За кармушку за акном вас могуць аштрафаваць на 840 рублёў. Тлумачыць юрыст
Як бы вы ні любілі птушак і ні імкнуліся дапамагчы ім выжыць ва ўмовах мегаполіса, кармушка за акном можа прывесці да штрафу.

Намер дапамагчы птушкам можа абярнуцца адміністрацыйным штрафам для жыхароў шматкватэрных дамоў. Юрыст патлумачыў, чаму кармушка за акном — гэта не заўсёды дабро, і як добры ўчынак можа парушыць правы суседзяў, піша 1prof.by.
Рэальная гісторыя з Мінска наглядна ілюструе гэтую праблему. Мясцовая жыхарка, жадаючы падкормліваць птушак, арганізавала для іх сталовую прама за сваім акном. Аднак гэта прывяло да канфлікту з суседкай, якая паскардзілася на антысанітарыю і пагражала падаць афіцыйную скаргу.
Як растлумачыў адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Арцём Саевіч, у падобных спрэчках суд часта становіцца на бок тых, каго не задавальняе блізкае суседства з птушкамі.
Асноўны дакумент у такіх сітуацыях — правілы карыстання жылымі памяшканнямі. Яны абавязваюць жыхароў выконваць санітарна-гігіенічныя нормы і падтрымліваць чысціню не толькі ў кватэры, але і на балконах, лоджыях і прылеглай да дома тэрыторыі.
— Размяшчэнне кармушкі, якая прыводзіць да забруджвання, можа парушаць гэтыя правілы, — канстатаваў юрыст.
Чым пагражае парушэнне?
Адвакат рэкамендаваў мінчанцы прыбраць кармушку, бо за парушэнне правіл утрымання дамавой тэрыторыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Згодна з артыкулам 22.12 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, штраф можа дасягаць 20 базавых велічынь. Цяпер гэтая сума эквівалентная 840 рублям.
Каментары