Гісторыя1212

Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР

Ён дапамог яўрэйскай жанчыне атрымаць візу да Амерыкі і, магчыма, пазбегнуць жахаў Халакосту ў Еўропе.

Пашпарт БНР, выдадзены ў Берліне Куіне Лібінай.

Відэа з пашпартам БНР і іншымі дакументамі, звязанымі з эміграцыяй у ЗША, апублікаваў інстаграм-акаўнт Vintage Passport Collector.

Пашпарт з нумарам 734/540 быў выдадзены на імя нейкай Куіны Лібінай (Kuina Libin) 22 чэрвеня 1923 года тэрмінам на адзін год. Дакумент быў выдадзены ёй для таго, каб яна магла выехаць у Амерыку. Мяркуючы па імені, яна была яўрэйкай. 

Вокладка пашпарта БНР і старонка з імем. Скрыншоты відэа

У дакуменце напісана, што Лібінай было 42 гады (дакладная дата нараджэння не пазначана), яна нарадзілася ў Харкаве і пастаянна пражывае ў Данцыгу, які на той час быў вольным горадам. Але чамусьці па дзяржаўнай прыналежнасці яе прыпісвалі да Беларусі. У графе службы, то бок прафесіі, пазначана «пры мужу».

Пячаткі ў пашпарце сведчаць, што ён выдадзены Надзвычайнай місіяй БНР у Берліне. Подпіс у дакуменце належыць Андрэю Бароўскаму, тагачаснаму кіраўніку місіі. Фактычна гэты пашпарт з’яўляецца прыкладам таго, як беларуская місія зарабляла грошы на сваё існаванне, карыстаючыся сваім нявызначаным статусам і прадаючы ўсім ахвотным патрэбныя дакументы.

Найбольш плённым перыядам дзейнасці місіі БНР у Берліне былі 1919-1921 гады, калі пасля перамоваў з прадстаўнікамі знешнепалітычнага і ваеннага ведамстваў Германіі беларускія прад­стаўнікі дамагліся дазволу выдаваць грамадзянам Беларусі пашпарты БНР. Уладальнікі такога пашпарта маглі без перашкод жыць у Еўропе, атрымаць візу на пераезд у Амерыку ці вярнуцца на радзіму.

Старонкі з фотаздымкам і апісаннем асобы ў пашпарце БНР. Скрыншоты відэа

Акрамя сціплых і нерэгулярных паступленняў грошай ад беларускага ўрада з Коўна, місія зарабляла сродкі на існаванне за кошт консульскіх паслугаў — за ўвесь час яе працы было выдадзена каля 2 тысяч пашпартоў. Пасля пераезду Рады міністраў БНР у Прагу роля Берліна ў знешнепалітычнай дзейнасці паступова падае, а з 1 верасня 1922 года цалкам спыняецца фінансаванне місіі, прадстаўніцтва пераходзіць на самаўтрыманне.

І хаця немцы вельмі прыхільна ставіліся да беларускага нацыянальнага руху і эміграцыйнага ўрада, яны, звязаныя ў сваіх дзеяннях Версальскімі дагаворамі, не мелі магчымасці прызнаць БНР. У 1922 годзе Германія падпісала Рапальскі дагавор, усталяваўшы дыпламатычныя зносіны з РСФСР, які пасля быў распаўсюджаны на іншыя савецкія рэспублікі. Місія БНР, апошняе прадстаўніцтва непрызнаных дзяржаў, што засталося ў Берліне, фактычна знаходзілася на паўлегальным становішчы. Аднак на тое, што місія БНР працягвае выдаваць пашпарты, пакуль працягвалі глядзець праз пальцы.

Старонкі з мэтай і датай выдачы пашпарта БНР. Скрыншоты відэа

У лісце Міністэрства замежных спраў Германіі ад 28 жніўня 1923 г. да Дзяржаўнага камісара Прусіі заяўлялася:

«Пан А. Бароўскі як прадстаўнік БНР ні ў якім разе не замоўчваецца Міністэрствам замежных спраў. Яно разглядае яго і ягоных людзей, на жаль, як прадстаўнікоў адной з груп замежных палітыкаў. БНР больш не існуе. Так званы Беларускі Народны Урад, які павінен прадстаўляць гэтую рэспубліку, знаходзіцца за межамі краю …

у далейшым цярпець тое, што Бароўскі працягвае выдаваць пашпарты па палітычных матывах, немагчыма. Акрамя таго, яно супярэчыць пагадненню, якое Нямеччына падпісала 5 лістапада 1922 г. з Савецкаю Сацыялістычнаю Рэспублікаю Беларусь…»

Канчаткова сваю дзейнасць Дыпламатычная місія БНР у Германіі спыніла ў кастрычніку 1925 года пасля Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне, на якой пад уплывам станоўчых падзей у БССР і прапаганды савецкага ладу было прынята рашэнне аб ліквідаванні ўрада БНР і прызнанні Менска «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі».

Анкета, запоўненая ў консульстве ЗША ў Данцыгу, для атрымання візы. Скрыншот відэа

Выдадзены місіяй БНР у Берліне пашпарт дапамог Куіне Лібінай атрымаць амерыканскую візу. Пра гэта сведчыць анкета, якая была запоўнена 9 кастрычніка 1923 года ў консульстве ЗША ў Данцыгу, якая таксама была апублікавана калекцыянерам старых пашпартоў. У ёй запісана, што Лібіна збіралася пераехаць да сваёй кузіны ў Пітсбург, штат Пенсільванія. Ужо на наступны дзень віза была падпісаная.

Ці скарысталася Лібіна візай, каб дабрацца да Амерыкі, невядома — такое імя не ўдалося адшукаць у базах даных. Але можна спадзявацца, што пашпарт, выдадзены місіяй БНР у Берліне, дапамог ёй пазбегнуць на схіле гадоў жахаў вынішчэння нацыстамі яўрэйскага насельніцтва ў Еўропе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары12

  • Гарсу Пасаўліс
    10.12.2024
    Хай бы ён лепш пашукаў, куды падзеўся пашпарт Кавалеўскага разам з грашыма.
  • Наста
    10.12.2024
    У 42 гэта "на схіле гадоў"? :)
  • Беня
    10.12.2024
    А что сейчас? Бабло попилили и слились?

Цяпер чытаюць

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»4

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску збіраюцца будаваць першы аўтамабільны тунэль. Дзе ён будзе?4

Жыхарка Магілёва паабедала на 160 рублёў. Што яна ела?3

Гайдукевіч: Калі сабака схадзіў у туалет ў людным месцы, а гаспадар пайшоў далей — штраф мінімум 500 даляраў!13

З афіцыйнай біяграфіі Турчына на сайце Саўміна выдалілі інфармацыю пра невядомыя 5 гадоў яго жыцця ў 90-я9

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў3

На выбарах у Грэнландыі перамагла партыя, якая выступае за саюз з Даніяй

«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх». Гутарка з экс-сілавіком, які быў паранены на пратэстах 2020-га5

Ціханоўская: 287 дзяржаўных прадпрыемстваў вырабляюць зброю для Расіі4

«Мы ж браты». Даведаліся, навошта для школ Магілёўскага раёна закупілі расійскія сцягі20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»4

Патэнцыйныя патрабаванні Расіі на перамовах уключаюць «дэмантаж кіеўскага рэжыму»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць