Меркаванні1111

Навошта Трампу Лукашэнка?

Адказ на гэтае пытаньне — хіба самы цікавы момант візіту Кіта Келага ў Мінск. І самы загадкавы. Піша палітычны аглядальнік «Свабоды» Юры Дракахруст.

Дональд Трамп. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

Напярэдадні візыту спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША ў пытаньнях Украіны Кіта Келага паведамлялася, што галоўнай яго тэмай будуць пытаньні бясьпекі. І што ў гэтых пытаньнях Аляксандар Лукашэнка можа (мог бы) даць Дональду Трампу?

Перамовы ў трохкутніку Вашынгтон-Масква-Кіеў відавочна ў тупіку. Безумоўна, Лукашэнка вельмі залежны ад Крамля. Васал, як кажуць некаторыя, але ня раб. Перамаўляцца зь кіраўніком Чачні Кадыравым ці кіраўніком расейскай акупацыйнай адміністрацыі Данецкай вобласьці Пушыліным амэрыканцам і ў галаву не прыйшло б.

З Лукашэнкам — прыйшло. Усё ж асобная юрысдыкцыя, як было сказана падчас крызісу зь мяцяжом Прыгожына. Плюс вельмі шчыльныя асабістыя адносіны Лукашэнкі з Пуціным. Да таго ж ёсьць пэўныя асаблівасьці пазыцыі.

Беларуская армія ня ўдзельнічае ў расейскай вайне з Украінай.

У Беларусі шмат гадоў (2015-2022) вяліся перамовы паміж Украінай і Расеяй у межах Менскага мірнага працэсу, Лукашэнка, на чыёй тэрыторыі тыя перамовы адбываліся, ведае шмат тонкасьцяў гэтага ўзаемадзеяньня, менш вядомых іншым.

Калі сытуацыя ў тупіку, то вывесьці яе з гэтага стану можа і імпульс, ход, які невідавочна, негарантавана паляпшае расклад. Але які проста выводзіць з тупіку, павышаючы няпэўнасьць, павялічваючы рызыкі, але і адкрываючы новыя магчымасьці.

Гэта цалкам упісваецца ў палітычны стыль Трампа. Падобным крокам былі ў свой час сэнсацыйныя перамовы Трампа з Кім Чэн Ынам. Ход, які парушае звыклую раўнавагу, якая не задавальняе. Плёну ад таго ходу было няшмат. І не магло прынесьці плёну? А вось гэта ня факт. Трамп тады паспрабаваў.

Дык і зараз, магчыма, проста вырашыў паспрабаваць — увесьці ўва ўраўненьне новую пераменную. Ня вельмі значную, але і ня роўную нулю.

Вывесьці Лукашэнку з расейскай арбіты наўрад ці ставілася за кароткатэрміновую мэту. І што значыць вывесьці? Каб Беларусь выйшла са шматлікіх саюзаў з РФ? Гэта недасягальна. Але сам па сабе факт аднаўленьня асобнай камунікацыі, дыялёгу Менску з Вашынгтонам крыху пашырае для Лукашэнкі прастору для геапалітычнага манэўру і аслабляе залежнасьць ад Масквы.

Заляцаньні Лукашэнкі да Кітаю таксама не прадугледжваюць «здрады» Расеі.

Але самой сваёй наяўнасьцю гэтыя адносіны пашыраюць магчымасьці манэўру для Лукашэнкі і ўскосна аслабляюць залежнасьць ад Масквы.

У выпадку паляпшэньня адносінаў Менску з Вашынгтонам аслабленьне залежнасьці ад Расеі можа аказацца ня мэтай, а такім жа ўскосным, пабочным наступствам.

Наўрад ці вынікам перамоваў Келага ў Менску стане перанос асноўных перамоваў паміж Кіевам і Масквой у Беларусь. Але пляцоўкай для перамоваў па пэўных пытаньнях, скажам, у абмене палоннымі Менск можа і стаць. Гэтыя абмены празь Беларусь апошнім часам пераважна і ажыцьцяўляюцца.

І рэч ня ў тым, што гэтыя перамовы немагчыма весьці ў іншым месцы. Але згода на Менск — на гэта ў прынцыпе магла б пагадзіцца Ўкраіна, і гэта расцаніла б як крок насустрач ёй Масква. У прынцыповых пытаньнях бакі не гатовыя ісьці насустрач адзін адному. У гэтым — маглі б, і гэта магло б стаць дэманстрацыяй хоць нейкага прагрэсу на перамовах.

Роля Лукашэнкі неабавязкова прадугледжваецца менавіта такая. Але такога кшталту — ад яго могуць чакаць нейкіх крокаў, якія б хоць у нечым зблізілі Маскву і Кіеў.

Не атрымаецца нічога з гэтых пражэктаў — ну значыць, не атрымаецца. Вялікай бяды ад спробы ня будзе.

А некаторыя станоўчыя вынікі, хай і невялікія, могуць быць і нават ужо ёсьць — 14 вызваленых палітвязьняў, напрыклад. Як было адзначана, паляпшэньне адносінаў Вашынгтону зь Менскам прывядзе да пэўнага аслабленьня залежнасьці беларускай дыктатуры ад Масквы.

На думку Эўропы, такая палітыка можа тую дыктатуру ўмацаваць. Але ў Трампа сваё бачаньне. Яшчэ ў студзені сёлета выбары ў Беларусі асудзілі ўсе эўрапейскія сталіцы. А Дзярждэпартамэнт толькі абранага ў Белы дом Трампа красамоўна прамаўчаў.

Калі можна размаўляць з Пуціным, дык чаму нельга з Лукашэнкам?

Часам выхад з тупіку нават пагаршае сытуацыю. Але стан тупіку ён прынамсі ліквідуе.

Каментары11

  • Идиотский вопрос
    22.06.2025
    Зачем Лукашенко нужен Путину? Потому как у Беларуси стратегическое географическое положение. Только узколобые это не утямили с 1994 года и продолжают самоуничижение.
  • FF
    22.06.2025
    Для чаго ўсё, гэта перш за ўсё трэба Беларусі і Украіне
  • Пакуль блазны смяяліся
    22.06.2025
    Пазняк меў рацыю

Цяпер чытаюць

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»12

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп увёў 25‑працэнтныя мыты для кожнай краіны, якая вядзе бізнэс з Іранам5

Дзе была зніклая Яна ў свой апошні дзень і дзе яе знайшлі КАРТА11

Анатоль Вайцяхоўскі спакойна прыехаў у Беларусь рэйсавым аўтобусам7

«Такіх скоцкіх адносін, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Пенсіянерка Алена Гнаўк расказала, як з яе здзекаваліся за кратамі6

На БТ заявілі, што шпіён Уладзімір Усер пісаў з Польшчы ў камісію па вяртанні6

Расійскі дыпламат, які загінуў на Кіпры, хутчэй за ўсё, працаваў на ГРУ. Магчыма, ён хацеў перабегчы на Захад1

Расійская разведка рэзка наехала на канстанцінопальскага патрыярха23

Мая Санду выступіла за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй15

Іранскія ўлады навязваюць кантакты з кіраўніцтвам ЗША2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»12

Трамп заклікаў іранцаў захопліваць дзяржаўныя будынкі. «Дапамога ўжо блізкая!»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць