«Майстар прыйшоў і папрасіў выдаліць відэа з тыктоку». У Магілёве на даху шматпавярховіка ўтварыўся вялікі басейн
Мясцовыя жыхары кажуць, што праблеме з ліўнёўкамі не адзін год, вада залівае кватэры, але ніхто нічога з гэтым не можа зрабіць.

На даху дзевяціпавярховіка па Дняпроўскім бульвары ў Магілёве ўтварыўся сапраўдны басейн. Там забілася ліўнёўка, і вады набралася відавочна вышэй, чым па калена.
Адзін з жыхароў кажа, што праблеме ўжо 3-4 гады. Пасля моцных дажджоў звычайная панэлька ператвараецца ў «элітнае жыллё» з басейнам на даху. Але людзям не да смеху: вада ў выніку затоплівае кватэры. Камунальнікі не могуць з гэтым нічога зрабіць, але просяць выдаляць відэа з тыктока.
«Праблема працягваецца ўжо 3-4 гады. Тры гады мы сварыліся і змагаліся, каб нам змянілі дах, у кватэры падчас дажджоў быў вадаспад. Было выдаткавана шмат сіл, часу і грошай на аднаўленне рамонту ў кватэры. Цяпер з-за непраходнасці ліўнёўкі на даху пастаянна збіраецца «басейн», — напісаў мясцовы жыхар.
Яго відэа сабрала больш за 450 тысяч праглядаў у тыктоку. І справай зацікавілася выданне «Магілёў Онлайн». Калі журналісты прыбылі на месца, ваду з даху ўжо адкачалі. Але яна зноў затапіла кватэры.
Жыхар адной з кватэр Павел распавёў, што праблема пачалася яшчэ ў 2021 годзе.
«У тым годзе напярэдадні Новага года былі дажджы. Наш дах не вытрымаў нагрузкі і пусціў ваду. Была выклікана аварыйная служба, якая проста развяла рукамі і сказала: чакайце пакуль пройдуць дажджы. У выніку працякала аж да сярэдзіны студзеня», — успамінае магілёвец.
Людзі скардзіліся ў розныя інстанцыі, але ў адказ ім раілі чакаць, пакуль усё само прасохне. Аднак асадкі маюць звычку выпадаць зноў і зноў на працягу года. І добра, калі б пакутаваў толькі адзін дах, але вада ішла ў кватэры на верхнім паверсе, псавала рамонты і мэблю, у жыллі ўтваралася цвіль. У выніку жыхары дома пакутавалі ад гэтай праблемы некалькі гадоў.
У верасні 2023 года ў доме пачалі рамантаваць дах і ліўнёўкі. Пасля работ усё супакоілася: вада перастала працякаць у кватэры. Аднак ненадоўга. На днях утварыўся той самы «басейн на даху», а затым вада зноў пайшла ў кватэры.
«У пятніцу, 20 чэрвеня, адбылося жахлівае: зноў пачало заліваць. Вечарам пасля працы я зайшоў у кватэру і адразу адчуў пах «мокрых сцен». Пачаў аглядаць кватэру і быў у жаху — заліло кухню, калідор, два жылыя пакоі…» — кажа Павел.

За выходныя, 21 і 22 чэрвеня, па словах магілёўца, на месца прыязджалі спецыялісты, якія спрабавалі пачысціць ліўнёўку, але без выніку. Сказалі чакаць рабочых, якія адкачаюць ваду помпай.
«У выходныя ніхто не прыязджаў, працёк узмацніўся, ускочыў ламінат у жылым пакоі, правісла нацяжная столь, стала збоіць электрыка і праводка ў калідоры і ў жылым пакоі. У панядзелак раніцай прыйшоў майстар па ўчастку, ацаніў кватэру і папрасіў выдаліць відэа з тыктоку, на што мы адказалі адмоўна.
Але самае цікавае, што з 9:00 да 15:30 (за 6 з паловай гадзін) ніхто з рамонтнікаў так і не прыйшоў, увесь гэты час вада працягвала паступаць да нас у кватэру. Затым дах ачысцілі ад вады, замяніўшы калена ліўнёўкі.
У старым калене былі булыжнік і нейкае смецце, якое замінала правільнай працы ліўнёвай каналізацыі. Уся вада паспяхова рушыла ў падвалы жыхароў і затапіла іх», — распавядае Павел.
Мужчына сумняваецца, што рамонту ліўнёўкі хопіць надоўга. Акрамя таго, магілёвец задаецца пытаннем: хто будзе кампенсаваць час і грошы, якія ён патраціў на кватэру? А таксама як яму жыць далей, не перажываючы кожны раз падчас дажджу, што яго зноў затопіць.
Каментары