Грамадства77

10-гадовая беларуска стала медалісткай чэмпіянату Ізраіля па гімнастыцы. Яе бацькі перад тым мусілі ўцякаць з Беларусі

Тры гады таму сям’я Марты Барадзіной мусіла ўцякаць з Беларусі пасля таго, як яе бацьку затрымалі за фатаграфіі расійскіх вайскоўцаў. У размове з «Радыё Свабода» Алег і Марта Барадзіны расказалі пра поспехі на новым месцы.

Марта Барадзіна на спаборніцтвах

Нацыянальны чэмпіянат Ізраіля па мастацкай гімнастыцы сярод камандаў праходзіў у Тэль-Авіве ў канцы сакавіка. У складзе ўдзельніц клуба «Сэхлявім Ашдод» была і 10-гадовая Марта Барадзіна, якая яшчэ тры гады таму жыла з бацькамі ў беларускім Гомелі і нават не думала, што калісьці будзе выступаць за мяжой. Каманда Марты ў выніку заняла другое месца, а беларуска атрымала срэбраны медаль нароўні з іншымі ўдзельніцамі.

«Маё першае ўражанне пасля спаборніцтваў было дрэнным, — расказала сама Марта Свабодзе. — Мы ўсе былі расчараваныя другім месцам. Але нашы суперніцы — вельмі моцная каманда. З якаснай праграмай, з высокім узроўнем падрыхтоўкі. Таму мы прайгралі моцным супернікам, і другое месца — таксама добра».

Медаль Марты

Паводле слоў юнай беларускі, яна пасля спаборніцтваў вырашыла працягваць заняткі гімнастыкай. Марта хоча выйсці на дарослы прафесійны ўзровень.

«За два гады хачу гэта зрабіць, — кажа беларуска. — Здаць усе нарматывы і выйсці ў прафесійную лігу. Для гэтага мне трэба будзе шмат трэніравацца і пастаянна перамагаць ва ўсіх чэмпіянатах».

Мэблевая фірма і ўцёкі з Гомеля

У Ізраілі сям’я Марты жыве адносна нядаўна. 29 сакавіка 2022 года яе бацьку Алега Барадзіна затрымалі ў Гомелі, абвінаваціўшы ў фатаграфаванні расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ва ўварванні на тэрыторыю Украіны. Як расказваў «Радыё Свабода» сам Барадзін, ён сфатаграфаваў двух вайскоўцаў, якія ішлі з крамы з пакетамі прадуктаў і алкаголю, ужо будучы нападпітку.

Алег Барадзін

Барадзіну прысудзілі «суткі» і пасля іх адбыцця выпусцілі на волю. Праз некалькі дзён ён ужо быў у Грузіі, куды выехаў праз Расію і Арменію. У Гомелі застаўся бізнэс, а сям’я змагла выехаць толькі праз нейкі час.

«У нас у Беларусі была свая мэблевая фірма. І ў Грузіі я праз чатыры месяцы пасля ўладкавання стаў выканаўчым дырэктарам мэблевага прадпрыемства. Можна было жыць у Грузіі, бо і грошай хапала, і нейкія сувязі з’явіліся, але там вельмі прарасійскі рэжым. Таксама я не мог там адкрыць банкаўскі рахунак, патрэбны для атрымання часовага дазволу на жыхарства», — расказваў Алег Барадзін «Радыё Свабода».

Пасля пераезду ў Ізраіль Алег Барадзін уладкаваўся цесляром, займаўся вытворчасцю драўляных вырабаў. Калі ў Ізраілі пачаліся поўнамаштабныя баявыя дзеянні супраць групоўкі ХАМАС, пайшоў у валанцёры. Дапамагаў пацярпелым і ізраільскім вайскоўцам.

Як расказаў «Радыё Свабода» Алег, ягоная дачка Марта пачала займацца мастацкай гімнастыкай даволі даўно, яшчэ ў Гомелі.

«Мы з жонкай аддалі Марту ў СДЮШАР №4 у Гомелі — спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву на вуліцы Карповіча, — расказвае Алег Барадзін. — Навучанне ў гэтым узросце ў Беларусі платнае. У 2020 годзе заняткі каштавалі каля 50 рублёў у месяц. Пасля пяці гадоў спартыўныя школы пераводзяць платныя групы на бюджэтнае фінансаванне, і заняткі становяцца бясплатнымі для дзяцей».

Барадзіны аддалі дачку на гімнастыку, бо палічылі гэты від спорту аптымальным для дзяўчынкі. На іх думку, гэта ідэальная стартавая пляцоўка, якая развівае фізічна і ўмацоўвае ўпэўненасць у сабе.

