Гісторыя99

Памятаеце старажытны шлем з Бабруйска, які Марзалюк абвясціў шлемам сына Рагнеды? Вось што пра яго даведаліся навукоўцы

Праз пяць гадоў пасля знаходкі ўнікальнага для Беларусі пазалочанага шлема з’явілася яго першае грунтоўнае апісанне. Сярод аўтараў — і сам Марзалюк. Разбіраемся, што засталося ад спрэчнай версіі пра «шлем Ізяслава».

Сучасная рэканструкцыя пазалочанага шлема з Бабруйска. Фота: Pinterest

Летась на старонках зборніка матэрыялаў расійскага Навукова-даследчага цэнтра «Ваенная археалогія» (Archaeologia Militaris) быў апублікаваны артыкул «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)», аўтарамі якога пазначаны расійскі гісторык Сяргей Каінаў і беларускі дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк.

Гэты артыкул упершыню ўводзіць у навуковы абарот шлем, які быў знойдзены ў красавіку 2019 года работнікам Днепра-Бярэзінскага прадпрыемства водных шляхоў Уладзімірам Балындам падчас прац па паглыбленні дна ў затоцы правага берага Берэзіны ў межах Бабруйска. 

Шлем, знойдзены ў 2019 годзе ў Бабруйску. Фота: bobrlife.by

Ігар Марзалюк і «шлем Ізяслава»

Амаль адразу пасля выяўлення артэфакта ў гісторыі з’явілася постаць Ігара Марзалюка, дэпутата Палаты прадстаўнікоў і загадчыка археалагічнай лабараторыі МДУ імя А. Куляшова, які ператварыў археалагічную знаходку ў сенсацыю нацыянальнага маштабу, прыпісаўшы яго сыну Рагнеды:

«Зусім нядаўна ў Бабруйску пры земляных работах мы здабылі рэальны знак той вялікай суверэннай улады — хутчэй за ўсё, мы знайшлі шлем Ізяслава Полацкага», — заявіў тады Марзалюк.

Ён тлумачыў, што вядома ўсяго два дзясяткі такіх шлемаў, а такія рэдкія яны таму, што іх насілі толькі князі, якія ўзначальвалі дружыну. Па словах Марзалюка яго здагадкі наконт таго, каму належаў артэфакт, супалі з некалькімі гісторыкамі, у тым ліку Сцяпанам Цемушавым (спецыялістам па гістарычнай геаграфіі і картаграфіі). Дэпутат нават сабраўся арганізаваць маштабную экспедыцыю і адшукаць у Бабруйску грабніцу).

Ігар Марзалюк разглядвае шлем з Бабруйска. Скрыншот відэа СТБ

Незвычайныя акалічнасці знаходкі і гучныя, але нічым не падмацаваныя заявы Марзалюка, які раней быў заўважаны ў перабольшванні, выклікалі рэзкую крытыку ў спецыялістаў. Найбольш выразна прэтэнзію агучыў гісторык Арцём Папакін з Кіеўскага ўніверсітэта:

«Вось так ствараюцца міфы. Цудоўнай захаванасці шлем тыпу «Чорная Магіла», знойдзены ў Беразіне каля Бабруйска — адзіная знаходка такога тыпу на тэрыторыі Беларусі — «лоўкім рухам рукі» ператварылі ў шлем Ізяслава Уладзіміравіча і адначасова ў сімвал беларускай дзяржаўнасці. Па дарозе агучылі няправільную колькасць шлемаў гэтага тыпу (цяпер вядома ўжо больш за 40 цэлых і фрагментаў), недарэчна параўналі з «шапкай Манамаха» і прыпісалі яго выраб скандынавам.

Рэч унікальная для Беларусі, але не сенсацыйная — ні пра якую прывязку да гістарычных асоб не можа быць і гаворкі. Гэтыя шлемы разам з арабскім срэбрам і іншымі прадметамі ўсходняга паходжання распаўсюджваліся ў Х стагоддзі ў многіх рэгіёнах ваенна-гандлёвай актыўнасці ўсходніх вікінгаў: у Ноўгарадзе, Сярэднім Падняпроўі, Прусіі і Вялікай Польшчы. Сам бабруйскі шалом варта разглядаць у кантэксце такіх знаходак, як Брылёўскі скарб, а месца яго знаходкі паказвае не на цэнтр княжацкай улады, а на гандлёвы і ваенны шлях з Дняпра да Балтыкі».

Шлем з Бабруйска пасля рэстаўрацыі. Фота: BOBRlife

Каля года шлем аднаўляў рэстаўратар па метале Васіль Пчальнікоў з Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Каля месяца шлем знаходзіўся ў дыстыляванай вадзе для механічнай ачысткі, а пасля ўнутранай і вонкавай ачысткі была праведзена яго поўная кансервацыя, пасля чаго ён вярнуўся ў краязнаўчы музей у Бабруйску.

Што з сябе ўяўляе шлем з Бабруйска

Падчас абследавання месца знаходкі шлема цэлага культурнага слоя эпохі Сярэднявечча не выяўлена, але ў перамешаным слоі знойдзены фрагменты керамікі, шыферная прасліца, сякера і наканечнік стралы старажытнарускага перыяду.

Пярэдні і задні бакі шлема з Бабруйска. Фота з артыкула «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)»
Бакавыя віды шлема з Бабруйска. Фота з артыкула «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)»

Праз унікальную захаванасць шлема з Бабруйска ў артыкуле найпадрабязна апісалі яго, каб увесці ў навуковы абарот. Выявілася, што хоць шлем захаваўся цэлым, але падчас будаўнічых работ яго пашкодзіла будаўнічая тэхніка, прывёўшы да дэфармацыі і разбурэння адной з пласцін. У час вымання з зямлі, верагодна, былі пашкоджаны і элементы на лобнай частцы.

Шлем з Бабруйска вылучаецца складанай канструкцыяй і багатым аздабленнем. Яго корпус сабраны з чатырох жалезных пласцін, пакрытых тонкім лістом меднага сплаву з рэшткамі пазалоты. Паміж пласцінамі пракладзены дэкаратыўныя падкладкі з выпукласцямі. Навершша конусападобнай формы ўзмоцнена двума жалезнымі кольцамі і мае срэбнае пакрыццё, нанесенае на насечаную паверхню. Вянец шлема, з хвалістым верхнім краем, таксама ўпрыгожаны срэбным лістом і мацуецца клёпкамі і скобамі.

Дэталі корпуса і навершша шлема з Бабруйска. Фота з артыкула «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)»

Дэкаратыўныя элементы ўключаюць налобную накладку ў выглядзе трызуба і дзве квадратныя бакавыя бляшкі, усе з гравіроўкай і срэбным пакрыццём. Усе дэталі мацуюцца жалезнымі або меднымі клёпкамі, часткова з дэкаратыўнымі плешкамі. 

Асаблівую ўвагу даследчыкі надаюць гарманічнаму арнаментальнаму афармленню шлема — паўтарэнне хвалістых форм у розных элементах, выкарыстанне срэбра, пазалоты, медзі і разнастайных фактур стварылі паліхромны дэкаратыўны эфект.

Бакавыя бляхі і налобны трызубец шлема з Бабруйска. Фота з артыкула «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)» 

Пры ўсім гэтым шлем заставаўся функцыянальнай баявой зброяй. Высокая складанасць вырабу сведчыць пра майстэрства выканаўцаў, што, у сваю чаргу, паказвае на статусны характар рэчы — «валодаць падобным шлемам мог князь і яго блізкае акружэнне», — сцвярджаецца ў артыкуле.

Адзін з многіх

Шлем з Бабруйска належыць да вялікай групы баявых нагалоўяў, распаўсюджаных на тэрыторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Асноўнай канструктыўнай адметнасцю гэтай групы з'яўляецца корпус, складзены з чатырох пласцін, дзе пярэдняя і задняя накладваюцца на дзве бакавыя. Гісторыя такіх шлемаў у Усходняй Еўропе ахоплівае некалькі стагоддзяў — ад VIII да XIV—XV стагоддзя.

Рэканструкцыя выгляду шлема з Бабруйска. Фота з артыкула «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)»

У межах новай тыпалогіі бабруйскі шлем аднесены да тыпу «Чорная Магіла», які ўваходзіць у падгрупу шлемаў, канструктыўна сфарміраваных з корпуса, узмоцненага вянцом і навершшам. Гэта найбольш шматлікі тып чатырохчасткавых баявых шлемаў, вядомы па больш чым двух дзясятках поўных і фрагментарных узораў, а таксама асобных дэталей. Для шлемаў гэтага тыпу характэрныя роўныя хвалістыя выразы на краях пярэдняй і задняй пласцін. 

Рэканструкцыі шлемаў з Альшоўкі (Польшча), Мокрага (Украіна) і Гажухаў (Польшча). Фота з артыкула «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)»

Аднак пошук аналагаў бабруйскага шлема сярод вядомых баявых нагалоўяў гэтага тыпу не выявіў поўных адпаведнікаў.

Найбольш блізкія паралелі па асобных канструктыўных і дэкаратыўных дэталях — форма і матэрыял бакавых блях, хвалістае афармленне ніжняга краю навершша і верхняга краю вянца і іншае — вызначаюцца ў шлемах, што паходзяць з заходняй часткі арэала распаўсюджання тыпу «Чорная Магіла». Да іх адносяцца шлемы з Мокрага (Украіна), Гажухаў, Альшоўкі і Шурпілаў (Польшча).

Прычыны распаўсюджвання такіх шлемаў у заходніх рэгіёнах застаюцца незразумелымі, але адна з магчымых версій — ваенная актыўнасць дружын Старажытнай Русі.

Калі з’явіўся шлем?

Нягледзячы на значную колькасць вядомых шлемаў тыпу «Чорная Магіла», дакладна датаваныя знаходкі сярод іх рэдкія. Найбольш раннім прадстаўніком гэтага тыпу лічыцца шлем з сяла Манвелаўка Днепрапятроўскай вобласці (Украіна), датаваны другой паловай IX ст. Ён мае шэраг канструктыўных рыс, тыповых для аднаго з варыянтаў шлемаў гэтага тыпу, але адрозніваецца ад класічных узораў — не мае меднасплавай абцяжкі, бакавых блях і поўнага навершша. Гэта можа сведчыць пра ранні этап эвалюцыі такіх шлемаў.

Сучасная рэканструкцыя пазалочанага шлема з Бабруйска. Фота: Pinterest

На падставе радыевугляроднага датавання ўзораў з кургана «Чорная Магіла» ў Чарнігаве, ёсць падставы меркаваць, што ён быў пахаваны дзесьці паміж 980 і 1025 гадамі.

Іншыя шлемы гэтага тыпу сустракаюцца ў пластах XI—XII стст., а асобныя знаходкі — нават у кантэксце мангольскага нашэсця 1240 года. Аднак такія выпадкі часта тлумачацца доўгім бытаваннем ці перапрацоўкай статусных прадметаў.

З улікам агульных тэндэнцый развіцця шлемаў тыпу «Чорная Магіла» і канструктыўных асаблівасцей бабруйскага шлема, найбольш верагодна, што ён датуецца канцом X — першай чвэрцю XI стагоддзя. Удакладніць або змяніць гэтую ацэнку могуць далейшыя даследаванні шлема.

Без князя Ізяслава

А што ж наконт князя Ізяслава, пра якога так упэўнена заяўляў Марзалюк? Пра яго ў артыкуле няма ані слова, ані намёку. Увогуле ўдзел Ігара Марзалюка ў гэтай публікацыі выклікае пэўныя пытанні. 

Знатны старажытнарускі воін пачатку XI стагоддзя ў шлеме накшталт таго, што быў выяўлены ў Бабруйску. Мастак Фёдараў, 2020. Фота з артыкула «Пазалочаны шлем з Бабруйска (Беларусь)»

У артыкуле, за выключэннем апісання акалічнасцей выяўлення шлема, ні разу не спасылаюцца ні на публікацыі самога Марзалюка, ні на публікацыі беларускіх гісторыкаў, затое 8 разоў на публікацыі, дзе Каінаў быў аўтарам або сааўтарам.

Расійскі даследчык Сяргей Каінаў з’яўляецца вядомым спецыялістам у зброі і працуе старшым навуковым супрацоўнікам аддзела археалогіі Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Маскве. Ён не толькі рэгулярна піша грунтоўныя артыкулы пра знойдзеную пры раскопках зброю, але часам і кіруе гэтымі раскопкамі на значных помніках перыяду Старажытнай Русі. 

Нават у апісанні археалагічнага кантэксту знаходкі артыкул спасылаецца на публікацыю Іны Аўсейчык, старшага навуковага супрацоўніка Бабруйскага краязнаўчага музея, а не на публікацыі археолага Ігара Марзалюка, які першым з’явіўся ў Бабруйску, як толькі быў адшуканы шлем. І нават графічныя рэканструкцыі першапачатковага выгляду шлема зроблены Каінавым. 

Цяжка зразумець, які ж асабісты ўклад беларускі дэпутат-гісторык зрабіў у гэты артыкул, што яго імя было пазначана сярод аўтараў. Звяртае на сябе ўвагу тое, што такі ўнікальны шлем быў уведзены ў навуковы ўжытак толькі праз пяць гадоў пасля выяўлення, хоць рэстаўрацыя заняла ўсяго год, а ніякіх дадатковых хіміка-фізічных даследаванняў, праз якія б маглі адкласці публікацыю, не праводзілася.

Падарункавае аўтарства?

Выглядае, што аб’ект ад пачатку выяўлення быў прысвоены Ігарам Марзалюком, які сам не напісаў такі артыкул, а таму праз пэўны час аддаў яго на аўтсорс расійскім калегам у абмен на сваё імя сярод аўтараў.

Так званае «падарункавае аўтарства» (gift authorship) з’яўляецца самым распаўсюджаным тыпам неэтычных паводзін у акадэмічных публікацыях. Аўтарам навуковага артыкула пазначаецца чалавек, які не зрабіў важкага ўнёску ў працу, але пазначэнне якога можа адкрыць магчымасці перад іншымі аўтарамі — публікацыі нейкага матэрыялу, прасоўвання па кар’ернай лесвіцы ці атрымання матэрыяльных выгод.

Праведзенае ў 2017 годзе даследаванне сярод 12 000 даследчыкаў з ЗША паказала, што прыкладна кожны трэці з іх паведаміў пра даданне ганаровых аўтараў у свае публікацыі. У апошнія гады некаторыя заходнія навуковыя часопісы і выдавецтвы пачалі прасіць даследчыкаў растлумачыць іх ролю ў даследаваннях, каб пазбегнуць «падарункавага аўтарства». Але ў нашым рэгіёне пра такое пакуль не чулі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Рюрик
    02.06.2025
    Главное, что символ беларуской государственности с тризубом :Р
  • Belarus
    02.06.2025
    [Рэд. выдалена]
  • 2308
    02.06.2025
    Ёсць пэунае падазрэнне, што гэтаму шлему 10 гадоу, ён быу зроблены рэканструктарамi i згублены у Бабруйску пад час фотасэсii. Цi праводзiу хто небудзь даследваннi метала i тэхналогii вырабу клёпак шлема, каб выключыць такую версiю з'яулення, гэтага шлема?

Цяпер чытаюць

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Усе навіны →
Усе навіны

У Падмаскоўі загінуў кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка кампазітных матэрыялаў для МС-21 і паранены будаўнік касмічнага цэнтра, адкрытага Пуціным3

Кібератака паралізавала працу аэрапортаў па ўсёй Еўропе2

У Траецкім прадмесці Мінска прадаецца кватэра плошчай 118 квадратаў1

Як склалася ў эміграцыі жыццё 22‑гадовай «тэрарысткі» Дануты Перадні, якую вызвалілі па памілаванні6

Саудаўская Аравія ў рамках абароннага саюза з Пакістанам можа атрымаць доступ да ядзернай зброі

Моніка Белучы і Цім Бёртан разарвалі адносіны1

Каскадзёры скакалі з самага высокага будынка Мінска2

Чмякаюць, сёрбаюць і ліжуць пальцы: хто з беларусаў падняўся на мукбангу10

Трамп хоча спыніць вайну ва Украіне з дапамогай Кітая4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»1

«Губазікаўцы схіляюць Калеснікаву да высылкі, але яна не хоча»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць