«Петэн Нацыянальнага Адраджэння». Баркоўскі адказаў Пазняку ад імя «псеўдаапазіцыі»
Філосаф Павел Баркоўскі, які цяпер выконвае абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў Аб'яднаным пераходным кабінеце Беларусі, звярнуў увагу на апошні артыкул ветэрана беларускага руху Зянона Пазняка, у якім той не ў першы ўжо раз моцна крытыкуе дэмакратычную «псеўдаапазіцыю», і гэта яго падштурхнула на ўласныя рэфлексіі.

Вось бачыць Бог, я доўга ўстрымліваўся ад напісання падобнага тэксту, улічваючы відавочныя заслугі чалавека ў мінулым, але кожнаму трыванню наступае канец.
Пачнем з адной гісторыі. Быў у французаў такі нацыянальны герой — маршал Францыі, «Вердэнскі леў», паспяховы генерал Першай сусветнай, адзін з найпапулярнейшых палітыкаў 1930-х і ў пэўнай ступені «бацька» мадэрнай французскай арміі. Анры Філіп Петэн. Ён быў відавочным французскім нацыяналістам і прагнуў зрабіць Францыю Вялікай.
Тое, што яго, аднак, раздражняла ў Трэцяй рэспубліцы, якой ён змушаны быў служыць, і заваблівала да сяброўства з іспанскімі і іншымі дыктатарамі, гэта было спалучэнне дэмакратыі і нацыянальнай ідэі. Таму, калі запалоханы вайсковымі паразамі французскі народ выбраў яго сваім прэм’ерам, а пасля дыктататарам, хутка згарнуў усю гэтую дэмакратыю з яе Liberte, Egalite, Fraternite і прапанаваў новую лінейку каштоўнасцяў — Сям’я, Праца, Айчына. Ідэальнае спалучэнне для цяперашніх правых папулістаў, заклапочаных «левай павестачкай».
Пасля былі антымігранцкія законы, барацьба з яўрэямі і камуністамі, рэпрэсіі супраць нязгодных, асабістая сустрэча з Гітлерам, калабарацыя і адпраўка «Антыбальшавіцкага легіёна» на Усходні фронт у межах выканання саюзніцкага доўгу. Карацей, былы нацыянальны герой і абаронца Вердэна ператварыўся ў найбольш спрэчную і ненавісную постаць французскай гісторыі.
Але да чаго тут гэты гістарычны анекдот?
Ён паказвае, што бывае, калі адарваць здаровы нацыяналізм ад дэмакратыі і руху за правы чалавека, а чалавек у пазіцыі лідара зловіць «комплекс Напалеона». Калі у лідара ў галаве «Францыя перадусім» і вузка зразумелы нацыянальны інтарэс, то гэта яго вядзе да кампрамісу з самымі людажэрнымі рэжымамі і ператварае нацыянальную ідэю ў ганьбу.
Параўнаем цяпер гэта з тым, што адбываецца ў нашым часе.
Калі «нацыянальны лідар» пачынае наракаць на тое, што барацьба за нацыянальную ідэю і адраджэнне нацыі мусяць быць адарванымі ад ідэі барацьбы за правы чалавека і дэмакратыю, для мяне гэта ўжо важкі крок у фашызм.
Калі адзінай прэтэнзіяй да аўтарытарных дыктатур у яго застаецца «гібрыдны акупацыйны» і антынацыянальны характар паасобных з іх, створаных на землях Расіі і Беларусі (у адрозненні ад «правільных» і тыповых, такіх як дыктатура Ніязава або Назарбаева, шчырых рупліўцаў нацыянальнай свядомасці і ідэі), іх змаганне з нацыянальнай культурай, а не пераслед усіх нязгодных — гэта скажэнне ўсіх прынцыпаў і ідэалаў.
У гэтым сэнсе праблема тады не ў саміх дыктатурах і тых сродках падаўлення свабоды чалавека, якімі яны карыстаюцца, а толькі ў тым — гэта «нашы» сукіны сыны ці не «нашы».