Трэнерка з Таджыкістана

Паўнавартасныя заняткі гімнастыкай Марта аднавіла ўжо пасля пераезду Барадзіных у Ізраіль у сакавіку 2024 года. Заняткі маладая беларуска пачала ў школе «Давід Элазар» у горадзе Кір’ят-Гат у трэнеркі Рахель Кімягаравай, якая паходзіць з Таджыкістана.

Паводле слоў Алега Барадзіна, у Ізраілі студыі мастацкай гімнастыкі больш камерцыйныя, чым у Беларусі. Школы часта проста зарабляюць на жаданні дзяцей займацца спортам. Аднак Кімягарава адрознівалася ад іншых у лепшы бок. Зараз Марта займаецца ўжо ў іншай школе ў горадзе Ашдод, у камандзе «Сэхлявім Ашдод».

Марта са сваёй першай трэнеркай у Ізраілі, Рахель Кімягаравай

«Марце было дастаткова складана, спатрэбілася паўгода цяжкіх трэніровак, каб атрымаць месца ў асноўным складзе. Калектыў ужо склаўся, дзяўчаты прыцерліся, спрацаваліся», — расказвае Алег Барадзін.

Ён дадае, што падыходы да навучання і трэніровак у Ізраілі моцна адрозніваюцца ад беларускіх. Тут усё больш камерцыялізавана, менш накіравана менавіта на спартыўныя дасягненні, лічыць бацька маладой гімнасткі. На ягоную думку, гэта мае як станоўчыя бакі, так і адмоўныя.

Марта Барадзіна на спаборніцтвах

«У Беларусі строгасць — норма. У Ізраілі ж пераважаюць усёдазволенасць і мяккасць, якія часам даходзяць да абсурду. Тут дзіця, якое зрабіла дзесяць памылак і адзін раз дасягнула поспеху, усхваляюць як героя», — расказвае Алег Барадзін.

Бацьку такі падыход крыху дзівіць. Як кажа суразмоўца, праз брак дастатковай увагі да памылак маладым спартсменам цяжэй дэманстраваць прагрэс. Нягледзячы на гэта, Алег Барадзін перакананы, што Марта зможа нарошчваць свае прафесійныя спартыўныя поспехі.

«Яна можа пераскочыць праз усе прамежкавыя этапы і адразу выйсці на пачатковы ўзровень спартыўнага патоку. Ёсць цэлы спіс нарматываў, якія для гэтага трэба выканаць. У тэорыі пры належнай падрыхтоўцы яна зможа паспрабаваць здаць нарматывы ўжо да сёлетняй восені», — гаворыць Алег Барадзін.

Каментары7

  • Сара
    08.04.2025
    Беларусы і Габрэі (апроч рускіх) - браты на векі вечныя! 🇮🇱 ⚪️🔴⚪️
  • Бедная девочка
    09.04.2025
    На лице написано
  • Змагар
    09.04.2025
    Колькі ж б#дла прарускага ды нейкіх пакрыўджаных з'явілася ў каментарах. [Рэд. Выдалена]проста згубіцеся... вам няма чаго тут рабіць.

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Стала вядома, колькі ў 2024-м зарабілі на перапродажы БелАЗаў у Расію кампаніі, звязаныя з сынамі Лукашэнкі4

Стала вядома, колькі ў 2024-м зарабілі на перапродажы БелАЗаў у Расію кампаніі, звязаныя з сынамі Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская выказала спачуванні з прычыны смерці Папы Францішка1

Памёр Папа Францішак14

«Цяпер я бачыў усё». На Гомельшчыне ездзіў аўтамабіль са званамі. У гледачоў узнікла пытанне да ДАІ7

Над шматпавярховікамі ў Гродне з'явіліся адмысловыя паветраныя змеі, якія палохаюць птушак

Пентагон абвергнуў інфармацыю, што Хэгсэт падзяліўся сакрэтнымі звесткамі ў чаце з жонкай

«Жонка гатуе сабе, я — сабе». Пары расказалі, як дзеляць бюджэт 50 на 5016

16-гадовая ўкраінская гімнастка адмовілася ад сумеснага фота з беларускай і расіянкай8

Чарговы скандал вакол кіраўніка Пентагона: Хэгсэт абмяркоўваў удары па Емене ў прыватным чаце з жонкай і братам6

ЗША прапанавалі Кіеву прызнаць Крым расійскім і адмовіцца ад уступлення ў НАТА — WSJ24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, колькі ў 2024-м зарабілі на перапродажы БелАЗаў у Расію кампаніі, звязаныя з сынамі Лукашэнкі4

Стала вядома, колькі ў 2024-м зарабілі на перапродажы БелАЗаў у Расію кампаніі, звязаныя з сынамі Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць