Пуцін учора павіншаваў расіян з вызваленнем Курскай вобласці. Z-блогеры яго абверглі
Z-каналы зняпраўдзілі словы Пуціна і Герасімава пра «поўны разгром» УСУ ў Курскім памежжы.

Расійскія праваенныя каналы паведамілі аб працягу баёў у Курскай вобласці пасля таго, як Уладзімір Пуцін павіншаваў начальніка Генштаба Валерыя Герасімава з «поўным разгромам праціўніка ў курскім памежжы». Паводле паведамленняў z-блогаў, украінскія вайскоўцы захавалі пазіцыі ў раёне як мінімум трох населеных пунктаў — Атруба Глушкаўскага раёна, Гарналь і Алешня Суджанскага, піша «Агентство».
Падчас дакладу Пуціну Герасімаў заявіў, што «вызвалены ад украінскіх падраздзяленняў апошні населены пункт на тэрыторыі Курскай вобласці — сяло Гарналь». «Такім чынам, завершаны разгром узброеных фарміраванняў Узброеных Сіл Украіны, якія ўварваліся ў Курскую вобласць», — заявіў кіраўнік Генштаба РФ. Ён дадаў, што «цяпер у вызваленых раёнах Курскай вобласці праводзяцца мерапрыемствы для выяўлення адзіночных вайскоўцаў УСУ, якія спрабуюць схавацца на расійскай тэрыторыі».
Пуцін у адказ павіншаваў «увесь асабовы склад, усіх байцоў і камандзіраў з гэтым поспехам, з перамогай» і «разгромам неанацысцкіх фармаванняў, якія ўварваліся на расійскую тэрыторыю ў Курскай вобласці».
Аднак z-каналы пасля гэтага паведамілі, што частка тэрыторый рэгіёну застаюцца ў шэрай зоне, а частку працягваюць кантраляваць УСУ.
«Праціўнік прысутнічае ў хутары Атруба Глушкаўскага раёна, і прылеглыя да яго тэрыторыі знаходзяцца пад кантролем праціўніка», — напісаў блогер Юрый Кацёнак. Паводле яго слоў, таксама «застаюцца невялікія ачагі супраціву УСУ ў раёне Алешні». Аб баях побач з Алешняй паведаміў і канал «Архангел спецназа».
Крытычна даклад Герасімава ацаніў і Курскі z-блогер Раман Алёхін. «Адсвяткуем поўнае вызваленне Курскай вобласці мы дакладна не сёння. Таму што перамога для жыхароў Курскай вобласці — гэта не ператварэнне часткі населеных пунктаў у шэрую зону, куды небяспечна ездзіць, ды і наогул не пускаюць нават, і куды час ад часу прарываецца вораг», — напісаў Алёхін.
Вёска Гарналь, аб вызваленні якой паведамляў Герасімаў Пуціну, «вызвалена не цалкам», напісаў Юрый Падаляка. «Яшчэ там ёсць ачагі супраціўлення праціўніка. І гэта можа працягвацца тут яшчэ некаторы час», — напісаў Падаляка.
Ён дадаў, што «яшчэ няхутка жыхары памежнай Куршчыны (уключаючы Суджу) вернуцца ў свае дамы, бо да лініі фронту адтуль недалёка». «А баі, якія працягваюцца на мяжы і крыху на тэрыторыі Сумшчыны, ідуць вельмі жорсткія», — дадаў Падаляка.
Блізкі да Мінабароны Украіны OSINT-праект DeepState назваў інфармацыю аб завяршэнні Курскай аперацыі расійскім войскам «фэйкам». Паводле звестак праекта, украінскія вайскоўцы захоўваюць кантроль над пазіцыямі вакол вёсак Гарналь і Алешня. Паводле звестак праекта, пад кантролем украінскіх вайскоўцаў застаецца 28 кв. км Курскай вобласці.
Выцясненне УСУ з Курскай вобласці — абавязковая ўмова для Уладзіміра Пуціна, пасля якой ён будзе гатовы да выхаду з вайны, пісаў раней галоўрэд «Незалежнай газеты» Канстанцін Ремчуков.
Заяву аб «разгроме» УСУ пад Курскам Крэмль зрабіў на фоне сустрэчы прэзідэнтаў ЗША і Украіны Дональда Трампа і Уладзіміра Зяленскага ў Ватыкане, пасля якой Трамп напісаў другі за два дні крытычны каментар на адрас Уладзіміра Пуціна, асудзіўшы яго за ўдары па Украіне.
Каментары