Вынеслі прысуд ветдоктару, які выпадкова на ферме наехаў на калегу і раздушыў яе
Суд Гродзенскага раёна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 29-гадовага ветэрынарнага доктара, абвінавачанага ў парушэнні правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, што па неасцярожнасці пацягнула смерць чалавека, піша newgrodno.by.

26 лютага на тэрыторыі малочна-таварнай фермы ў Каменнай Русоце адбыўся няшчасны выпадак са смяротным вынікам. Ветэрынарны доктар сеў за руль «Амкадор 332С-01», не маючы права кіравання і не прайшоўшы спецыяльнай падрыхтоўкі. Рухаючыся з паднятым коўшам, ён наехаў на брыгадзірку фермы, якая памерла на месцы ад атрыманых траўмаў.
Абвінавачваны поўнасцю прызнаў віну. Суд улічыў яго шчырае раскаянне, наяўнасць малалетняга дзіцяці, станоўчую характарыстыку і тое, што ветэрынар прыступіў да кіравання тэхнікай па ўказанні загінулай.
У выніку яму прызначана 4 гады хатняй хіміі з пазбаўленнем права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. За кошт амністыі тэрмін скараціўся на год.
Каментары