Віла нацысцкага злачынцы Германа Гёрынга прадаецца за 18 мільёнаў еўра
Маляўнічы ўчастак на Паўночным моры быў канфіскаваны ў яўрэяў, а яго былыя ўладальнікі знішчаныя ў Халакосце.

Пра гэта паведамляе выданне BILD.
Былы намеснік Гітлера набыў маляўнічы ўчастак на востраве Зюльт у 1936 годзе, як вынікае з дакументаў, якія суправаджалі здзелку, за смехатворную цану — 1 рэйхсмарку за метр, усяго за 3900 марак (прыкладна 20 тысяч еўра па сённяшніх мерках).
Зямлю ад імя Гёрынга і з яго адабрэння набыла яго другая жонка Эмі — у спадкаемцаў яўрэйскага прадпрымальніка Бернарда Гайльбруна!
На момант здзелкі сам Гайльбрун ужо даўно памёр. У сваім завяшчанні ён пакінуў участак жонцы Ірме, аднак нацысты гвалтоўна змясцілі яе ў псіхіятрычную клініку, дзе яна, відаць, была забітая ў 1940 годзе ў рамках праграмы знішчэння людзей з псіхічнымі і фізічнымі захворваннямі.
Яе дзеці вымушаныя былі бегчы ў Нью-Ёрк і на тэрыторыю сучаснага Ізраіля, а продаж участкаў за мізэрныя грошы афармляў адвакат Карл Гайльбрун, далёкі сваяк Ірмы. Яго самога нацысты выкралі пазней, у 1938 годзе, і яго далейшы лёс невядомы.
Таксама невядома, ці атрымалі Гайльбруны хоць нейкія грошы за зямлю ад сям'і Гёрынга. Плацежныя дакументы ў архівах адсутнічаюць, затое маецца запіс гестапа пра канфіскацыю «яўрэйскай маёмасці» і ўчастка на Паўночным моры.

Як стваралася віла
Наняты Эмі Гёрынг архітэктар пабудаваў для будучага намесніка фюрара пляжны дом плошча 200 квадратных метраў пад назвай Min Lütten, які меў тры спальні і тры ванныя пакоі.
У 1957 годзе Эмі прадала вілу кёльнскаму прамыслоўцу доктару Паўлю Альфу. Пазней маёмасць перайшла да некалькіх членаў сям’і Біркеншток, якія ў 2019 годзе прадалі яе мультымільянераў Гансу Нольтэ за 8,7 мільёна еўра.

Цяпер ужо сам Нольтэ выставіў вілу на продаж. У каментары BILD ён паведаміў:
«Цалкам мэбляваны і абсталяваны дом пасля капітальнага рамонту прапануецца прыкладна за 18 мільёнаў еўра. Гэта цудоўная нерухомасць, захаванне якой апраўданае як з архітэктурнага, так і з эканамічнага пункту гледжання».
Ганс Нольтэ таксама падкрэсліў гістарычнае значэнне дома:
«Гісторыя гэтага дома павінна нагадваць нам, што зло і вар'яцтва часта хаваюцца за знешне будзённым, нібыта бяскрыўдным «нармальным» суседствам. І менавіта з гэтым свет зноў вымушаны сутыкацца сёння…»
Каментары