Калі да сённяшніх апанентаў бязлітаснага аўтарытарнага (а ўжо хутчэй таталітарнага) рэжыму сярод беларускіх дэмсілаў такімі лідарамі закідаецца папрок, што яны больш рупяцца пра здабыццё дэмакратыі і цалкам забываюць пра барацьбу за «нацыянальнае адраджэнне», то ўзнікае падвойнае абурэнне.
Па-першае, адкрытай брахнёй. Вось менавіта дэмакратычныя сілы, у межах якіх ужо амаль тры гады існуе адмысловае Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, ані на каліва, аказваецца, тым адраджэннем не зацікаўленыя. Не яны прасоўваюць тэмы важнасці падтрымкі беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры на ўсіх міжнародных пляцоўках для змяншэння пагрозы паглынання беларускага народа, знясіленага прапагандыстамі і ідэолагамі «рускага свету». Не яны адстойваюць неабходнасць маштабнай міжнароднай падтрымкі дзеячаў і арганізацый беларускай навукі і культуры, якія існуюць без усялякай дзяржаўнай дапамогі, а змушаныя выжываць насуперак рэпрэсіям і вымушанай эміграцыі. Не яны падтрымліваюць і дапамагаюць паўставаць ініцыятывам, якія працуюць на самы непасрэдны беларускі нацыянальны інтарэс.
Можа, некаму гэтай працы здаецца недастаткова, але сцвярджаць, што ніхто і ніяк ёй не займаецца — самая сапраўдная хлусня і пагарда з высілкаў тых, хто не спыняе сваіх дзеянняў.
Па-другое, абурае зноў гэта нездаровае жаданне адарваць нацыянальную павестку ад дэмакратычнай ідэі. Жаданне, якое толькі працуе на млын прапаганды, што бачыць у беларускіх нацыяналістах нашчадкаў нацыстаў. Калі нехта лічыць, што нацыянальны інтарэс можна развіваць насуперак барацьбе за свабоду асобы і яе правы, за права нацый на свабоднае выяўленне сваёй волі праз народную дэмакратыю, то ён калі і робіць нешта, то толькі супраціўнае гэтаму нацыянальнаму інтарэсу.
Адмаўляць нацыі ў свабодзе, якой і з’яўляецца дэмакратыя, і прапагандаваць замест гэтага нейкую апрычоную павестку «нацыянальнага адраджэння» ў духу слоганаў «Сям’я, Праца, Айчына» — гэта тое, што напэўна ператварае «нацыянальнае» ў сінонім «традыцыяналісцкага» і «антычалавечага».
Толькі такія лідары, як Трамп, і тыя, хто імі захапляюцца, могуць лічыць, што яны ў стане вучыць усіх астатніх, як зноў рабіць вялікай сваю краіну, маюць права прыніжаць дэмакратычныя каштоўнасці і лічыць правакансерватыўны патрыярхат найлепшай формай грамадскага ладу.
Сапраўдны нацыяналізм развіваецца толькі на здаровай дэмакратычнай аснове: нельга пабудаваць нацыянальны праект на знявазе правоў і інтарэсаў людзей, бо інакш гэта не будзе нічым адрознівацца ад выбудаванага Лукашэнкам рэжыму.
Самая вялікая памылка беларускага кансерватыўнага нацыяналізму — атаесамляць нацыю з дзяржавай, што яго прадстаўнікі перыядычна і робяць. На тэрыторыі нашай краіны толькі за апошнія два стагоддзі існавала некалькі дзяржаў — як нацыянальных па духу, накшталт БНР і першых гадоў існавання БССР і РБ, так і глыбока антынацыянальных. Таму лямант наконт таго, што самы кепскі рэжым і рэпрэсіі лепш за страту Дзяржавы, не выглядае пераканаўчым.
Францыя перажыла чатыры рэспублікі, а ў прамежках некалькі імперый і дыктатур перад тым, як набыла ўстойлівасць, і ўсё гэта былі іншыя дзяржавы, хаця і на падобнай тэрыторыі.
Ніколі дзяржава не роўная нацыі або народу, які яе насяляе. І ніколі беларусы яшчэ не былі бліжэйшыя да разумення свайго нацыянальнага інтарэсу і разумення сапраўднай, а не марыянеткавай дзяржаўнасці, як пасля падзей 2020 года. Ніколі раней дзяржаўныя дзеячы ва ўсім свеце, ад Еўропы да ЗША не думалі столькі пра Беларусь, як дзякуючы дзеянням «псеўдаапазіцыі». І ніколі раней ў беларускага народа не было большых гарантый на захаванне альбо аднаўленне сваёй дзяржаўнасці, як за цяперашнім часам, калі гэта нацыя «еўрапейскіх хобітаў» трапіла ў абмеркаванні «радаў вялікіх і мудрых», прымусіўшы паважаць яе імкненне да волі.
Беларускі нацыянальны інтарэс сёння зусім не ў захаванні лукашэнкаўскай дзяржавы любым коштам, а ў тым, каб паслядоўна адстойваць свае еўрапейскія карані, прагу да вольнага, дэмакратычнага і заможнага жыцця і, магчыма, у тым, каб зрэшты пераўсталяваць сваю дзяржаву на новых справядлівых прынцыпах без бясконцых спрэчак пра тое, да якога з тэкстаў Канстытуцыі мы мусім урэшце вяртацца.
«Нацыянальны лідар» агулам любіць абвінавачваць «псэўда-апазыцыю» за яе агентурнасць і бяздзеянне. Маўляў, усё, на што яна здатная, гэта праводзіць інтарэсы Масквы. У той час як трэба ратаваць беларускую, чытай лукашэнкаўскую, дзяржаву за любы кошт. Напрыклад, ад санкцый. Не таму, што беларускі народ праз тыя санкцыі з голаду пухне, а праз тое, што гэта нібыта падштурхоўвае Лукашэнку да больш шчыльнай інтэграцыі з Расіяй.
То-бок тое, што той без усялякіх штуршкоў з Захаду больш за 25 год будуе саюзную дзяржаву з імперыяй — гэта не знак таго, што тут усё «па любові»? Галоўнае — даць беларускаму лісу прастору для манеўру, каб ён і далей мог гандляваць сваёй шматвектарнасцю і працягваць знішчаць беларускую нацыю, яе мову і культуру ў краіне дзеля захавання «свяшчэннага сасуда» «беларускай» Дзяржавы.
Сапраўды, давайце адменім усе санкцыі: навошта нам перашкаджаць беларускаму ВПК рабіць дроны і снарады, калёсную тэхніку і сістэмы оптыкі ды сувязі для падтрымкі пуцінскай вайны з украінскім народам, — як пра тое слушна расказаў у сваім рапарце Белпол? Давайце зробім Беларусь лагістычным хабам для паставак неабходных кампанентаў узбраення і дэфіцытных тавараў у ашалелую ад крыві імперыю? Давайце гандляваць крывёю суседзяў, — дзеля чаго? — каб даць прастору манеўра «гібрыднаму акупацыйнаму» рэжыму, які сваёй нарэшце дыверсіфікаванай эканомікай адцягне беларускі народ ад пасткі «рускага свету».
Такі сабе карыкатурны марксізм: не «рускія дамы» і канцэрты Лепса і «Рукі ўверх» па беларускіх гарадах і мястэчках, не рускі тэатр і «вялікая руская літаратура», якая выцясняе з кніжных палічак усё нацыянальнае, пагражаюць беларускаму народу, а слабая эканоміка, якая пераарыентавала ўсе свае патокі на ўсход. Адмена санкцый рэжыму — у гэтым беларуская нацыянальная ідэя? Дык і хто тут дбае пра «інтарэсы Масквы»?
У верасні 2021 года «нацыянальным лідарам» было абвешчана пра стварэнне часовага Нацыянальнага ўрада Беларусі. Пры гэтым упершыню пра неабходнасць стварэння такога ўрада ім было прамоўлена яшчэ ў сакавіку 2006 года, пасля першага нацыянальнага ўзрушэння — «Плошчы Каліноўскага». Пятнаццаць год прайшлі ад абвяшчэння ідэі да яе рэалізацыі. З такімі тэмпамі беларусам засталося чакаць, калі яны натуральным чынам не вымруць ад антынацыянальнай палітыкі ў сваёй краіне, — яшчэ гадоў 200 да таго, каб нарэшце дамагчыся поспеху народнага паўстання, пра якое лідар таксама гаворыць увесь гэты час.
І вось хацелася б ад гэтага надзвычайнага дзяржаўнага органа, які мусіць кіраваць барацьбой беларусаў за свабоду і нацыянальнае адраджэнне, таксама атрымаць адказ: што канкрэтна было зроблена для вызвалення краіны і яе адраджэння вамі за апошнія гады?
Можа быць, гэта часовы Нацыянальны ўрад дбаў увесь гэты час пра падтрымку адукацыі на беларускай мове хаця б у асяродках эміграцыі, дапамагаў ствараць беларускія школы, нацыянальны ўніверсітэт, шукаў пад іх фінансаванне і дапамагаў гуртаваць адмыслоўцаў? Можа быць, ён дапамагаў засноўваць інстытуцыі, якія б займаліся даследаваннем і папулярызацыяй беларускай мовы, гісторыі, культуры і кнігі дзеля мэт «нацыянальнага адраджэння»? Можа быць, ён дапамагаў знаходзіць мільёны на дзейнасць беларускіх культурніцкіх арганізацый, выхад кніжак па-беларуску, хаця б пра гісторыю нацыянальнага сцяга? Можа, ён вырашаў праблемы і пытанні беларускіх творцаў, што апынуліся ў эміграцыі, займаўся пытаннямі захавання беларускай гімназіі ў Вільні або беларускіх ліцэяў на Падляшшы? Можа быць ён знаходзіў рэсурсы на падтрымку беларускіх навукоўцаў стыпендыямі, каб яны маглі і надалей пісаць і выдаваць важныя для беларусаў кнігі і рабіць адкрыцці ў архівах? Ствараў рэзідэнцыі для беларускіх мастакоў і музыкаў, дапамагаў правядзенню фестываляў і навуковых кангрэсаў, шукаў памяшканні для творчасці артыстам нацыянальнага Купалаўскага тэатра?
Можа, ён хаця б займаўся распрацоўкай праграм рэформаў і дарожных мап на перыяд пераходу ад аўтарытарнай дзяржавы да дэмакратычнай па асноўных сферах грамадскага жыцця — не агульнымі словамі, а спісам канкрэтных спраў? Але, можа, гэты ўрад пайшоў яшчэ далей — дапамог стварэнню новых вайсковых беларускіх злучэнняў? Ці толькі займаўся пастаўкамі рыштунку для вайскоўцаў на ўзроўні маленькага ўкраінскага дабрачыннага фонду?
Зрэшты ўсё гэта пытанні рытарычныя, бо ўсё, на што здатны ў палітычным сэнсе быў гэты «часовы ўрад», гэта на публікацыю трох рэзалюцый (напэўна, хацелася мець аналогію з устаўнымі граматамі), дзе падрабязна распісвалася, што ён збіраецца рабіць пасля таго, як прыйдзе нейкім дзівосным чынам да ўлады, але ніякім чынам не даводзілася тое, як гэта мусіць адбыцца. Проста беларускі народ мусіць неяк паўстаць і прывесці яго да ўлады або рэптылоіды з Нібіру натхніцца беларускай нацыянальнай ідэяй і пашчыраваць у гэты бок.
Ані яснага плана дзеянняў, ані ўцямнага адказу на тое, як супрацьстаяць масавай русіфікацыі, знішчэнню беларускай мовы, выгнанню беларускіх нацыянальных творчых эліт. І дзе тут тады падстава для маральнай перавагі і сцвярджэння сябе ў якасці флагмана «нацыянальнага адраджэння»? Апрача агрэсіўнай рыторыкі і пошуку паўсюль агентаў спецслужбаў за ўвесь гэты час не зроблена нават дзясятай долі таго, што робіць «антынацыянальная» «псэўда-апазыцыя».
Я асабіста не ведаю нікога, каму б падобная дзейнасць прыносіла хаця б нейкі плён, апроч тых самых вышэй згаданых спецслужбаў. Цяпер модна звяртацца да гістарычных прыкладаў і шукаць у дзеяннях апанентаў «руку Масквы», якая, маўляў, гуляе такім чынам у свае гульні. Але магу нагадаць пра іншыя гістарычныя прыклады.
Калі маскавіты разбуралі радзіму нашых продкаў, Вялікае Княства Літоўскае, яны таксама дзейнічалі па вернай і праверанай схеме. На любую спробу кансалідацыі антымаскоўскіх сіл, якія дбалі пра захаванне незалежнасці і вольнасці для свайго краю, яны стваралі свае канфедэрацыі, якія тут жа пачыналі абвінавачваць сваіх супернікаў у здрадзе дзяржавы палякам, адрачэнні ад веры і іншых грахах.
Нешта вельмі нагадвае тое, як актывізуюцца і каардынуюцца ў супольную павестку падобныя ж сілы ў нашыя часы. Для іх ужо галоўны вораг не лукашэнка і яго гаспадары, а «псэўда-апазыцыя», якая «няслушна» змагаецца за дэмакратыю і ніяк не прывядзе беларускі народ да перамогі. І, канешне ж, у сваёй справе расцярушыць і цалкам дэфрагментаваць дэмакратычнае палітычнае поле, якое супрацьстаіць імперскай экспансіі Масквы і гандлем свабодай і будучыняй беларускага народа, гэтыя рупліўцы стаяць ні на якой іншай пазіцыі, як адстойвання беларускага нацыянальнага інтарэсу… Калі праграма «нацыянальнага адраджэння» не мае нічога супольнага з дэмакратыяй, — для мяне штосьці не так з самой такой праграмай.
Дзякуй богу, наяўная і іншая Стратэгія нацыянальнага адраджэння — «здаровага чалавека». А тыя, для каго правы і свабоды чалавека нешта нязначнае на тле Нацыянальнага Інтарэсу, нічым не лепшыя за тых, з кім яны ўяўна змагаюцца: той жа апантаны фашызм — Дзяржава і Нацыя ўсё, чалавек — нішто, — але з іншым знакам.
Таму з сумам мушу канстатаваць: «што і рэжым Лукашэнкі, і радыкальная права-кансерватыўная апазіцыя — гэта ў дачыненні да нацыянальнай будучыні Беларусі — адно і тое ж. Вольнай нацыянальнай будучыні не будзе. Тут два бакі аднаго медаля. Адпаведна, адносіны да іх — аднолькавыя». А Святая кніга не дае памыліцца ў тым, каб яшчэ раз не пераканацца ў слушнасці думкі: «не рабі сабе куміраў… не пакланяйся ім і не служы ім».
Таму, відаць, давядзецца адмаўляцца ад куміраў маладосці. Памятаючы, што ніякія ранейшыя заслугі перад нацыяй не ратуюць ад сур’ёзных памылак і здрады ў будучыні. Анры Філіп Петэн не дасць схлусіць.
Каментары
Ок, а мінусы будуць?
- Элеанора Рузвельт.
Вось і гэты філосаф добра прадэманстраваў свой памер.