Грамадства4646

Пяць пытанняў, якія застаюцца пасля смерці экс-выкладчыка БНТУ Шчукіна, што ўцякаў ад міліцыі

Сілавікі апублікавалі відэа, на якім няма самага галоўнага моманту. Што папярэднічала смерці?

Самая загадкавая тэма апошніх дзён у Беларусі — смерць 47-гадовага выкладчыка БНТУ Міхаіла Шчукіна. Нагадаем паслядоўнасць падзей. Увечары 28 мая ў тэлеграм-канале «Мінчанін» было апублікавана 10-секунднае відэа, знятае ва ўнутраным дворыку БНТУ. На ім мужчына вырываецца і спрабуе ўцячы ад некалькіх ахоўнікаў. Што адбывалася далей, невядома, але ў тым жа допісе апублікавана фота, як гэты мужчына ляжыць мёртвым, накрыты белай прасцінай.

На наступны дзень, пасля таго як інфармацыя стала разлятацца па сацсетках, адрэагавалі прапагандысты і сілавікі.

У блізкім да ўладаў канале «Народны антыфэйк» было выстаўлена васьмісекунднае відэа, на якім некалькі міліцыянераў (ці ахоўнікаў) бягуць услед за мужчынам, фактычна суправаджаючы яго. Ролік абрываецца на моманце, калі мужчына дабягае да асфальту, на якім прыпаркаваныя аўтамабілі.

У міліцэйскім канале «Адваротны бок» апублікавана фота таго, як той самы мужчына стаіць на ганку ўніверсітэта, а побач з ім чацвёра сілавікоў і трое ў цывільным.

Былі апублікаваныя і два скрыншоты перапіскі Шчукіна са студэнткамі.

Таксама ў канале «Міліцыя Мінска» з’явілася відэа, на якім прадстаўнік сілавікоў тлумачыў сваю версію таго, што адбылося. Маўляў, былы выкладчык спрабаваў трапіць у ВНУ, зладзіў канфлікт з адміністрацыяй. Калі прыехала міліцыя, то Шчукін нанёс некалькі ўдараў праваахоўнікам і спрабаваў уцячы.

Ва ўсёй гэтай гісторыі застаецца шмат недагаворанага. Адказу на шмат якія пытанні пакуль няма.

Міхаіл Шчукін

1) Чаму апублікавана толькі восем секунд пагоні?

На студэнцкім відэа выкладчык у шапцы і куртцы выбягае з 11 корпуса БНТУ (факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі) і ўцякае ад траіх сілавікоў, адзін з іх з аўтаматам. Пасля ён зафіксаваны ва ўнутраным двары каля помніка. Памёр Шчукін на паркоўцы каля 9 корпуса. Агулам ён і сілавікі прабеглі каля 400 метраў. Гэта насамрэч немалая адлегласць, каб яе пераадолець, немаладому выкладчыку трэба 3-4 хвіліны.

З улікам таго, што міліцыянеры маюць нагрудныя відэакамеры, незразумела, чаму апублікаваны толькі восем секунд пагоні. Няма ні пачатку канфлікту — каб зразумець, пра што размаўлялі сілавікі з выкладчыкам, чаму ён вырашыў бегчы, — ні апошніх момантаў пагоні — калі, як мяркуецца, Шчукін упаў з сардэчным прыступам.

2) Дзе ўдары па міліцыянерах?

Міліцыя сцвярджае, што экс-выкладчык аказваў супраціў і нанёс некалькі ўдараў міліцыянерам. Але на якім этапе? Перад тым, як кінуўся на ўцёкі? У канцы, калі яго дагналі? МУС не прыводзіць ніводнага доказу «супраціву», ні на адным кадры ўдараў не відаць.

Калі «ўдарамі» лічыцца той стартавы момант са студэнцкага відэа, калі Шчукін выкручваецца і пачынае бегчы, то гэта ў чарговы раз дэманструе хлусню з боку МУС. 

3) Чаму міліцыя наўмысна апускае факт смерці выкладчыка?

У расповедзе на абодвух міліцэйскіх каналах ні разу не згадваецца пра тое, што ў выніку інцыдэнту выкладчык памёр. Міліцэйская праверка насамрэч павінна праводзіцца — але перадусім па факце смерці чалавека. А ў прэс-рэлізе сілавікоў гаворка пра іншае.

«Невыкананне законных патрабаванняў супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананні ім службовых абавязкаў цягне за сабой устаноўленую законам адказнасць», — падкрэсліваецца там. Гучыць як здзек — да якой адказнасці вы прыцягнеце мёртвага Шчукіна?

4) Прыйшоў да студэнткі ці да адміністрацыі?

У прапагандыстаў з «Народнага антыфэйка» расказваецца, што паміж Шчукіным і адной са студэнтак адбыўся канфлікт, пасля чаго, маўляў, былі выкліканыя супрацоўнікі службы бяспекі.

У міліцэйскім «Адваротным баку» іншая праўда: «Мужык са звальненнем не пагадзіўся і на працягу тыдня спрабаваў незаконна прарвацца ў навучальную ўстанову, патрабуючы даць магчымасць прадоўжыць праводзіць заняткі. Калі ён канчаткова ўсіх дастаў, супрацоўнікі службы аховы ВНУ выклікалі міліцыю, каб суцішыць скандаліста».

Якая з версій праўдзівая? І адкуль узялася іншая?

5) Як і калі звальнялі Шчукіна?

Змест апублікаваных скрыншотаў перапіскі выкладчыка і студэнтак пачварны. Аднак калі яны праўдзівыя, то атрымліваецца, што кіраўніцтва ўніверсітэта заплюшчвала вочы на паводзіны Шчукіна. Ён працаваў 10 гадоў, быў загадчыкам кафедры — і ніякай інфармацыі пра дысцыплінарныя спагнанні за дамагальніцтвы.

Гаворыцца, што яго нібыта звольнілі па сканчэнні кантракта. Але факт заканчэння кантракта выкладчыка пасярод навучальнага года выглядае дзіўным. Кантракты звычайна не падпісваюцца так, каб сканчвацца перад сесіяй.

***

Увечары 29 мая на старонках «Мінскай праўды» супрацоўнік Міністэрства адукацыі, прапагандыст Андрэй Лазуткін апублікаваў свае развагі па тэме. Дарэчы, яго і раней выкарыстоўвалі для падобных сітуацый — апублікаваць пазіцыю кіраўніцтва сістэмы адукацыі (асабліва калі міністрам быў Ігар Карпенка).

Лазуткін прызнае, што ў сітуацыі, калі выкладчык дамагаўся студэнткі, але не было складу злачынства (спробы згвалтавання ці распаўсюду парнаграфіі), то яго ціха звальняюць па згодзе бакоў.

Але цікавае не гэта: супрацоўнік Мінадукацыі намякае на тое, што міліцыянеры ўсё ж маглі прымяняць спецсродкі ў адносінах выкладчыка. «Трэба глядзець, ці ўжываліся ў дачыненні да Шчукіна спецсродкі і што сталася прычынай смерці — удар, падзенне, спыненне сэрца», — разважае Лазуткін.

Каментары46

  • галаперыдол
    30.05.2025
    Адзінае пытанне - як так атрымалася што 7 чучалаў у пагонах не змаглі затрымаць аднаго выкладчыка, якому ужо амаль 50 гадоў?
    Канешне, гэта ж не бабульку, ці дзяўчыну затрымаць.
  • Alex
    30.05.2025
    Вспоминаю своего завкафа в БГУИР. Царек без каких-либо тормозов, студенты это крепостные, что хочу то и делаю. Вообщем похоже на бой г*вна и г*вна.
  • Анна
    30.05.2025
    А что, где подтверждение, что это переписка со студентками, а не с девицами с телеграм-канала знакомств?? Где??
    Если это с незнакомыми переписка, то она довольно невинна...

Цяпер чытаюць

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам15

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Усе навіны →
Усе навіны

«У жыцці кожнага бывае апатыя». Кацярыну Казнадзей знайшлі9

Дзіўную гарачую пляму на полі заўважылі пад Брэстам4

Бэнксі прэзентаваў новую працу, але не сказаў, дзе знаходзіцца1

Сёння пачынаецца суд над Нінай Багінскай7

Каб зняць прапагандысцкі кліп, прыдворны кампазітар Алейнік выцягнуў літаральна з-пад кропельніцы 86-гадовую бабулю11

У ДТЗ у Воранаўскім раёне загінула аднагадовае дзіця

Славакія вяртае ў Беларусь пасла11

Распрацаваны першы за 50 гадоў антыбіётык супраць смяротнай супербактэрыі

У Маладзечанскім раёне прадаюць лецішча з марскога кантэйнера

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам15

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць