Навукоўцы ўпершыню знялі на ВІДЭА пры дзённым святле жывога марскога чорта
Каля берагоў іспанскага вострава Тэнэрыфе навукоўцы заўважылі рыбу-вудзільшчыка (Melanocetus johnsonii), за свой застрашальны выгляд празваную марскім чортам. Пра гэта паведаміла экалагічная арганізацыя Condrik Tenerife.

У арганізацыі заявілі, што гэты выпадак можа стаць першым у свеце дакументальна пацверджаным назіраннем жывога дарослага Melanocetus johnsonii у дзённы час. Раней атрымлівалася ўбачыць толькі загінулых асобін або рыбу на стадыі лічынкі.
Чаму марскі чорт падняўся на паверхню, пакуль не вядома. Гэта магло адбыцца з-за падводных плыняў, нападу драпежніка або хваробы.
Чорны вудзільшчык Джонсана — драпежная рыбіна, якая жыве на вялікіх глыбінях. Яна палюе, прыцягваючы здабычу з дапамогай «вуды», якая свеціцца на галаве. За свячэнне адказваюць бактэрыі, якія жывуць на рыбе.
Марскі чорт есць дробных ракаў і рыб, пры гэтым ягоны страўнік можа расцягвацца, каб праглынуць здабычу, што перавышае ягоны памер.
Каментары