, што пасля гэтага дзверы зачыняцца і камандзір рване ў ведамасную сталоўку — тэрмінова карміць падначаленых. Але ж загадкавы «пасланец» выразна даў зразумець: дзе трэба — самі разбяруцца, без кіпішу. Таму нічога не застаецца, як чакаць і надалей стойка пераносіць «тяготы и лишения». Ды і жонка не дала даглядзець спектакль у стылі мілітары, сілком пацягнула ў бяспечнае месца…

Спецаперацыя «батарэйка»

Яшчэ раней, у сярэдзіне жніўня таго ж 2020-га, Канстанцін Залатых адзначыўся кемлівасцю падчас аператыўнага вырашэння пытання з тэхнічным забеспячэннем жывога эфіру для «Еўрарадыё». І зноў не абышлося без тролінгу людзей у пагонах.

— 14 жніўня, спроба ўсеагульнага страйку — у цэнтр Мінска рушылі тысячы рабочых з МТЗ, МАЗу, іншых прадпрыемстваў. Дагэтуль ганаруся, што браў удзел у тым бэкстэйджы для «Еўрарадыё» — спантанна вырашалі рабіць прамую трансляцыю. Закальцавалі ледзь не на каленцы: айфончык, пятлічка, сінхранізатар, перадатчык. Літаральна зматалі ізалентай і ўсё, на дзіва, запрацавала. Праўда, не на акумулятарах, а на батарэйках накшталт кроны. А тыя хутка выгаралі, пакуль ад шматгадзінных уключэнняў не селі канчаткова.

Залатых у бытнасць дырэктарам «Еўрарадыё»

А перад забастоўкай як нейкая віхура пранеслася: усе гумы-цумы пазачыняліся «па тэхнічных прычынах». Поўны галяк. Я паскроб галаву і згадаў, што ў гатэлі «Мінск» ёсць шапік з рознай драбязой. Але і там усё перакрыта: па перыметры Валадаркі амапаўскія кардоны, нікога не прапускаюць. І тут бачу, што каля калоны кінатэатру «Цэнтральны» прыхілены самотны партфельчык. Чый, адкуль — невядома. Не доўга думаючы, скіроўваюся да ланцуга спецназаўцаў, патрабую «старшага». Падыходзіць нейкі без апазнавальных знакаў. Не даю яму апамятавацца, тыкаю проста ў нос старым журналісцкім пасведчаннем (сам рабіў, добрае).

— Не поворачивайся, сделай вид, что проверяешь у меня документы. Видишь портфельчик? Только не смотри так явно и пальцем в ту сторону не тычь. С учетом событий не исключена провокация, нужно срочно разобраться. Дело серьезное, государственной важности…

Пакуль тыя стаялі з вылупленымі вачыма, я спакойна прасунуўся праз чорныя шэрагі і валюхаючыся пайшоў у фае гатэля. Набыў колькі трэба батарэек і гэтак жа рушыў зваротным маршрутам да офісу «Еўрарадыё».

А на праспекце Незалежнасці тым часам ужо нежартоўны «дзвіж» — ля кінатэатру спецмашына «Разминирование» з мігалкамі, бегаюць туды-сюды сапёры, шукаюць сляды «палітычнай правакацыі». Наўрад ці нешта знайшлі, прынамсі ў крымінальных зводках нічога на гэты конт не з’явілася. Хоць партфельчык, мяркуючы па ўсім, хтосьці ў выніку страціў. «А мог бы ад МУС грамату з падзякай атрымаць. За пільнасць», — уздыхае Кастусь Залатых.

Цень Туркменбашы

У працоўнай біяграфіі Кастуся Залатых, яшчэ да заглыблення ў медыяпраекты, фігуруе пасярэдніцкая рэалізацыя прадукцыі Мінскага аўтазаводу праз вядомую ў свой час камерцыйную кампанію «Джэнці». З прыроднай здольнасцю, прабачце, угаварыць мёртвага, рыса незаменная. Сярод мноства камандзіровак, якія папярэднічаюць падпісанню кантрактаў, без перабольшання, феерычнай стала наведванне Туркменістана яшчэ ў бытнасць прэзідэнтам-«баем» Сапармурата Ніязава.

Як водзіцца ў тых краях, госця з Беларусі прымалі па-багатаму: кармілі, паілі, забаўлялі. Гэткія абраныя нуварышы. А пры дасягненні пэўнай кандыцыі страцілі самакантроль, дазволіўшы засумнявацца ў богаабранасці свайго Туркменбашы. Дзеля справядлівасці, першы раз гэты жыццёвы памфлет у ролях я пачуў ад нашага агульнага сябра Змітра Бартосіка. Усё аказалася чысцейшай праўдай.

З сябрам Змітром Бартосікам

— Туркменбашы памёр у 2007-м, значыць, было тое ў пачатку нулявых. Я прыязджаў па дзіўнай схеме: нібыта да амерыканскай фірмы, якая там набывала бавоўну, а я ім, у сваю чаргу, падганяў нашы МАЗы. Запраўлялі ўсім туркмены, мяне таксама прымаў аўтарытэтны дзядзька з заступніцтвам на самым версе. Карацей, легалізаваныя бандыты.

Сядзім пасля здзелкі, культурна адпачываем, фонам вяшчае тэлевізар. Мясцовы гэбэшнік, «крыша» майго кампаньёна, і чалавек пяць шпікоў у аднолькавых пінжаках. На экране — «сонцалікі» Сапармурат Атаевіч. Пранізлівы позірк, укладзеная фрызура, на кожным пальцы — масіўны пярсцёнак з брыльянтам, якімі ён тыкае проста ў манітор. Мы трэцюю гадзіну папіваем, а ён увесь гэты час некага прапясочвае. На матчынай мове, таму я не разумею. І халуі на заднім плане штосьці засяроджана ў сшытачкі запісваюць. Я не вытрымаў: што за шоу?

Сабутыльнік ужо добра нагружаныя, ахвотна перакладае. Цётка ў прыкідзе а-ля гатэльны швейцар, на якую перыядычна наязджае камера, — генеральная пракурорка. Нічога кепскага не зрабіла, але «проявила нескромность», за гэта яе правадыр «немного ругает». Раней паскардзілася Вечна Вялікаму, што сям’я разраслася, няма сіл туліцца ў кватэрцы, замоўце слоўца за сціплы дамок і гэтак далей. Бай махнуў пярсцёнкамі і яна адгрохала сабе палац на пару тысяч квадратных метраў. То-бок як некалькі футбольных палёў з паўлінамі, фазанамі ды іншай жыўнасцю. І пакуль гаспадыня была на канферэнцыі ў Германіі, прыехалі пяць бульдозераў, «дамок» зруйнавалі і паклалі зверху акуратны газончык. Як нічога і не было. Дык вось усе тры гадзіны ў жывым эфіры прэзідэнт прысаромліваў, што ў такога добрага спецыяліста асабістае пераважыла над грамадскім.

Тая наўзрыд плакала, не стамлялася дзякаваць, што мудры кіраўнік своечасова яе спыніў і на самой справе старая «кватэрка» не такая малая, лёгка можна размясціцца тром пакаленням.

Паколькі гэта кланавыя цёркі, мне да іх справы няма. Але прыстаўлены шпіён раптам адваліўся на канапе, важна ткнуў у бок тэлевізару пальцам у адказ і з характэрным акцэнтам пачаў несці крамолу. У прысутнасці сваіх падхалімаў.

— Костя, ты толька пасматри на этава дурака. В его галаве не то что мазгов, там даже мяса нет. Пустой барабан, вот что на плечах носит. Ишак и то умнее…

Мне ў дыскусію ўступаць не выпадала, як кажуць, самі з вусамі. Але пікантнасць сітуацыі ў тым, што, як мне пазней сказалі, сам ён палкоўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі. Няёмка атрымалася ў сумяшчэнні прыемнага з карысным. Каб хтосьці з атачэння стукануў тым, хто яшчэ бліжэй да цела, скончылася б куды горш, чым з генеральнай пракуроркай.

Таму раніцай толькі паспеў я прачнуцца, як дзелавы партнёр ужо стаяў на парозе. Ліслівым галаском пачаў цікавіцца, ці душэўна напярэдадні пасядзелі, ці не заглыбляліся ў непатрэбныя абмеркаванні, ці добрае ў мяне пачуццё гумару.

— Костя, ну ты же поняль, что я вчера очень много шютиль? Шютник я, поняль? Что ни скажу — всё шютка. Саабражаешь, да? Ничего вообще серьезно не гавариль. Малядэц, Костя, что так и поняль…

І паколькі «пахвала» з вуснаў спецслужбіста не ўспрымалася так адназначна, за лепшае было як мага хутчэй рэціравацца. Што я з задавальненнем і зрабіў…

***

Кастусю Залатых не пашанцавала трапіць у спісы закладнікаў на абмен з амерыканцамі, таму пасля адбыцця поўнага тэрміну нейкі час заставаўся ў Беларусі — з усімі выдаткамі прафілактычнага нагляду. А сёлета не без прыгод далучыўся да жонкі і сына, якія яшчэ падчас ягонай адседкі выехалі ў Польшчу. Тут і спрабуе зноў пачаць наноў.

Праўда, не без форс-мажору. Падчас паглыбленага медагляду лекары выявілі шэраг захворванняў, у тым ліку рак ныркі. На верасень была прызначана аперацыя, аднак кансіліум адмяніў літаральна напярэдадні — паўстала рызыка страты важнага органа. У пачатку кастрычніка яго накіравалі на паўторную біяпсію, таксама без вынікаў — пухліна аказалася занадта блізка да артэрый. Нарэшце адправілі ў спецыялізаваную клініку ва Уроцлаве, дзе на падставе новых абследаванняў адмыслоўцы вызначыць спосабы далейшага лячэння.

Акрамя таго, былы палітвязень мае і іншыя праблемы, якія, перакананы ён, сталі вынікам утрымання ў няволі. Сярод іх кардыялагічныя разлады і пашкоджанні сасудаў ног. Паводле медыяменеджара, лячэнне і лекі бясплатныя, аднак выдаткаў патрабуюць штодзённыя патрэбы сям’і: сродкаў пасля вымушанага пераезду бракуе. Фінансавая падтрымка — дзеля таго, каб перажыць найбліжэйшыя месяцы. Пасля рэабілітацыі Канстанцін Залатых плануе вярнуцца ў прафесію.

Каментары

Цяпер чытаюць

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам працуе аптовая крама, дзе крупы каштуюць 1—3 рублі, а алей — ад 3,51

У Расіі паставіліся да амерыканскага папярэджання пра магчымы тэракт у Маскве сур'ёзна3

УСУ ўдарылі па вытворцы ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці1

«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск18

Шмат гадоў футбольную «Іслач» на матчах падтрымліваў «люты баяніст». Куды ён дзеўся цяпер?2

«Мы вярнуліся з пекла». Людзі з Алешак прыбылі ва Украіну і дзеляцца эмоцыямі3

У Мінску пара ў прымерачных кабінках мяняла старыя адзенне і абутак на новыя

«Вы васал Масквы». Беларусь перастаюць бачыць асобна ад Расіі58

Пасольства ЗША ў Маскве папярэдзіла пра пагрозу тэракта ў адным з расійскіх музеяў. Так было і перад «Крокусам»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу7

Затрымалі чарговага чалавека года Віцебшчыны, дэпутата Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Калягу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць